Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПАВІННА СТАЦЬ СЯБРОМ НАТО І ЭЎРАЗЬВЯЗУ, — МЯРКУЕ БНФ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле вынікаў нядаўняга сацапытаньня, праведзенага ў Беларусі на замову Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту літоўскімі сацыёлягамі, 20% насельніцтва краіны выказвае прыхільнасьць да Беларускага Народнага Фронту і ягонай ідэалёгіі. БНФ, як зазначаюць ягоныя лідэры, надалей застаецца партыяй ідэалягічнага кшталту, грамадзкай структурай, якая фармулюе і адстойвае нацыянальныя інтарэсы краіны. Упершыню да такіх інтарэсаў аднесенае і патэнцыйнае сяброўства Беларусі ў Эўразьязе і НАТО. Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Уласна кажучы, з фармуляваньня звышінтарэсу — незалежная Беларусь — і вынікае тое, што мы прапануем у міжнародным пляне, толькі сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе, у НАТО, як у эканамічнай і абарончай структурах, забясьпечыць нам сапраўды незалежную і сапраўды эўрапейскую будучыню. Так, мы адзіная палітычная партыя, якая адназначна, сьмела і бязь нейкіх агаворак акрэсьліла сяброўства ў ЭЗ і НАТО як праграмныя мэты”.

Вінцук Вячорка кажа, што тут БНФ адлюстроўвае настроі, якія ўжо існуюць у грамадзтве, — далучэньне Беларусі да Эўразьвязу вітала бы большая частка грамадзтва — паводле сацапытаньняў, да 60% насельніцтва.

Гэтая праэўрапейская тэза новай праграмы БНФ, на думку яе лідэра Вінцука Вячоркі, зьяўляецца канструктыўным адказам на рэальную пагрозу незалежнасьці кріаны, што склалася ў выніку дзеяньняў цяперашніх уладаў, і на леташні ўльтыматум расейскага прэзыдэнта Пуціна аб фактычным скасаваньні сувэрэнітэту Беларусі.

Вядомы беларускі дыплямат Пётра Садоўскі так ацаніў гэтыя новыя праграмныя тэзы БНФ:

(Садоўскі: ) “Натуральна, у праграме лёгка сказаць, што мы за тое, каб быць у адзінай Эўропе, мы за больш шчыльнае супрацоўніцтва з НАТО. Але самая вялікая праца цяпер наперадзе, каб напоўніць гэтыя тэзысы нейкай канкрэтыкай. Мы становімся краінай, якая будзе межаваць празь некалькі гадоў з Эўрапейскім Зьвязам. І адпаведна на нас будзе ісьці сыстэмны эканамічыны ціск, я маю на ўвазе эўрапейскія стандарты якасьці, квоты, прэфэрэнцыі і гэтак далей”.

На думку Пятра Садоўскага, цяпер БНФ будзе выступаць за новыя супольныя праекты Беларусі з аб’яднанай Эўропай.

У грамадзкай сьвядомасьці склалася перакананьне, што БНФ прымусіць размаўляць усіх па-беларуску, калі прыйдзе да ўлады. Вось як адказаў на гэты штамп грамадзкай сьвядомасьці адзін зь лідэраў партыі Лявон Барчшэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Мы нікога ні ў чым не зьбіраемся прымушаць, але ў нас ёсьць стымулявальныя мэханізмы, як разьвіваць, як падтрымліваць беларускую культуру ў шырокім сэнсе, беларускую мову і мовы нацыянальных супольнасьцяў, якія ёсьць у Беларусі. У нас ёсьць абсалютна дакладна вывераная праграма, якім чынам заахвоціць структуры, людзей, сыстэму адукацыі працаваць на тое, каб беларуская мова ня згінула ў эпоху глябалізацыі”.

Распрацоўнікі новай праграмы Партыі БНФ таксама пакрэсьлілі некалькі іншых важных яе палажэньняў: у галіне дзяржаўнага будаўніцтва яна прадугледжвае вяртаньне Беларусі да прынцыпу парлямэнцкай рэспублікі, абмежаваньне паўнамоцтваў прэзыдэнта прадстаўнічымі функцыямі, а ў эканоміцы новая праграма БНФ сталася больш лібэральнай і рынкавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG