Перамовы пра памер і працягласьць польскай вайсковай прысутнасьці ў Іраку цяпер ідуць ў Вашынгтоне. Міністар абароны Польшчы Ежы Шмайдзіньскі, які бярэ ў іх удзел, паведаміў напярэдадні, што Польшча, хутчэй за ўсё, будзе кантраляваць гэтак званы паўночны сэктар Іраку, дзе пераважную большасьць насельніцтва складаюць курды. Гаворыць намесьнік міністра абароны Польшчы Януш Зэмке:
(Зэмке: ) “Жаўнеры, якія ўвойдуць у склад польскай дывізіі будуць дэманстраваць прысутнасьць у Іраку кааліцыі, прысутнасьць зарганізаваных узброеных адзінак – гэта вельмі важна. Яны будуць таксама ахоўваць аб’екты, неабходныя для нармальнага жыцьця цывільнага насельніцтва, а таксама, у выпадку патрэбы, падтрымліваць парадак”.
Плянуецца, што ў амаль 9-тысячнай польскай дывізіі саміх палякаў будзе толькі траціна, альбо нават чвэрць. Пакуль невядома, зь якіх дакладна краінаў будуць астатнія вайскоўцы, аднак, як паведаміў прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, сярод іх могуць быць і жаўнеры яшчэ адной суседняй зь Беларусьсю дзяржавы – Украіны.
(Квасьнеўскі: ) “Мы вядзем перамовы з нашымі партнэрамі як з Захаду, так і з Усходу. У склад польскай дывізіі, хутчэй за ўсё, увойдуць украінскія, славацкія і, магчыма, румынскія жаўнеры. Гэта з усходу. Перамовы ідуць і з хаўрусьнікамі па НАТО. Для Польшчы важна, каб у нашай дывізіі былі вайскоўцы таксама і з краінаў Заходняй Эўропы”.
Паводле шэрагу назіральнікаў, прапанова Польшчы такой істотнай ролі ў адбудове паваеннага Іраку сьведчыць аб значным узмацненьні аўтарытэту Варшавы на міжнароднай арэне.
З другога боку, шматлікія заходнеэўрапейскія і асабліва нямецкія экспэрты і палітыкі кажуць, што Злучаныя Штаты штучна падвышаюць значэньне Варшавы, каб такім чынам выклікаць раскол у Эўрапейскім Зьвязе і адначачова пакараць Нямеччыну і Францыю, якія не падтрымалі ваенную апэрацыю ў Пэрсыдзкай Затоцы. Некаторыя газэты нават называюць Польшчу траянскім канём у Эўразьвязе.
У адказ польскія палітыкі заяўляюць, што Польшча папросту намагаецца добра выконваць абавязкі хаўрусьніка ЗША па антытэрарыстычнай кааліцыі. У Варшаве, аднак, згодныя, што цеснае супрацоўніцтва з Вашынгтонам узмацніла пазыцыю Польшчы ў Эўропе і сьвеце. Гаворыць прэм’ер-міністар Польшчы Лешек Мілер:
(Міллер: ) Перакос, які цяпер зьявіўся ва ўнутрыэўрапейскіх дачыненьнях, хутка міне. Пры гэтым варта адзначыць, што ўжо даўно, а можа нават і ніколі Польшча ня мела настолькі моцнай пазыцыі на міжнароднай арэне, як мае цяпер.
Але акрамя плюсаў палітычных, атрымаўшы магчымасьць удзелу ў адбудове Іраку, Польшча будзе мець яшчэ і эканамічныя карысьці – там атрымаюць працу дзясяткі польскіх фірмаў. Варшава спадзяецца таксама вярнуць сотні мільёнаў даляраў, якія рэжым Садама Хусэйна яшчэ 20 гадоў таму адмовіўся выплочваць польскім будаўнікам, што будавалі ў Іраку дарогі.