Абаронцы “Ратушы” прапанавалі суду ўдакланіць прычыну прыпыненьня і зрабіць спасылку на адзін з пунктаў артыкула 161 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу. Там гаворыцца, што дадзеную справу немагчыма разглядаць, пакуль у адміністрацыйным судзе ня будзе разгледжана іншая справа.
Нагадаю, упраўленьне юстыцыі выкарыстоўвае той факт, што кіраўніка “Ратушы” сп. Мілінкевіча аштрафавала адміністрацыйная камісія за рызограф, на выкарыстаньне якога няма ліцэнзіі. Але ён падаў скаргу на рашэньне камісіі, бо яго не запрасілі на паседжаньне. Скаргу будзе разглядаць Ленінскі раённы суд празь пяць дзён.
Сёньня судзьдзя абласнога суду Калесьнік пагадзіўся прыпыніць разбор справы па ліквідацыі “Ратушы”. Да таго часу, пакуль ня стане правамоцным рашэньне адміністрацыйнага суда адносна скаргі сп. Мілінкевіча.
(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што Закон атрымаў перамогу. Таму што паводле Закону судзьдзя павінен быў прыпыніць справу. Гэта сьведчыць пра тое, што не заўсёды суд робіць так, як ад яго патрабуе выканаўчая ўлада. А можа і ўлада вырашыла дзейнічаць паводле Закону. Мы лічым, што няма падставаў, каб закрыць “Ратушу”. Што на нас не распаўсюджваюцца законы, якія прызначаны для камэрцыйных арганізацыяў. Мы спадзяемся, што пасьля паседжаньня ў Ленінскім раённым судзе там таксама зразумеюць гэтую памылку”.
Сёньня ў судзе прысутнічалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады і офісу АБСЭ. Кіраўнікам абласнога суда, управы юстыцыі, а таксама міністру адукацыі накіраваў ліст прадстаўнік ААН у Беларусі Ніл Бунэ. Ён зазначае, што “Ратуша” — адзін з партнэраў прадстаўніцтва ААН у Інтэрнэт-праекце. І яе ліквідацыя сур’ёзна ўскладніць ажыцьцяўленьне гэтага праекту на Гарадзеншчыне.