Паводле закону, Міхаіл Чыгір мог адмовіцца сьведчыць на працэсе над сынам, але былы прэм’ер ня стаў адмоўчвацца. Пытаньні яму задавалі прадстаўнік пракуратуры і адвакаты. Спачатку пракурор удакладніў, ці належалі Чыгірам гаражы, якія фігуруюць у крымінальнай справе. Усяго там фігуруюць пяць гаражоў. Міхіал Чыгір пацьвердзіў, што два зь іх былі аформленыя на ягонае імя, адзін на імя жонкі, адзін належаў старэйшаму сыну Аляксею і адзін – Аляксандру, якога цяпер судзяць як магчымага выкрадальніка аўтамабіляў і незаконнага прадпрымальніка. У гэтых гаражах было шмат розных запчастак да аўтамабіляў, якія ў розны час належалі Чыгірам, пацьвердзіў былы прэм’ер.
Пра свайго сына ён паведаміў суду, што той з сярэдзіны 1990-ых гадоў пачаў зарабляць грошы рамонтам аўтамабіляў, а таксама купляць бітыя ці старыя аўтамабілі, разьбіраць іх на запчасткі і прадаваць на рынку. Грошы для пакупкі аўтамабіляў сыну часта давалі бацькі. Усяго гэтак яму было перададзена да 40 тысяч даляраў, заявіў суду Міхаіл Чыгір. Паводле яго, сын плянаваў стварыць сумеснае прадпрыемства для гандлю запчасткамі з польскімі партнэрамі. Дзеля гэтага ён шмат часу праводзіў у Польшчы, а ў Беларусі як прыватны прадпрымальнік не рэгістраваўся, бо "з прозьвішчам Чыгір бізнэса ў Беларусі ня зробіш", – гэтак заявіў суду Міхаіл Чыгір. У якасьці прыкладу ён распавёў пра шматлікія праверкі на фірме, дзе сам працуе, і пра лёс сыноў, адзін зь якіх, Аляксей, быў вымушаны папрасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне, а супроць малодшага Аляксандра ўзбудзілі крымінальную справу. "Я папярэджваў сына, што гэта можа адбыцца і, на жаль, меў рацыю", – заявіў суду Міхаіл Чыгір.
Таксама ён падрабязна распавёў пра тое, што бачыў у гаражы сына пасьля ягонага арышту. Паводле Міхаіла Чыгіра, сьледчыя праніклі ў гараж свавольна, бязь сьведкаў, уначы. Такім чынам, ён не выключае, што доказы віны сына здабываліся незаконна.
Міхаіл Чыгір па-ранейшаму перакананы, што справу супроць ягонага сына сфабрыкавалі. Але сёньня ў судзе ён гэтага не заяўляў, бо спадзяецца, што адпаведную выснову суд зробіць сам. Экс-прэм’ер спадзяецца на нейкія новыя падзеі на працэсе. Што ён мае на ўвазе, удалося высьветліць пасьля допыту. Міхаіл Чыгір распавеў мне пра аднаго пацярпелага ў гэтай справе, які нібыта паведаміў, што гатовы сказаць праўду наконт апазнаньня дэталяў сваёй машыны ў гаражы Чыгіра. Але гэты пацярпелы ставіць умову:
(Чыгір: ) "Як Чыгір мне кампэнсуе кошт майго аўтамабіля, то я распавяду, як на самой справе ўсё было, як апэратыўнік сказаў, у які бокс пайсьці і што пазнаць. Але я перадаў яму праз знаёмага, што хай пакуль ня позна ідзе ў суд і сам распавядзе праўду. Бо наступіць час і за ранейшую няпраўду прыйдзецца адказваць, і адказваць сур'ёзна".