Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПРЫНЯСЕ ВЫГАДУ БЕЛАРУСІ ЦЯПЕРАШНЯЕ ЗЬНІЖЭНЬНЕ СУСЬВЕТНЫХ ЦЭНАЎ НА НАФТУ?


Натальля Раковіч, Менск

Паводле словаў прэзыдэнта аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, у часе ваеннай апэрацыі ў Іраку ўсясьветныя кошты на нафту будуць то падвышацца, то паніжацца, і Беларусь таксама гэтыя хістаньні адчуе. Хоць і набывае нафту толькі ў Расеі, а не працуе наўпрост зь іншымі экспартэрамі.

Падвышэньне коштаў на нафту, гаворыць экспэрт, заўсёды найперш адчуваюць спажыўцы — уладальнікі аўтамабіляў, для якіх бэнзын даражэе. Да таго ж даволі шмат беларускіх прадпрыемстваў выкарыстоўваюць нафту як паліва і пры яе падаражэньні сабекошт прадукцыі ўзрастае.

Але нават калі кошты на нафту зьнізяцца, Беларусь ня выйграе, мяркуе спадар Заіка.

(Заіка: ) “Калі кошты на нафту пойдуць уніз, то гэта праблема для расейскага бюджэту, праблемы выплаты пазыкі. Сытуацыя эканамічная ў Расеі можа пагоршыцца, а гэта 50% нашага экспарта. Расейскі рынак адрэагуе пагаршэньнем агульнай кан’юнктуры. Таму Беларусь губляе і там, і там”.

Леанід Заіка лічыць такое становішча вынікам беларускай зьнешнеэканамічнай палітыкі, аднабаковай зарыентаванасьці на расейскі рынак. Дарэчы, паводле падлікаў экспэрта, на імпарце нафты Беларусь губляе каля 900 мільёнаў даляраў штогод, бо даводзіцца пераплачваць. У той час як пры разьліках за газ Расея ўскосна субсыдуе беларускую эканоміку на мільярд даляраў у год і ў выніку атрымліваецца нуль прыбыткаў.

Дэкан эканамічнага факультэту БДУ Міхаіл Кавалёў сьцьвярджае, быццам расейцы дагэтуль прадавалі ў Беларусь нафту па завышаных коштах. Калі нафта стане таньнейшай, гэта будзе свайго кшталту ўсталяваньнем справядлівасьці, сьцьвярджае спадар Кавалёў.

(Кавалёў: ) “Калі мы ў адной нейкай саюзнай дзяржаве з Расеяй, то Расея беларусам магла б нафту прадаваць не па коштах, якія спэкулятыўна ўзьняліся з-за ўсясьветнай нестабільнасьці, а па нейкіх усярэдненых коштах”.

Атрымаць меркаваньні прадстаўнікоў расейскіх нафтавых кампаніяў мне сёньня не ўдалося — яны адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю на ўсясьветным рынку сыравіны, а таксама ўзаемадачыненьні са сваімі спажыўцамі. Якімі будуць кошты на нафту для Беларусі, яны таксама прадказваць ня хочуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG