Паводле самых сьціплых ацэнак нямецкіх адмыслоўцаў, толькі ў Беларусі і Ўкраіне колькасьць памерлых у выніку чарнобыльскай катастрофы складае 70 тысяч. Лідэр аўстрыйскіх “зялёных” Бэрнгард Друмэль перакананы, што Эўропа ня можа быць абыякавай як да гэтых лічбаў, так і да ўсяго чарнобыльскага досьведу. Ён яскрава сьведчыць пра тое, што ў выніку выбуху, які адбыўся ў адной дзяржаве, пацярпелі жыхары многіх іншых краінаў.
Найбольшая колькасьць ахвяраў прыйшлася на Беларусь, аднак і ў менш блізкіх да Ўкраіны Нямеччыне, Швайцарыі, Францыі, Аўстрыі, Швэцыі сотні жыхароў захварэлі на рак шчытападобный залозы — хваробу, якая раней у гэтых краях сустракалася надзвычай рэдка.
Як лічыць прафэсар-радыёляг зь Мюнхенскага ўнівэрсытэту Эдмунд Легнфэльдэр, на чарзе іншыя масавыя паталёгіі: напрыклад, сыстэмныя захворваньні крыві, ня кажучы пра зьмены на генным узроўні. Аўстрыйская “Der Standard” прыводзіць прыклады мутацыяў клеткі найпрасьцейшых арганізмаў, якія назіраюцца ў флёры і фаўне 30-кілямэтровай чарнобыльскай зоны.
Стаўленьне Эўразьвязу да падобных экалягічных тэндэнцыяў многія нямецкія і аўстрыйскія адмыслоўцы называюць недапушчальным. Спасылаючыся на зьвесткі, агучаныя аўстрыйскім “Грынпісам”, выданьні пішуць пра пэўную падтрымку ядзернага лобі з боку камісара Эўразьвязу Лаёла дэ Палачыё. Як вынікае з паведамленьня ў “Der Standard”, крэдыты на будаўніцтва заплянаваных АЭС складуць ад 4 да 6 мільярдаў эўра. Больш за тое, ня выключана, што падпісаныя яшчэ ў 1950-х міжурадавыя пагадненьні адносна супрацоўніцтва ў галіне ядзернай энэргетыкі мэханічна ператворацца ў адпаведныя палажэньні агульнаэўрапейскай канстытуцыі.
Тым часам, эўрапейскія эколягі поўныя рашучасьці паўплываць на цяперашні курс ЭЗ у галіне ядзернай палітыкі. На пачатку чэрвеня ў шэрагу гарадоў кантынэнту мусіць стартаваць акцыя пад назвай “Атамная энэргетыка — прэч з Эўропы”. Калі пад зваротам “зялёных” будзе сабрана 100 тысяч подпісаў, гэта дазволіць прадстаўнікам “Грынпісу” ініцыяваць адмысловы рэфэрэндум і такім чынам ўнесьці зьмены ў адпаведнае агульнаэўрапейскае заканадаўства.