Паводле словаў сябра “Народнае грамады” Васіля Ігнаценкі, выбарчыя камісіі знарок імкнуліся не дапусьціць да выбараў тых кандыдатаў ад апазыцыйных партыяў, якія сталіся б рэальнымі супернікамі прадстаўнікоў улады на будучых мясцовых выбарах.
Самога Васіля Ігнаценку абласная выбарчая камісія не зарэгістравала з-за таго, што ў дэклярацыі пра прыбыткі ён запісаў суму рэальна атрыманых грошай пасьля выплаты ўсіх падаткаў. Тым часам іншы прадстаўнік “Народнае грамады”, спадар Габрыель з Навалукамлю, зрабіў наадварот, пазначыўшы суму прыбытку без падаткаў. Аднак выбарчая камісія прызнала няправільным і гэты варыянт запаўненьня дэклярацыі.
Сябра БНФ “Адраджэньне” Кастуся Смолікава гарадзкая выбарчая камісія ўвогуле абвінаваціла ва ўтойваньні прыбыткаў, бо ён не ўказаў свой заробак у якасьці супрацоўніка газэты “Віцебская трыбуна”; між тым, газэта не выходзіць ужо паўгоду, і заробкаў ейныя супрацоўнікі не атрымліваюць.
Шмат праблемаў з афармленьнем дакумэнтаў узьнікла ў апазыцыянэраў-уладальнікаў аўтатранспарту, а таксама ў тых, хто навучаецца завочна — аказваецца, гэты факт разам з указаньнем месца працы трэба было таксама фіксаваць у дакумэнтах.
Дарэчы, вынікі свае працы віцебскія выбарчыя камісіі абвесьцілі толькі сёньня, таму патэнцыйныя кандыдаты ўжо ня мелі магчымасьці падаць новыя дакумэнты або паправіць старыя.
Такім чынам, ад Партыі БНФ “Адраджэньне” зарэгістраваныя толькі 3 кандыдаты з чатырох, ад АГП ды “Народнае грамады” — толькі палова кандыдатаў. Найлягчэй удалося адолець працэдуру рэгістрацыі хіба тым кандыдатам, якія ня ўказвалі сваю прыналежнасьць да апазыцыйных партыяў.