Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД КОЗІК АБВІНАВАЧВАЕ БЫЛОЕ КІРАЎНІЦТВА ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ У ЭКАНАМІЧНЫХ ЗЛОЎЖЫВАНЬНЯХ


Міхал Стэльмак, Менск

Антыкарупцыйны тон зьезду задаў Леанід Козік. Цяперашні старшыня Фэдэрацыі выказаў рэзкую крытыку на адрас папярэдняга кіраўніцтва. Паводле ягоных словаў, былыя кіраўнікі Фэдэрацыі зьвязаныя з махлярствамі ў сфэры прафсаюзнай ўласнасьці. У прыватнасьці, вось што ён заявіў на зьездзе:

(Козік: ) "Я мушу прывесьці некалькі прыкладаў таго, што адбывалася ў Фэдэрацыі. Пра іх ведала кіраўніцтва Фэдэрацыі, сябры прэзыдыюму. Абсалютная большасьць рашэньняў было аформлена пратаколамі, дзе зафіксаваныя прозьвішчы сяброў прэзыдыюму, якія прысутнічалі на паседжаньнях. А сябрамі прэзыдыюму, як вядома, зьяўляліся старшыня Фэдэрацыі, яго намесьнікі і кіраўнікі галіновых прафсаюзаў. За гэтыя гады ў Фэдэрацыі было прынята рашэньняў аб адчужэньні прафсаюзнай уласнасьці больш як на 8 мільёнаў даляраў ЗША. Гэта па кошце продажу, які пазначаны ў дамовах. Насамрэч вартасьць аб'ектаў была значна вышэйшаю, і, як паказалі праверкі, да 20 разоў".

Паводле словаў Леаніда Козіка, у многіх выпадках зараз няма сьлядоў прафсаюзных грошай. Старшыня рэвізійнай камісіі Фэдэрацыі Валянціна Манахава намалявала яшчэ больш змрочную карціну парушэньняў, у якіх нібыта вінаватае былое кіраўніцтва. Паводле ейных словаў, большасьць парушэньняў адбывалася у 1990-ыя гады. Прафсаюзны рэвізор агучыла факты гаспадарчых сувязяў Фэдэрацыі з камэрцыйнымі структурамі, якія нібыта нажываліся на прафсаюзнай уласнасьці. Таксама нерацыянальна, як зазначыла спадарыня Манахава, выкарыстоўваліся грошы на рамонт прафсаюзных будынкаў. Прагучала інфармацыя пра неабгрунтаваную перадачу ўласнасьці Фэдэрацыі на карысьць Усеагульнай фэдэрацыі прафсаюзаў. Былое кіраўніцтва было абвінавачанае таксама ў страце Фэдэрацыяй прафсаюзнага банку.

Вялікая частка дэлегатаў сёньняшняга зьезду лічыць гэтыя абвінавачанні надуманымі. Вось, напрыклад, што зазначыў на гэты конт прафсаюзны лідэр Менскага электратэхнічнага заводу Пётр Барысаў:

(Барысаў: ) "Я думаю, што на пачатку трэба "бомба", каб павярнуць зьезд у патрэбнае рэчышча. Вось і уся мараль. Трэба факты, якія б ашарашылі публіку. Гэта элемэнтарная тактыка".

А вось як адрэагаваў на сёньняшнія ініцыятывы новага кіраўніцтва Фэдэрацыі экс-старшыня Ўладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Гэта палітычны заказ. Ня мог гэта зрабіць з дапамогай дзяржаўных органаў Лукашэнка, дык зрабілі рукамі прафсаюзнага актыву. Прычым, як кажуць у народзе: знайшлі тапор за лавай. Усё гэта калегіяльныя рашэньні былі. Хлусьня тое, што было "разбазарваньне" ўласнасьці. Таму што гэтая ўласнасьць прырасла і ў фізычным аб'ёме, і ў грашовым вымярэньні. Я лічу, што гэта робіцца палітычная расправа за маю пызыцыю, за пазыцыю Фэдэрацыі прафсаюзаў у апошнія гады, за ўдзел у выбарах. І яшчэ робіцца, каб прафсаюзы не займаліся пытаньнямі, для якіх яны створаныя".

Чакаецца, што на заўтрашнім паседжаньні прафсаюзнага зьезду з удзелам Аляксандра Лукашэнкі антыкарупцыйная кампанія ў Фэдэрацыі прадоўжыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG