Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ГАЛАДОЎКУ ТРЭБА ПЛАЦІЦЬ У БЮДЖЭТ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня Тацяна Жылевіч наведала раённую паліклініку. Лекары канстатавалі зьнясіленьне. Нагадаем, Тацяну Жылевіч затрымалі 17 жніўня за пікет у падтрымку рэлігійных меншасьцяў. За дзень да суду яе зьбілі невядомыя ля пад’езда дома. Тацяна апынулася ў шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай. Пасьля шпіталя яе выклікалі ў суд і там арыштавалі на 10 сутак.

(Жылевіч: ) “Я нічога ня ела ў камэры. Але кожны дзень мне прыносілі пайку. Калі я на шостыя суткі ўжо не магла падымацца і браць тую міску, дзяжурны загадваў, каб адчынялі дзьверы камэры і туды заносілі ежу. Яе кожны раз вылівалі ва ўнітаз, а потым выносілі пустыя міскі, быццам бы я ела гэтую пайку”.

Тацяна Жылевіч, інвалід трэцяй групы, вучыцца ў Лінгвістычным унівэрсытэце на дзённым аддзяленьні. Пачатак навучальнага году яна правяла ў шпіталі і ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Яна лічыць, што насамрэч 10 сутак арышту можна параўнаць толькі з катаваньнем.

(Жылевіч: ) “Я лічу, што тыя дзесяць дзён, якія я правяла ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, можна параўнаць толькі з катаваньнем. Умовы, у якіх нас там трымалі!.. Камэры вельмі маленькія, халодныя. Вокны не зачыняюцца, дзьме вецер. Драўляны насьціл. У камэры восем чалавек. Яны ня могуць зьмясьціцца на гэтым насьціле. Сярод іх вар’ятка, якая ўвесь час размаўляе. Адна бамжыха, у якой вошы, клапы і яшчэ ня ведаю што. Яна кепска выглядае. Увесь час чухаецца, кашляе... Потым нам паведамілі, што яна хворая на сухоты. У камэры было яшчэ дзьве прастытуткі, адна бандытка і жанчыны, якіх арыштавалі за парушэньне правапарадку”.

Адміністрацыя спэцпрыёмніка патрабуе, каб Тацяна і іншыя індуісты заплацілі каля 10 даляраў за харчаваньне. Намесьнік начальніка спэцпрыёмніка Міхаіл Шабанаў так патлумачыў гэта Радыё Свабода:

(Шабанаў: ) “Ну, у нас як кажуць? За ўтрыманьне і харчаваньне. Іх міліцыянты ўтрымлівалі, ахоўвалі. Атрымліваецца недзе каля даляра за дзень яны павінныя заплаціць. Ну, калі не заплацяць, дык мы нічога ня зробім. У нас гэта не адрэгулявана судом. Мы на бюджэце Менгарвыканкаму. Ад нас патрабуюць, каб як мага болей адсоткаў заплацілі ў казну. Абвяшчалі арыштаваныя галадоўку ці не — гэта нікога не цікавіць. Няма разьмежаваньня паміж харчаваньнем і ўтрыманьнем. Прадукты ж мы для іх атрымлівалі.

Канечне, усё гэта сумна. Але тут сядзелі й Шчукін, і шмат сядзела былых дэпутатаў. Усе ведаюць, якія тут умовы ўтрыманьня. Ніхто ж грошай сюды не даваў. Канечне, гэтыя ўмовы ў параўнаньні з Захадам далёкія ад дасканаласьці”.

Сябры індуісцкай суполкі паведамілі Радыё Свабода, што плаціць грошы за ўтрыманьне ў спэцпрыёмніку яны ня будуць. Яны маюць намер падаць скаргу на зьдзек за рэлігійныя перакананьні ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG