Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ДЗЬВЮХ МЕНСКІХ АКРУГАХ ПРАХОДЗІЦЬ ДРУГІ ТУР ВЫБАРАЎ У СТАЛІЧНЫ ГАРСАВЕТ


Юры Сьвірко, Менск

Мікрараён Шабаны, разьмешчаны за кальцавой дарогаю, найбольш занядбаны ў Менску. Нават выйсьці з новай станцыі мэтро “Магілёўская” ў бок Шабаноў складана, бо трэба пераскочыць празь вельмі вялікую лужыну. Ня лепшыя дарогі ў саміх Шабанах, але ў гэты аўторак усе яны ўпрыгожаныя вялізнымі чырвона-зялёнымі стэндамі з расейскамоўнай абвесткаю пра другі тур выбараў, што праходзіць тут 11 сакавіка. Адначасова крамы і жылыя дамы абклееныя ўлёткамі з гэткім тэкстам на тарашкевіцы: “Гэта ня выбары! Ня йдзі! Прададуць і зацягнуць у Расею”.

Аднак змаганьне ў другім туры ў Шабанах адбываецца не паводле палітычных чыньнікаў. Тут канкуруюць намесьніца галоўнага доктара мясцовае паліклінікі Гелена Савіч, якая ў першым туры сабрала амаль 5 тысячаў галасоў, і начальнік мясцовага ж аддзела міліцыі Валеры Шышпаронак, у якога было амаль 3 тысячы. Міліцыянт ідзе ў гарсавет зь лёзунгам: “Жадаеш шчасьця для дзіцёнка — галасуй за Шышпаронка!” Але гэта не дапамагае. Бальшыня тых, каго я апытаў на 24-м выбарчым участку, другі раз галасавалі за доктарку Савіч. Гаворыць прыбіральшчыца Марыя:

(Марыя: ) “А што нам дапаможа, скажыце, Шышпаронак?”

(Карэспандэнт: ) “Усё ж такі доктар лепшы?”

(Марыя: ) “Канечне, лепшы!”

(Карэспандэнт: ) “А Вы думаеце — пераможа?”

(Марыя: ) “Пераможам мы ўсё роўна”.

(Карэспандэнт: ) “А Вы — доктарка?”

(Марыя: ) “Не, я ня доктарка. Я прыбіральшчыца. Я гадую ўнучат сама, адная, без бацькоў. Таму — толькі доктар. А што нам дасьць Шышпаронак?”

Марыя кажа, што атрымлівае 80 тысячаў рублёў на месяц, а спадар Шышпаронак задэкляраваў свой даход за год памерам 41 мільён, таму яна за яго свой голас не аддасьць. На ўчастку спадарыні Марыі на 13 гадзінаў прагаласавала ўжо 13% выбарцаў. Патрэбны для другога туру мінімум — 25%. Мясцовыя арганізатары выбараў упэўненыя, што гэты мінімум пераадолеюць.

Сакратарка ўчастковае камісіі бугальтарка Тацяна Сокал прынесла свае фінансавыя паперы на ўчастак, каб працаваць зь імі тут. Актыўнасьць выбарцаў нізкая, таму спадарыня Сокал кажа:

(Сокал: ) “Мы ў мінулыя выбары — два тыдні таму — свой адсотак практычна зрабілі на тым, што хадзілі па дамах. А сёньня будзем глядзець — мо’ пасьля 4-й гадзіны й пойдзем. Народ прыйдзе з працы”.

Іншыя мэтады працы ўчастковае камісіі ў Трактаразаводзкай акрузе, дзе спаборнічаюць Аляксандар Карцаў, старшыня прафкаму трактарнага заводу, які сабраў больш за 5 тысячаў галасоў у першым туры, ды сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, індывідуальны прадпрымальнік Ігар Шынкарык, якога тады падтрымалі менш за 4 тысячы выбарцаў.

Палац культуры МТЗ, дзе месьціцца два ўчасткі для галасаваньня, сустракае выбарцаў гучнай музыкай... Пад гэтую музыку ў фае на сцэне танчыць дзіцячы ансамбль, пераважна дзяўчынкі да 12 гадоў. Паабапал сцэны — буфэты для выбарцаў, у адным зь якіх гандлююць гарэлкаю. Назіральнік ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Павал Уладзіміраў кажа, што й сябры ўчастковае камісіі пасьля кароткага абеду вярнуліся за працоўныя сталы выпіўшы.

(Уладзіміраў: ) “Ім, відаць, можна — у гэтай краіне ўсё можна. А потым прыехала здымачная група тэлекампаніі СТВ, якую ўзначальвае вядомы ўсім Аляксандар Зімоўскі. Калі мы да іх падышлі й прапанавалі зьняць, што там адбываецца ў гэтым пакойчыку, апэратар мне адказаў вельмі мудра. Ён сказаў: “А навошта мне гэта? Хто ж гэта пакажа?”

Павал Уладзіміраў дадаў, што на ўчастак прыйшла нейкая бабуля, якая скардзілася, што ейным сваякам тэлефанавалі на працу ў цэх трактарнага заводу і патрабавалі йсьці галасаваць, хаця яны прагаласавалі яшчэ раніцай. Паводле словаў спадара Ўладзімірава, такім чынам прафкам заводу забясьпечвае перамогу свайму шэфу. Назіральнік распавёў таксама, што складзены дадатковы сьпіс выбарцаў зь інтэрнату №3, у якім даўно ніхто не жыве — там толькі офісы. Але гэтыя выбарцы прыходзяць і атрымліваюць бюлетэні ў асобным пакоі, дзе сядзіць старшыня ўчастковае камісіі. Я паспрабаваў распытаць аднаго такога выбарца зь інтэрнату, які ня ведаў нават прозьвішча кандыдата ад улады Карцава.

(Карэспандэнт: ) “За каго Вы прагаласавалі?”

(Выбарца: ) “За Кварца!..”

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Емельяновіч: ) “...Малады чалавек! Я Вас папярэджваю афіцыйна: калі ласка, пакіньце межы выбарчага ўчастку!”

Чалавекам, які выгнаў мяне з выбарчага ўчастку, быў старшыня камісіі Ігар Емельяновіч. Зазначу, што Выбарчы кодэкс гарантуе журналістам права прысутнічаць на ўчастках без абмежаваньняў, а інтэрвію з выбарцам я запісваў там, дзе ўчастку ўжо няма — там, дзе танчаць і сьпяваюць дзеці, а дарослыя п’юць гарэлку...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG