Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЗ ПАЎТАРА ГОДУ МЕЖЫ БЕЛАРУСІ З ПОЛЬШЧАЙ, ЛІТВОЮ І ЛАТВІЯЙ СТАНУЦЬ МЕЖАМІ З ЭЎРАЗЬВЯЗАМ


Юры Дракахруст, Прага

Само запрашэньне 10 краінам уступіць у Зьвяз ня стала сюрпрызам, бо было ўзгодненае папярэдне. Аднак праблемаю застаўся памер фінансавай дапамогі краінам-кандыдатам для іх адаптацыі да жорсткіх умоваў Зьвязу.

На саміце было вырашана, што для канчатковай падрыхтоўкі да ўступленьня 10 краінаў-кандыдатаў атрымаюць ад Зьвязу на працягу трох гадоў фінансавую дапамогу ў памеры 40 мільярдаў эўра. Шэраг зь іх, а перадусім Польшча, дамагаліся істотна большай дапамогі. Аднак пажаданьні краінаў-кандыдатаў сутыкнуліся з жорсткай пазыцыяй цяперашніх сябраў Зьвязу. “Зараз у мяне лішніх грошай няма”, – заявіў Андэрс Расмунсэн, прэм’ер-міністар Даніі. Ён падкрэсьліў, што калі краіны-кандыдаты не пагодзяцца на той аб’ём дапамогі, які прапануецца, то працэс іх далучэньня да Зьвязу зацягнецца на доўгія гады.

Лідэры ўсходнеэўрапейскіх краінаў дамагаліся павелічэньня дапамогі, бо самі знаходзяцца пад моцным ціскам з боку грамадзкай думкі сваіх краінаў, у першую чаргу фэрмэраў, якія не задаволеныя ўмовамі далучэньня, якія прапануе Зьвяз.

Учора чэскія фэрмеры на знак пратэсту перакрылі памежныя магістралі. Аднак у рэшце рэшт заходнія краіны пайшлі на пэўныя саступкі. Яшчэ раніцаю канцлер Нямеччыны Шрэдар казаў наконт фінансавай дапамогі наступнае:

(Шрэдар: ) “Перамовы, зразумела, працягнуцца, аднак Данія, якая старшынюе ў Зьвязе, дала ясна зразумець усім краінам, і гэта стала вынікам ўчарашняга вечаровага дыялёгу, што прадмету для перамоваў больш няма”.

Але пазьней высьветлілася, што прадмет для перамоваў ўсё ж існуе. Як стала вядома, Нямеччына пагадзілася прадаставіць Польшчы ў 2007 годзе дадатковыя субсыдыі ў памеры 1 мільярду эўра.

Прынятая на саміце формула далучэньня да Зьвязу Кіпру можа паспрыяць ўзьяднаньню выспы, якая падзеленая на грэцкую і турэцкую часткі ўжо 28 гадоў. Аб’яўлена, што ў выпадку аб’яднаньня ў траўні 2004 году Кіпр увойдзе ў Эўразьвяз абедзьвюма часткамі. Калі не – сябрам Зьвязу стане толькі грэцкая, больш заможная частка. Для турэцкай часткі выспы шлях у Эўразьвяз ляжыць праз аб’яднаньне.

Напярэдадні саміту вельмі складаным і спрэчным было пытаньне аб пэрспэктывах далучэньня да Эўразьвязу Турэччыны. Якім чынам яно было вырашанае?

На саміце ў Капэнгагене быў дасягнуты цяжкі кампраміс наконт пачатку перамоваў з Турцыяй пра яе далучэньне да Зьвязу. Гэтая перамовы пачнуцца роўна праз два гады. Турцыя, якая настойвала на пачатку перамоваў ужо ў наступным годзе, выказала гранічнае незадавальненьне. Прэм’ер-міністар Турцыі Абдула Гюль назваў гэтае рашэньне дыскрымінацыяй, ён абвінаваціў прэзыдэнта Францыі Жака Шырака ў ціску на краіны Зьвязу, каб адцягнуць пачатак перамоваў.

З другога боку, шэраг палітыкаў абвінавачваюць самую Турцыю ў шантажы Зьвязу. Анкара як сябар НАТО блякуе доступ ваенных праграмаў Зьвязу да рэсурсаў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Аднак, на думку заходніх палітыкаў, добрым знакам ёсьць тое, што нарэшце вызначаны дакладны тэрмін пачатку перамоваў з Турцыяй. Прэм’ер-міністар Велікабрытаніі Тоні Блэр, прынамсі, заявіў:

(Блэр: ) “Упершыню для Турцыі дакладна вызначаны тэрмін пачатку перамоваў. Але важна падкрэсьліць, што няма пытаньня, ці пачынаць перамовы з Турцыяй. Калі яна будзе адпавядаць крытэрам Эўразьвязу, перамовы будуць распачатыя. І гэта вельмі важны крок наперад”.

На саміце таксама было заяўлена, што ў 2007 годзе Зьвяз папоўніцца яшчэ двума сябрамі – Баўгарыяй і Румыніяй.

У выніковых дакумэнтах саміту адзначаны намер пазьбягаць новых падзяляльных лініяў у Эўропе, падкрэсьленае жаданьне пашыраць стасункі зь Беларусьсю, Малдоваю, Расеяй і Ўкраінаю. Падчас саміту Данія прапанавала новую стратэгію адносінаў зь Беларусьсю, Малдоваю і Ўкраінаю, якая атрымала назву “новая суседзкая ініцыятыва”. Міністар замежных справаў Даніі Пэр Стыг Мюлер патлумачыў яе зьмест:

(Мюлер: ) “Мы гаворым аб эканамічнай каапэрацыі, эканамічнай дапамозе, паляпшэньні сацыяльных умоваў, паляпшэньні інфраструктуры і сыстэмы адукацыі – гэта тое, у чым мы можам спрыяць паляпшэньню эканомікаў гэтых краінаў. Я спадзяюся , што мы можам таксама спрыяць стабілізацыі і паляпшэньню дэмакратыі і стану правоў чалавека ў гэтых краінах”.

Аднак пра пэрспэктывы далучэньня гэтых краінаў да Зьвязу гаварылася вельмі цьмяна. Пэўны час таму вялікі розгалас атрымала заява старшыні Эўракамісіі Рамана Проды, што гэтыя краіны ніколі ня змогуць далучыцца да Эўразьвязу. Гэтыя заявы выклікалі крытыку ў краінах самога Зьвязу і ў Капэнгагене сп. Проды знайшоў больш гнуткую фармулёўку, сказаўшы, што захаваньне для любой краіны пэрспэктывы патрапіць у Зьвяз не азначае абяцаньня, што яна туды сапраўды патрапіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG