Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЯСЬВЕТНЫЯ СМІ ПРА БУДУЧЫНЮ ІРАКУ


Аляксей Знаткевіч, Прага

“International Herald Tribune” падкрэсьлiвае, што нягледзячы на разыходжаньнi, ЗША i эўрапейскiя краiны здолелi пераадолець атмасфэру ўзаемных абвiнавачваньняў, якая панавала напярэдаднi iрацкай вайны. Паводле “International Herald Tribune”, Эўропа i ЗША пагаджаюцца, што ААН мусiць адыгрываць важную ролю ў пасьляваенным Іраку, але разыходзяцца ў многiх дэталях.

У той жа час амэрыканская газэта “The Washington Post” пiша, што згоды памiж ЗША i большасьцю эўрапейскiх краiнаў пакуль няма, бо дзяржсакратар ЗША Колiн Паўэл па-ранейшаму кажа, што галоўную ролю ў вызначэньнi будучынi Іраку пасьля вайны мусяць адыгрываць Злучаныя Штаты ды iх саюзьнiкi ў антыiрацкай каалiцыi. Паводле “The Washington Post”, амэрыканская адмiнiстрацыя дагэтуль ня вызначылася, якой будзе роля ААН у Іраку пасьля вайны.

Брытанская газэта “Guardian” увогуле асьвятляе гэтую тэму пад загалоўкам “ЗША i Эўразьвяз жорстка спрачаюцца аб ролi ААН у Іраку”. Паводле “Guardian,” Злучаныя Штаты бачаць ролю краiнаў Эўропы ў тым, каб яны фiнансавалi паваенную адбудову iрацкай эканомiкi. Францыя i Нямеччына, у сваю чаргу, хацелi б, каб iхныя галасы ўлiчвалiся ў вызначэньнi палiтычнай будучынi Іраку.

Іранскае тэлебачаньне паказала выступ прэзыдэнта Ірану Мухамада Хатамi, якi асудзiў вайну ў Іраку. Хатамi заклiкаў краiны антыiрацкай каалiцыi гарантаваць тэрытырыяльную цэласнасьць Іраку i гарантаваць, што будучы ўрад Іраку будзе абiрацца iрацкiм народам паводле прынцыпу “адзiн грамадзянiн Іраку – адзiн голас”. У 1980-я гады Іран сам вёў зь Іракам доўгую i крывавую вайну, але цяпер iранскае кiраўнiцтва адназначна выступала супраць нападу на Ірак.

Алжырскае тэлебачаньне пакзала iнтэрвiю зь лiдэрам нерэлiгiйнай партыi Рэспублiканскi нацыянальны альянс Рэдгам Малекам. Малек назваў вайну ў Іраку “калянiяльным уварваньнем у адкрытай форме”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG