На пытаньне, ці патрэбна пакідаць ільготы для міліцыянтаў і чыноўнікаў, бальшыня апытаных мінакоў адказвалі адмоўна. Аднак некаторыя сярод іх выказалі меркаваньне, што пазбаўляць ільготаў каго б там ні было, трэба не агулам, а выбарна. Вось іхныя выказваньні.
(Спадар: ) “Ільготы трэба здымаць з тых, хто добра зарабляе. І кожны канкрэтны выпадак трэба разглядаць асобна”.
(Спадарыня: ) “Тое, што ня ўсім гэтыя ільготы патрэбныя, дык гэта дакладна. Чыноўнікам, міліцыянтам гэтыя ільготы трэба скасаваць. Але ня так, што зусім, а прывесьці ў адпаведнасьць з узроўнем нейкай часткі насельніцтва”.
(Спадарыня: ) “Трэба глядзець — можа і ў вялікіх гэтых чынах камусьці надта ўжо кепска”.
(Спадарыня: ) “Ёсьць розныя катэгорыі чыноўнікаў, і з усіх разам здымаць нельга”.
(Спадар: ) “Як яны будуць выконваць свае службовыя абавязкі, калі іх усяго гэтага пазбавіць? Гэта трэба вырашаць удумліва і, як у нас любяць казаць, памяркоўна. Бо з дуру добрых дроў наламаць можна”.
Але бальшыня маіх сёньняшніх суразмоўцаў заявілі, што скасоўваць ільготы якраз трэба і пачынаць зь міліцыянтаў і чыноўнікаў. Што гэтыя катэгорыі грамадзянаў не павінныя мець большыя сацыяльныя прывілеі, чым іншыя людзі, якія сапраўды маюць у гэтым патрэбу. Вось іхныя аргумэнты…
(Спадар: ) “Я лічу, што найперш трэба скасаваць ільготы ў міліцыянтаў і іншых ведамасных чыноўнікаў. Бо іхныя льготы мусяць аплачваць іхныя міністэрствы й ведамствы, а не ўсе грамадзяне краіны”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што найперш ільготы трэба здымаць з чыноўнікаў, бо гэта забясьпечаныя катэгорыі насельніцтва”.
(Спадарыня: ) “З чыноўнікаў? Я думаю, што трэба. Хопіць ім ужо “хапаць” — як у народзе кажуць”.
(Спадарыня: ) “Ну, канечне, з чыноўнікаў трэба здымаць перш за ўсё. Таму што іх у краіне вельмі шмат, вось зь іх ільготы здымаць і трэба”.
(Спадарыня: ) “Усе мусяць быць роўныя, у тым ліку і паліцыянты, і чыноўнікі. Інакш гэта будзе сацыяльна несправядлівасьць”.
(Спадарыня: ) “У чыноўнікаў ільготы трэба забіраць таму, што яны нядрэнна жывуць. Паглядзіце, што робіцца — колькі машынаў. Усе едуць, а мы ходзім пехатою. Бедны люд быў, ёсьць і, пэўна, будзе”.
Гэта былі выказваньні мінакоў на вуліцах Менску пра патрэбу захоўваць сацыяльныя льготы для міліцыянтаў і чыноўнікаў.