Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬПІКЕР ВЯРХОЎНАЙ РАДЫ ЎКРАІНЫ СПАДЗЯЕЦЦА НА РАТЫФІКАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ ДАМОВЫ ПРА МЯЖУ ПАМІЖ ДЗЬВЮМА КРАІНАМІ


Юры Сьвірко, Менск

Сьпікер украінскай Вярхоўнай Рады заявіў у панядзелак у менскім аэрапорце, што цяперашнія міжпарлямэнцкія сувязі паміж дзьвюма дзяржавамі нельга назваць паўнавартаснымі, бо яны будуюцца на ўзроўні асобных дэпутатаў ці камісіяў. Валадымыр Лытвын сказаў таксама, што дэклярацыя аб супрацоўніцтве паміж беларускім і ўкраінскім парлямэнтамі, падпісаная ў 1999 годзе, “сябе ўжо вычарпала”.

Часткова гэтая заява выкліканая старой праблемай у беларуска-ўкраінскіх стасунках — ратыфікацыі Беларусьсю дамовы аб дзяржаўнай мяжы ды вяртаньня ўкраінскіх даўгоў. Нагадаю, што Аляксандар Лукашэнка 5 гадоў таму, 5 траўня 1998 году, публічна паабяцаў: пакуль Кіеў ня верне Менску даўгоў, ён ня будзе накіроўваць на ратыфікацы ю дамову пра беларуска-ўкраінскую мяжу. Летась прэзыдэнты Ўкраіны і Беларусі загадалі ўрадам разьвязаць гэтую праблему да 16 чэрвеня, аднак прэм’еры зрабіць гэтага ня здолелі. Месяц таму, калі сьпікер Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч знаходзіўся ў Кіеве, украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма заклікаў яго да найхутчэйшай ратыфікацыі дамовы пра мяжу і зазначыў, што зьвязаць яе з чымсьці іншым нельга.

На пытаньне Нацыянальнае радыёкампаніі Ўкраіны, ці спадзяецца ён на тое, што ягоны прыезд зрушыць зь месца застарэлае пытаньне ратыфікацыі, спадар Лытвын адказаў гэтак:

(Лытвын: ) “Спадзяюся і хацеў бы, каб гэта было, паколькі мы ня можам быць закладнікамі нашых эканамічных няўзгодненасьцяў, таму што ад гэтага церпяць пляны нашага супрацоўніцтва і мы ня можам вырашыць шэраг іншых пытаньняў, у тым ліку праблему памежнага супрацоўніцтва, праблему зь незаконным абаротам наркотыкаў, незаконнай міграцыяй і гэтак далей. Нам трэба ўрэшце вырашыць гэтае пытаньне ў цывілізаваных межах”.

Аднак яшчэ да гэтай заявы Валадымыра Лытвына сьпікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў пра будучыя перамовы зь ім заявіў:

(Папоў: ) “У маім пляне сустрэчы гэтай тэмы няма, таму што яна толькі тады будзе нас тычыцца, калі мы будзем мець падобнага кшталту праект дакумэнту. Нам такога дакумэнту выканаўчая ўлада ня ўнесла на сёньня, таму няма прадмету для абмеркаваньня”.

Вадзім Папоў дадаў, што зруху ў гэтым пытаньні няма. А Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч пацьвердзіла, што зрух — унясеньне дамовы на ратыфікацыю — будзе толькі тады, калі Ўкраіна верне даўгі. “Як толькі яны, дык адразу й мы”, — зазначыла спадарыня Пяткевіч.

Адметна, што праграма візыту ўкраінскага сьпікера пачалася сустрэчай зь беларускім прэм’ерам Генадзем Навіцкім, які год таму заявіў, што праблему даўгоў амаль разьвязалі й застаўся яшчэ адзін дзень перамоваў. У аўторак Валадымыр Лытвын сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, але апошні ўжо меў чарговую тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны, падчас якой было абмеркаванае пытаньне пра выкананьне ранейшых дамоўленасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG