Арганізатарам візыту 12 беларускіх бізнэсоўцаў на Падляшша ёсьць беластоцкі “Цэнтар грамадзянскай адукацыі Польшча – Беларусь”, які ўваходзіць у склад арганізацыяў-сябраў Беларускага Саюзу ў Польшчы. Гаворыць старшыня Беларускага Саюзу Яўген Вапа:
(Вапа: ) “Візыт беларускіх прадпрымальнікаў адбываецца ў межах праекту супрацоўніцтва малых і сярэдніх прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласьці і Падляскага ваяводзтва, які ёсьць часткай беларуска-польска-брытанскага супрацоўніцтва. Гэты праект прадугледжвае два візыты беларускіх прадпрымальнікаў на Беласточчыну і два візыты беластоцкіх прадпрымальнікаў у Беларусь. Гэтым разам для сустрэчы зь беларускімі бізнэсоўцамі былі абраныя польскія прадпрымальнікі, якія займаюцца прыкладна такой самай дзейнасьцю, як і беларускія госьці”.
Сёньня беларускія бізнэсоўцы сустрэліся з прадстаўнікамі ўладаў Беластоку, у тым ліку з мэрам гораду Рышардам Турам і ягонымі намесьнікамі. У часе сустрэчы былі абмеркаваныя праблемы памежнага супрацоўніцтва, асабліва ў кантэксьце будучага ўвядзеньня Польшчай візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў.
У сваю чаргу, з консулам Беларусі ў Беластоку бізнэсоўцы гаварылі пра юрыдычныя праблемы, якія перашкаджаюць больш актыўнаму супрацоўніцтву беларускіх і польскіх фірмаў.
Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі сустрэліся з кіраўнікамі найвялікшага на Беласточчыне аб’яднаньня прадпрымальнікаў, а таксама наведалі некалькі беластоцкіх фірмаў.
Гарадзенскія бізнэсоўцы, а гэта ў асноўным асобы, якія займаюцца вытворчасьцю, у першую чаргу хочуць пазнаёміцца з умовамі, у якіх працуюць іхныя польскія калегі, ды даведацца пра асаблівасьці рынку суседняй дзяржавы.
Менавіта пра гэта, а таксама пра магчымасьці супрацоўніцтва ў межах эўрарэгіёну “Белавеская пушча” будзе йсьці гаворка і заўтра ў Гайнаўцы, дзе заплянаваны шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі мясцовага бізнэсу.