Каля 30 актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ прыйшлі сёньня раніцай з кветкамі да помніка Якубу Коласу, каб у дзень 120-годзьдзя паэта ўшанаваць ягоную памяць. Прысутнічалі й родныя Якуба Коласа, а ягоны сын Міхась Міцкевіч выступіў з кароткай прамовай:
(Міцкевіч: ) “Будзем памятаць пра нашых вялікіх пісьменьнікаў. Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і тую магутную пляяду найвыдатнейшых паэтаў — майстроў слова. Хай гучыць слова беларусаў”.
А ўдзень актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай і проста партыі БНФ, Маладога Фронту й Партыі свабоды са сьцягамі, кветкамі ды сьвечкамі прыйшлі да памятнага крыжа ў Лошыцкім Яры. Там у 1930–40 гады бальшавікі расстралялі тысячы людзей. Праваслаўны сьвятар прачытаў малітву за душы загінулых. Пасьля адбыўся памятны мітынг. У ім удзельнічалі каля 100 чалавек.
Гаворыць адзін зь лідэраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай парты БНФ Юрась Беленькі:
(Беленькі: ) “Дарагія людзі! Чаму мы прыходзім кожны год да гэтых сьвятых нашых магілаў? Абсалютная ісьціна — пакуль мы ў сэрцы носім памяць пра гэтыя ахвяры, пакуль носім у сэрцы духоўнасьць і дух нашага народу, да гэтай пары мы будзем жыць”.
А вось словы з выступу ягонага калегі Сяргея Папкова:
(Папкоў: ) “У гэтыя сьветлыя дні мы памятаем усіх нашых продкаў — тых, хто змагаўся за незалежную Беларусь. І гэтая нашая памяць дае магчымасьць адчуць, што мы беларускі народ, і мы ніколі ня зьнікнем”.
Сакратар управы Партыі БНФ Аляксей Кавалец казаў пра пагрозу, якая сыходзіць для беларусаў ад цяперашняй улады:
(Кавалец: ) “Зараз у Беларусі працягваецца панаваньне гэтага рэжыму. Ужо ёсьць забітыя і ў наш час. І трэба нам аб’ядноўвацца, ісьці й браць уладу”.
У Лошыцкім Яры прысутнічала шмат міліцыянтаў, але паколькі мерапрыемства было дазволенае ўладамі, яны не перашкаджалі яго правядзеньню.
Сёньня ж актывісты Партыі БНФ усклалі кветкі да памятнага знаку ахвярам бальшавіцкага тэрору ў парку Чалюскінцаў і на магілы вядомых людзей на Кальварыйскіх могілках.