Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ” І ЖУРНАЛІСТКА ІРЫНА МАКАВЕЦКАЯ ВЫЙГРАЛІ СУД У СЬЛЕДЧАГА ПРАКУРАТУРЫ, ЯКІ ВЁЎ СПРАВУ БАНДАЖЭЎСКАГА


Галіна Абакунчык, Менск

Сьледчы патрабаваў прыцягнуць да адказнасьці газэту за публікацыю журналісцкага расьсьледаваньня Ірыны Макавецкай паводле крымінальнай справы супраць прафэсара Гомельскага ўнівэрсытэту Юрыя Бандажэўскага.

Сьледчы ў асабліва важных справах пракуратуры Беларусі Вячаслаў Цераховіч узначальваў групу, якая дасьледавала крымінальную справу прафэсара Гомельскага ўнівэрсытэту Юрыя Бандажэўскага. Ён сьцьвярджаў, што публікацыяй Ірыны Макавецкай “Белорусская деловая газета” нібыта распаўсюдзіла непраўдзівыя зьвесткі пра хаду сьледзтва й патрабаваў абараніць ягоныя гонар і дзелавую рэпутацыю. Аднак больш пераканаўчымі судзьдзя Ірына Бажко палічыла аргумэнты, прыведзеныя ня сьледчым, але адвакатам падсудных Гары Паганяйлам.

(Паганяйла: ) “Не было ацэнак прафэсійнай дзейнасьці сьледчага. Крытыка прыцягненьня да адказнасьці прафэсара Бандажэўскага, Раўкова й іншых мела палітычна матываваны характар. А палітычныя дыскусіі судам непадведамасныя, таму не было падставаў ставіць перад судом пытаньня абароны гонару й годнасьці. Лёс гэтай справы даўно вырашылі й сьледзтва, і суд”.

Аўтарка артыкулаў Ірына Макавецкая не сумняецца ў тым, што патрабаваньні сьледчага былі неабгрунтаванымі. Гаворыць Ірына Макавецкая:

(Макавецкая: ) “Наконт справы Бандажэўскага, якой я займалася, я перакананая на сто адсоткаў у сваёй праваце. І таму я спадзяюся, што гэтае судовае рашэньне застанецца ў сіле”.

Камэрцыйны дырэктар выданьня Любоў Вашкевіч кажа, што гэтым разам судзьдзя Ірына Бажко разглядала справу грунтоўна й аб’ектыўна. Аднак судовыя рашэньні адносна незалежных выданьняў, і ў прыватнасьці “БДГ”, на думку спадарыні Вашкевіч, не заўсёды справядлівыя.

(Вашкевіч: ) “Так, ёсьць такія рашэньні, якія я лічу несправядлівымі. У гэтым жа Кастрычніцкім судзе слухалася справа, у якой былі ўсе матэрыялы, што пацьвярджаюць, што праўда на нашым баку, а рашэньне суду было такім, быццам ўсё намі напісанае не адпавядае рэчаіснасьці й нічым не падмацаванае. Я не магу казаць пра заангажаванасьць суду, але нейкі ўплыў, вядома, ёсьць”.

Акрамя таго, паводле яе, перасьлед асобных журналістаў і незалежных выданьняў далі падставу асобным грамадзянам скарыстоўваць супрацьстаяньне ўладаў і недзяржаўных мэдыяў на сваю карысьць. Так, на сёньня супраць “Белорусской деловой газеты” выстаўленыя тры грамадзянскія пазовы на агульную суму 180 мільёнаў беларускіх рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG