Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ АД СЛУЖБЫ Ў ВОЙСКУ ЎХІЛЯЮЦЦА 115 ПРЫЗЫЎНІКОЎ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Вось што паведаміў на гэты конт нашаму радыё начальнік аддзелу прызыву вайсковага камісарыяту Менскай вобласьці падпалкоўнік Сяргей Маслоўскі:

(Маслоўскі: ) “У нас праводзіцца вельмі вялікая прафіляктычная праца, і калі юнак ухіляецца ад вайсковай службы, справа перадаецца ў органы пракуратуры, узбуджаецца крымінальная справа і гэты чалавек прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці. Пры паступленьні на вучобу альбо ад’езьдзе за мяжу прызыўнікі не становяцца на вайсковы ўлік у дыпляматычных прадстаўніцтвах. У асноўным з гэтай катэгорыяй прызыўнікоў у нас узьнікаюць праблемы. Па кожным выпадку праводзіцца разьбіральніцтва”.

На Нясьвіжчыне ад службы ў войску ўхіляюцца 10 чалавек. Напрыклад, Ігар Камлач хаваецца з 2000 году. Паводле сьведчаньня сваякоў, ён зьехаў у Расею. Мяркуецца, што ў гэтай жа краіне хаваецца з 2001 году Міхаіл Кудраватых і яшчэ некалькі юнакоў. А прызыўнікі Мысьліцкі, Хітрык і Юрэвіч зьехалі, як удалося высьветліць праваахоўчым органам і ваенкамату, у ЗША і Нямеччыну. Паводле сьведчаньня сваякоў, яны падаліся туды на заробкі.

Вайсковы камісар Нясьвіскага раёну Сяргей Камінскі нядаўна надрукаваў у раённай газэце “Нясьвіскія навіны” артыкул, дзе назваў пайменна мясцовых “ухілістаў”. Ці мела гэта пазытыўны вынік? Вось што адказаў на гэтае пытаньне спадар Камінскі:

(Камінскі: ) “Абураюцца сваякі. То бабулі тэлефануюць, то цёткі, то маці. Але “ўхілістаў” саміх няма. Як вядома, у нас прызыўны ўзрост ад 18 да 27 гадоў. У нас такі закон, што пасьля 27 гадоў ён робіцца шараговым запасу. Вернецца з-за мяжы на радзіму, зь Нямеччыны, з Канады, з Амэрыкі і будзе жыць прыпяваючы”.

Паводле супрацоўнікаў камісарыятаў, “ухілісты” грэбуюць службай у беларускім войску беспадстаўна. А вось меркаваньне на гэты конт лідэра нясьвіскай філіі Маладога Фронту Дзяніса Каўшара:

(Каўшар: ) “Мой сябар адслужыў у войску паўтара году. Ён скрыпач па спэцыяльнасьці й павінен быў іграць у музычнай роце. Але ж ён ці гайкі закручваў у машынах, ці яшчэ нешта такое. Займаўся справай, далёкай ад музыкі. Большасьць маіх знаёмых, якія прайшлі гэтае войска, не задаволеныя тым, што там робіцца ўнутры. Яны кажуць, што гэта згублены час. Войска нічому добраму ня вучыць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG