Прадстаўнік Эўракамісіі заявіў, што ў панядзелак або аўторак, у часе двухдзённага саміту міністраў замежных справаў Эўразьвязу, амаль напэўна будзе ўхваленая забарона ўезду Лукашэнкі а таксама больш за 50 высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў у краіны Эўразьвязу. Міністры маюць намер скласьці сьпіс гэтых асобаў, сярод якіх верагодна знойдуцца найперш усе міністры і іхныя намесьнікі. “Ёсць амаль поўны кансэнсус у тым, каб Лукашэнку і сяброў ягонага ўраду абвясьціць “пэрсонамі нон грата”, заявіў адзін з эўрапейскіх дыпляматаў. Паводле прадстаўніка Эўразьвязу Гунара Віганда, Эўразьвяз спадзяецца, што аналягічнае рашэньне прымуць і краіны-кандыдаткі.
Варта адзначыць, што для ўдзелу ў саміце НАТО не атрымаў візу таксама прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, скампрамітаваны ў сувязі з продажам зброі Іраку. Аднак наогул забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу маюць дагэтуль кіраўнікі толькі дзьвюх краінаў: Зімбабвэ і Бірмы.