Канстытуцыя Беларусі дэкляруе шмат правоў прадстаўнікам нацыянальных мяншыняў, але чаму хапае скаргаў на тое, што ў Беларусі цяжка вызначыцца прадстаўнікам некарэннай нацыі? Праблемы забесьпячэньня правоў нацыянальных мяншыняў у Беларусі адмяркоўваюць лідэр аб’яднаньня грузінаў Горадні Элгуджэ Манія і журналіст Алег Грузьдзіловіч. Госьць праграмы кажа:
(Манія: ) “Шмат хто пакутуе, працу не знаходзяць, добрага жыльля няма, жывуць ў сваякоў прымакамі… Былі спадзяваньні, што мы тут у Беларусі знойдзем другі дом, але для многіх — гэта ілюзія. У рэшце рэшт 6 сем’яў, блізу 25 чалавек, мы назад у Грузію адправілі. Дапамог камітэт ААН у справах бежанцаў. А куды людзям падзецца? Я таксама свайго кутку дагэтуль ня маю, нават прапісацца да брата ня можам, бо нас 6 чалавек”.
Лідэр аб’яднаньня гарадзенскіх грузінаў Элгуджэ Манія прыехаў у Беларусь з Абхазіі, дзе пачаласяся вайна паміж карэнным насельніцтвам — абхазамі і грузінамі. Такім чынам, на радзіме ён ужо быў прадстаўніком нацыянальнай мяншыні і на сабе зьведаў, што гэта азначае, калі людзьмі кіруе не закон, а нянавісьць. Паводле майго суразмоўцы, у Беларусі становішча нацыянальных мяншыняў усё ж іншае. Тут і закон больш пасьлядоўна адстойвае іх правы, і стаўленьне людзей адрознае — да чалавека зь іншым колерам валасоў ды скуры няма варожасьці.
Аднак Элгуджэ Манія вымушаны быў прызнаць, што за тыя 10 гадоў, якія ён жыве ў Беларусі, яе карэнныя жыхары паводле ягоных назіраньняў ня сталі больш талерантнымі, хутчэй менш. “Сказваецца тое, што ў Беларусі людзі шмат глядзяць расейскую тэлевізію. Асобнае стаўленьне да прадстаўнікоў з Каўказу, якое культывуецца ў Расеі, уплывае і на становішча ў Беларусі”, — зазначыў Элгуджэ Манія. Ён шчыра прызнаўся, што часта такія настроі ўскладняюць стасункі паміж людзьмі, вядуць да парушэньня пэўных правоў прадстаўнікоў нацыянальных мяншыняў.
Паводле назіраньняў майго суразмоўцы у Беларусі ёсьць мяншыні быццам больш прывілеяваныя, чым астатнія. Да першых належаць расейцы, палякі, ўкраінцы, да другіх — прадстаўнікі народаў Каўказу і Азіі. Ім, як і грузінам, больш даводзіцца займацца вырашэньнем пытаньняў грамадзянства і пабытовымі праблемамі. У асобнай групе знаходзяцца прадстаўнікі прыбалтыйскіх ды эўрапейскіх народаў, якія звычайна больш адукаваныя і заможныя. Ім лягчэй, лічыць мой суразмоўца. Гэтаксама як і прадстаўнікам першай групы, у якой колькасная перавага. І тут ён мае рацыю.
Прыкладам, расейцаў у Беларусі больш за мільён і перад імі не стаіць праблема захаваньня сваёй мовы ды нацыянальнай культуры. Затое гэтая праблема наўпрост тычыцца беларускіх палякаў, якіх сярод грамадзянаў Беларусі амаль 400 тысячаў — другая па колькасьці нацыянальная мяншыня. Ва ўсёй Беларусі дзейнічае толькі дзьве школы з польскай моваю навучаньня, у навучальных установах польскую мову вучаць толькі 20 тысячаў чалавек. Беларускія афіцыйныя асобы цьвердзяць, што гэта аб’ектыўны ліміт, больш пакуль немагчыма з прычыны недахопу грошай і памяшканьняў, але сытуацыя не зьмяняецца ў лепшы бок цягам апошніх пяць гадоў.
Асобная тэма — як рэалізуюцца правы на грамадзкую і культурніцкую дзейнасьць. Усяго ў Беларусі жывуць прадстаўнікі больш за 140 народаў, але толькі 22 зь іх маюць свае нацыянальныя зьвязы і аб’яднаньні. Адмыслоўцы адзначаюць, што такіх аб’яднаньняў магло б быць болей, але ня ўсім па сілах вытрымаць выдаткі на ўтрыманьне, а беларуская дзяржава ў гэтым нічым не дапамагае.
Вось што вынікае з расповеду нашага карэспандэнта Віталя Сямашкі, які пабываў на сходзе беларускіх літоўцаў…
(Сямашка: ) “У Лідзе нядаўна адбыліся нефармальныя сустрэчы прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў літоўскай нацыянальнай мяншыні ў Беларусі. Іх зарганізавала ды прафундавала грамадзкае аб’яднаньне “Вілінас дрогіэ” (“Віленскі край”), якое, між іншым, разам зь дзяржаўнымі ўстановамі Літвы займаецца працаю з нацыянальнай дыяспарай у суседніх краінах. У кулюарах шмат гаварылася пра няроўнасьць існаваньня літоўскай дыяспары ў Беларусі і беларускай у Літве. Да прыкладу, у самой Лідзе каля 100 чалавек уваходзяць у аб’яднаньне літоўцаў, трэці год працуе нядзельная школка…”
(Міцукевіч: ) “Але вельмі шкада, што ня маем памяшканьння, дзе пакласьці падручнікі і ўсю літаратуру — намі сабраная вялікая бібліятэка. На жаль, людзі ня могуць ёй карыстацца…”
(Сямашка: ) “…Цьвердзіць старшыня аб’яднаньня спадарыня Міцукевіч. Марына, дарэчы, студэнтка факультэту беларускай філялёгіі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Ёй ёсьць з чым параўноўваць…”
(Сямашка: ) “Да мясцовых уладаў вы зьвярталіся калі-небудзь?”
(Мацукевіч: ) “Мы зьвярталіся, але нам дапамагаюць толькі зь Вільні. Дэпартамэнт нацыянальных мяншыняў аказвае фінансавую падтрымку, а тут у Беларусі мы яе не атрымліваем. У Вільні ёсьць эфір беларускамоўны, аб’яднаньне і школкі беларускія. Я магу сказаць, што беларусы пачуваюцца вальней у Літве, чаго нельга сказаць пра прадстаўнікоў літоўскай мяншыні ў нас”.
(Сямашка: ) “У размову ўступіў спадар Хлябовіч, намесьнік старшыні Лідзкага аб’яднаньня літоўцаў…”
(Хлябовіч: ) “Бар’еры ўзьвялі чыноўнікі нашыя. Чаму гуманітарная дапамога павінная абкладацца пошлінаю? Ну што, калі нейкі спадар хоча дапамагчы суполцы, чаму мы мусім ад тае сумы яшчэ й плаціць дзяржаве, якая нам не дае ані капейкі?! Мы ж не камэрцыйная ўстанова, нічога не вырабляем, не прадаем! Што кепскага, калі іншая дзяржава дапамагае сваім суайчыньнікам?!”
(Сямашка: ) “Інфармуе спадар Арвідас Радж’юнас, сябра Рады грамадзкай арганізацыі “Вілінас дрогіэ”…”
(Раджюнас: ) “Не было ані воднага выпадку, каб якая-небудзь нацмяншыня была ігнараваная і не было прафінансавана іх мерапрыемства дзяржавай або грамадзкімі арганізацыямі як нашая. На Беларусі ж за апошнія 4 гады літоўскія мерапрыемствы, наколькі я ведаю, не фінансаваліся беларускімі ўладамі”.
(Сямашка: ) “Спадарыня Валянціна Драбышэўская прыехала з Радуні, дзе зьяўляецца старшынёй грамадзкага аб’яднаньння “Гінтарас” (“Бурштын”)…”
(Драбышэўская: ) “Літва дапамагае нам — прывозіць адзеньне для дзяцей шматдзетных сем’яў, якія маюць карані літоўскія, дапамагаюць рабіць рамонт, бо ў нас працуе нядзельная школка літоўская, праводзіць розныя сьвяты — зноў-такі грошы не беларускай дзяржавы, а літоўскай. Я б жадала разуменьня, бо суседзі павінныя жыць у згодзе. А зараз, калі Літва ўступае ў Еўразьвяз, гэта будзе праблематычна, бо ўсё мусіць быць на парытэтных умовах. А на сёньняшні дзень дзякуй беларускім уладам хоць за тое, што не шкодзяць”.
(Грузьдзіловіч: ) “…А мы вернемся да нашага гарадзенскага суразмоўцы грузіна Элгуджэ Манія. Як складзецца ягоны лёс і лёс яшчэ амаль 2 тысячаў грузінаў, якія знайшлі прытулак у Беларусі? Родны брат Элгуджэ ажаніўся на беларуске са Шчучына, у іх нарадзіліся дзеці, яны ўжо зь Беларусі ня зьедуць. І гэтак бальшыня тых, хто пусьціў тут карані. Для іх дзяцей намаганьнямі кіраўнікоў аб’яднаньня ў Горадні быў адкрытая грузінская нядзельная кляса, зараз такая сама адкрытая ў Менску.
Але беларуская дзяржава нічым не дапамагае беларускім грузінам хутчэй знайсьці сваё месца ў Беларусі, адчуць сябе патрэбнымі гэтай зямлі. І таму многія грузіны, як і Элгуджэ Манія, плянуюць вяртацца дадому. Нават ня гледзячы на тое, што там іх чакаюць большыя эканамічныя праблемы”.
(Манія: ) “Тут я быццам ног пад сабою ня чую. Магчыма, што паводле прыбыткаў я тут багацейшы за 60% жыхароў, але ўсё адно хачу вярнуцца, што б там ні было”.
(Грузьдзіловіч: ) “І напрыканцы традыцыйна ўзгадаю пра зьніклых беларускіх палітыкаў. На гэтым тыдні Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўкая падалі ў суд на пракуратуру, якая не жадае аднаўляць расьсьледаваньне выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якое адбылося ўжо 1253 дні таму. А Юрыя Захаранку шукаюць ужо 1475 дзён, Зьмітра Завадзкага — 1049 дзён”.