Урад Польшчы надае вялiкую ўвагу стасункам з Украiнай, называючы гэтую краiну сваiм стратэгiчным партнэрам. Варшава выступае ў якасьцi своеасаблiвага прадстаўнiка Кiеву ў стасунках з Захадам. Таму напружаная палiтычная сытуацыя ва Ўкраiне не магла ня выклiкаць занепакоенасьцi польскага ўраду.
Дзесяць дзён таму, у часе рэгiянальнага эканамiчнага форуму ў Львове, прэм’ер-мiнiстар Польшчы Лешэк Мiлер запрасiў да ўдзелу ў канфэрэнцыi “Ўкраiна ў Эўропе” прадстаўнiкоў украiнскiх уладаў ды апазыцыi.
Паводле спадара Мiлера, у Варшаве ўкраiнскiя палiтыкi маглi б скарыстацца з досьведу польскага “круглага стала” 13-гадовай даўнiны.
Праз некалькi дзён прэзыдэнт Украiны Леанiд Кучма, прамаўляючы ў Кiеве, заявiў, што не патрабуе нiякага пасярэднiцтва, а прапановы Варшавы “нагадваюць спробы ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Ўкраiны”.
Кучма сказаў, што ня возьме ўдзелу ў канфэрэнцыi, аднак накiруе туды прэм’ер-мiнiстра Анатоля Кiнаха, а таксама кiраўнiка сваёй адмiнiстрацыi.
Украiнская апазіцыя абвiнавацiла прэзыдэнта ў нежаданьнi йсьцi на дыялёг, а ў самой Польшчы заява Леанiда Кучмы была ўспрынятая са зьдзiўленьнем. Польскiя афiцыйныя асобы заявiлi, што ўкраiнскi прэзыдэнт, якi быў у часе львоўскага форуму зь вiзытам у Індыi, няправiльна зразумеў прапановы Варшавы i таму гэтак да iх паставiўся.
На мiнулым тыднi адбылася тэлефонная размова памiж Леанідам Кучмам i Аляксандрам Квасьнеўскiм у гэтай справе, а толькi сёньня – за дзень да пачатку канфэрэнцыi – канцылярыя ўкраiнскага прэзыдэнта паведамiла, што ён возьме ўдзел у варшаўскiм форуме.
Аднак пакуль дакладна не вядома, цi пагодзiцца ўкраiнскi лiдэр на спатканьне з прадстаўнiкамi апазыцыi.
Варта дадаць, што ў працы канфэрэнцыi возьмуць удзел кiраўнiк замежнай палiтыкi Эўразьвязу Хавіер Саляна i прэм’ер–мiнiстар Швэцыi Ёран Пэрсан.