“Літаратура і мастацтва”, 1933 год, верш Леапольда Родзевіча “Наша радасьць”:
Сярод тэй злыбяды
Акупанскай жуды
Радасьць ёсьць
І для нашага брата
Калі ноччу пад час
Рухам пэўным раз-раз
Раскапаеш падлогу лапатай.
Паглядзеўшы ў бок
Беражліва пачок
Вынімаеш, як нейкую сьвятасьць
І любоўнай рукой
Пачак гладзіш ты той,
А на твары рашучасьць, заўзятасьць.
Пасьля месяца сьвет
Памагае як сьлед
Часьць да часьці сабраць аднастволку,
Прыдаць бляск, абнавіць,
Прыласкаць, палюбіць —
Эх, змагарскіх лятункаў тут колькі!
Але трэба ізноў
Далей вока паноў
Захаваць сваю радасьць і сілу,
Хай ляжыць, ня тужыць,
Будзе партыі кліч,
Паваюем тады люба-міла.
“Беларуская газэта”, 1943 год, “Сьвяткаваньне першага траўня”:
“Першае траўня зьяўляецца сьвятам для працоўных жыхароў Беларусі, і таму ўсе працоўныя ў гэты дзень маюць адпачынак ад працы. З увагі на ваенна-гаспадарскія патрэбы ёсьць канечнасьць, каб некаторыя прадпрыемствы працавалі 1 траўня да 12 гадзіны. Усе прадпрыемствы, якія не працуюць, зьбіраюць свае калектывы а 12 гадзіне на прадпрыемствах, даюць дармовы абед з адмысловага першатравенскага прыдзелу ды маршыруюць да 2 гадзінаў на прызначаныя зборныя пляцоўкі. Адтуль на дэманстрацыю. Прадпрыемствы, якія працуюць да 12 гадзіны, таксама выдаюць дармовы абед і маршыруюць, як сказана вышэй, на месцы збору”.
“Чырвоная змена”, 1963 год, рэдакцыйны артыкул “Агністы сьлед вясны”:
“Дай руку, блізкі і далёкі сябар, я падзялюся з табой сваёй радасьцю, сваім маем! Нельга… У камісарыятах паліцыі правяраюць дубінкі, рассоўваюць па кішэнях сьлёзатачывыя бомбы… У казармах ляскаюць затворы… У натоўпах шныраюць шпікі… Газэты паведамляюць: “1 Мая сьвяткаваць забаронена”. Так, ты яшчэ ня можаш прайсьці са мной поплеч у сьвяточнай калёне, таварыш. Я разумею, у тваёй краіне сапраўдныя гаспадары яшчэ бяспраўныя. Дык уваходзь гаспадаром, Першамай! Цьвіці і красуйся!”