Прыкладна 20 сацыял-дэмакратаў на чале са сваім лідэрам Міколам Статкевічам прыйшлі апоўдні ў менскі парк імя Янкі Купалы, дзе Фэдэрацыяй прафсаюзаў была арганізаваная сьвяточная маёўка. У ёй удзельнічала некалькі сотняў чалавек.
Апазыцыйныя актывісты разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг з партыйнай сымболікай і пачалі размаўляць з людзьмі. Да іх адразу ж падбег міліцыянт, які запатрабаваў згарнуць сьцяг. Міліцыянт пакінуў сацыял-дэмакратаў у спакоі толькі пасьля таго, як яму патлумачылі, што гэты сьцяг афіцыйна зарэгістраваны. Лідэр Маладых сацыял-дэмакратаў Марына Азаронак так патлумачыла, чаму яна і яе калегі прыйшлі на гэтую маёўку:
(Азаронак: ) "Нашым людзям трэба паказваць. што ёсьць нейкая альтэрнатыва. Таму, што з-за ранейшых байкотаў людзі забылі пра існаваньне іншых, акрамя Лукашэнкі, палітычных сілаў. Апошнія выбары людзям нагадалі, што ёсьць іншыя партыі.
Гэта наша сьвята, і чаму б не прыйсьці. Нам жа не забаронена тут знаходзіцца. А мэта – адзначыць Першамай, хаця ён так нетрадыцыйна праходзіць. Але ж гэта тая старая маёўка, якую раней рабілі".
Да сьвяткаваньня сацыял-дэмакратаў на нейкі час далучыўся вядомы гарадзенскі актор і сьпявак Віктар Шалкевіч. Вось, што ён сказаў:
(Шалкевіч: ) "Для мяне 1 траўня гэта такі дзень, які перадусім зьвязаны з тым, што сапраўды прыходзіць вясна. Я ніколі ў жыцьці не асацыяваў яго са сьвятам міжнароднай салідарнасьці, працы, зарплаты".
Нагадаю, што сябры "Народнай грамады" прасілі, каб гарадзкія ўлады дазволілі правесьці ім 1 траўня ў парку Янкі Купалы партыйны фэстываль. Улады дазволу не далі, затое дазволілі праводзіць там маёўку афіцыйным прафсаюзам з канцэртамі і буфэтамі.
За паўгадзіны да зьяўленьня ў парку сацыял-дэмакратаў, маёўку афіцыйна адкрывалі кіраўнік ФПБ Леанід Козік і намесьнік старшыні гарвыканкаму Міхаіл Пятрушын. Абодва казалі пра важнасьць партнэрства і падтрымкі прафсаюзамі ўлады. На адкрыцьці маёўкі прысутнічаў і ірацкі амбасадар Салман Зэйдан, які ўжо некалькі тыдняў нідзе публічна не зьяўляўся. Ён павітаўся з Козікам ды іншымі чыноўнікамі, але ад размовы з журналістамі ўхіліўся, заявіўшы, што прыйшоў на сьвята як прыватная асоба.
Тым часам ў парку 50-годьдзя кастрычніка сваю маёўку ладзілі прафсаюзы аўтатрактарнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня й радыёэлектроннай прамысловасьці. У ёй удзельнічала каля 500 чалавек. Лідэры гэтых прафсаюзаў Аляксандар Бухвостаў і Генадзь Фядыніч казалі, што сьвята 1 траўня па-ранейшаму застаецца днём міжнароднай салідарнасьці рабочых і барацьбы беларускіх працоўных за свае сацыяльныя правы, якія пастаянна парушаюцца ўладамі. Да прафсаюзных актывістаў далучыліся й камуністы з апазыцыйнай ПКБ.