Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ РЫХТУЮЦЦА АДЗНАЧЫЦЬ 125-Я ЎГОДКІ МАСТАКА КАЗІМЕРА МАЛЕВІЧА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Да сьвяткаваньня 125-х угодкаў усясьветна вядомага мастака Казімера Малевіча ў Віцебску рыхтуюцца зусім ня так шумна, як да “Славянскага базару”. Цэнтар сучаснага мастацтва рыхтуе вечарыну з удзелам расейскіх ды замежных крытыкаў ды абмежаваным колам гледачоў, навукоўцы выпускаюць адмысловы зборнік навуковых артыкулаў…

А шараговыя віцябляне толькі абыякава паглядаюць на абстрактны росьпіс вось гэтага дому па вуліцы Леніна — яго зрабілі колькі год таму віцебскія мастакі ў памяць пра ўсясьветна вядомага Казімера Малевіча, аўтара “Чорнага квадрату” ды рэвалюцыйна-мастацкай тэорыі абстрактнага жывапісу пад назвай “супрэматызм”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, што гэта за малюнак вось тут на муры?”

(Хлопец: ) “Абстракцыя нейкая…”

(Дзяўчына: ) “Уяўленьня ня маю! Нават не заўважала ніколі, калі шчыра!”

(Карэспандэнтка: ) “А ці гаворыць вам што-небудзь імя “Казімер Малевіч”?”

(Дзяўчына: ) “Мала што пра яго ведаю”.

(Хлопец: ) “Так, гаворыць…Чуў, у школе пра такога гаварылі. Здаецца, ён… як гэта… Абстракцыяніст, намаляваў чорны квадрат, не?”

(Карэспандэнтка: ) “А ніякіх суадносінаў паміж гэтым імём ды малюнкам на гэтым доме ў вас не ўзьнікае?”

(Хлопец: ) “Можа, ён жыў у гэтым доме?..”

У гэтым доме Казімер Малевіч ня жыў ніколі. Затое тут нарадзілася ягоная дачка Уна, якую ён назваў сугучна з назваю суполкі “УНОВИС” — “Сьцьвярджальнікі новага мастацтва”… І дзякуючы гэтаму, як бы цяпер сказалі, мастацкаму праекту, тагачаснае творчае жыцьцё 20-х гадоў зрабіла Віцебск вядомым на ўвесь сьвет.

Гаворыць дырэктарка віцебскага Цэнтру сучаснага мастацтва Валянціна Кірылава:

(Кірылава) “У Віцебску Казімер Малевіч правёў вельмі важную частку свайго жыцьця. Ягоная тэорыя супрэматызму, якую ён адкрыў сьвету, — ягоныя працы тут упершыню былі выдадзеныя, надрукаваныя. І тут яму ўдалося сваю тэорыю прыкласьці на пэдагагічнай практыцы.І ягоныя працы “34 малюнкі”, якія тут таксама былі выдадзеныя, сталіся тым самым фундамэнтальным прыкладам, узорам, якім сёньня кіруюцца ўсе навучальныя ўстановы, дзе вывучаюць клясычны авангард. Ня толькі ў Віцебску, але па ўсім сьвеце”.

(Карэспандэнтка: ) “На жаль, віцябляне занадта мала ведаюць пра творчасьць ды асобу Казімера Малевіча. Ці дастаткова зроблена ў Віцебску дзеля ўшанаваньня ягонае памяці?”

(Кірылава: ) “Недастаткова. Гэтаму пытаньню варта было б надаць болей увагі…”

Спадарыня Кірылава распавяла, што ў гэтым самым будынку, дзе цяпер месьціцца Цэнтар сучаснага мастацтва, і дзе калісьці працавала мастацкая вучэльня, у якой выкладаў Казімер Малевіч, плянуецца адкрыцьцё часовай экспазыцыі, прысьвечанай ягонай творчасьці. Але ня сёлета, а толькі недзе праз два-тры гады. І зусім ўжо ў непрадказальнай будучыні плянуецца ў Віцебску адкрыцьцё музэя Казімера Малевіча. Плянуецца яно ў спадзяваньні на вялікую дапамогу фундатараў, бо ніводнай карціны славутага мастака няма ня толькі ў Віцебску, які ён праславіў на ўвесь сьвет, падобна Марку Шагалу, але й на ўсёй Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG