Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЭДЫЧНЫХ УСТАНОВАХ ГОМЕЛЯ ЗАПІСВАЮЦЬ ДОБРААХВОТНІКАЎ НА БЛІЗКІ ЎСХОД


Казімер Яноўскі, Гомель

Распараджэньне намесьніка міністра спадара Раманенкава высьветліць, ці ёсьць добраахвотнікі для працы ў шпіталях памежных з Іракам краінаў паступіла ў абласную мэдычную ўправу пры канцы сакавіка. Адпаведныя ўказаньні атрымалі ўсе буйныя мэдычныя ўстановы рэгіёну.

Цягам тыдня яны шукалі добраахвотнікаў для паездкі на Блізкі Ўсход дзеля аказаньня гуманітарнай мэдычнай дапамогі ў складзе тэрапэўтычных і хірургічных брыгадаў. Згадваўся і склад гэтых брыгадаў. Хірургічнай — два хірургі, лекар-анэстэзіёляг, адна апэрацыйная сястра, дзьве шараговыя мэдсястры.

Шэсьць адмыслоўцаў патрабуюцца і ў тэрапэўтычныя брыгады. У такой брыгадзе павінен быць, апроч тэрапэўта і трох мэдсясьцёр, дзіцячы доктар і лекар-інфэкцыяніст.

У гарадзкім шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі на паездку пагадзіліся тры мэдсястры. Пра матывы распавядае Галіна Прышчэпа, мэдсястра найвышэйшай кваліфікацыі траўматалягічнага аддзяленьня:

(Прышчэпа: ) “Грашовыя матывы. Я магу ўсё рабіць: і кроў пераліваць, і гіпс накласьці, і перавязкі. Усё што хочаш магу рабіць”.

Пытаюся ў мэдсястры: ці ня боязна ехаць у далёкую краіну, дзе вядуцца баявыя дзеяньні?

(Прышчэпа: ) “Баюся, як і ўсякі нармалёвы чалавек. У нас тут таксама баявых дзеяньняў шмат. Мы і тут рызыкуем. Гэта асабістае рашэньне кожнага”.

Ейная каляжанка Ала Васіленка заявіла наконт паездкі на Блізкі Ўсход:

(Васіленка: ) “Калі мы запісваліся, нас было трое. Хацелася, каб гэта было платна. Каб захаваліся працоўнае месца і заробак”.

Дарэчы, добраахвотнікаў ехаць у Ірак ці суседнія краіны набралася няшмат. Асабліва сярод дактароў. Прычыну патлумачыў начальнік аддзелу кадраў абласной мэдычнай управы Сяргей Савіч:

(Савіч: ) “Скажу шчыра: запісалася нашмат. І вось чаму. Гэта як бы папярэдні запіс. Умоваў паездкі нам ніхто не паведаміў — умоваў аплаты, працягласьці паездкі. Людзі ня могуць адважыцца, ня ведаючы ўмоваў працы. Адна справа працаваць у памежных краінах, іншая, калі прыйдзецца ехаць, дапусьцім, непасрэдна ў Ірак. Там усё-такі вайна, а ў людзей ёсьць сем’і. Аказваць мэдычную дапамогу многія хочуць, але й хочуць ведаць, дзе і калі. І ці будзе аплата — гэта таксама немалаважнае пытаньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG