Маладафронтаўцы а 14 гадзіне сталі насупраць амбасады праз дарогу. Яны трымалі ў руках заяву да грамадзянаў Расеі й пудзіла з выяваю расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Адзін з удзельнікаў пікету патлумачыў Радыё Свабода, чаму маладафронтаўцы прыйшлі да Расейскай амбасады
(Маладафронтавец: ) "У гэты дзень, 8 верасьня, актывісты Маладога Фронту вырашылі правесьці акцыю супраць інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Гэта ідэя, якую выказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Мы гэтую акцыю вырашылі правесьці менавіта сёньня, 8 верасьня, калі беларускія войскі разьбілі расейскіх акупантаў. Гэтай акцыяй мы выказваем рашучы пратэст супраць тых гвалтоўных дзеяньняў, якія плянуе Расея да незалежнасьці Беларусі".
Калі Зьміцер Дашкевіч падыйшоў да плоту амбасады, да яго адразу падбеглі міліцыянты. Пачалася валтузьня. Зьмітру ўдалося кінуць праз плот пудзіла і заяву. Ён вырваўся з рук міліцыянта і кінуўся наўцёкі. Гаворыць яшчэ адзін удзельнік акцыі:
(Маладафронтавец: ) "Сёньня ў нас 488-ыя ўгодкі перамогі над маскоўскімі войскамі. Мы сваёй акцыяй паказалі, што супраць уваходу Беларусі ў склад Расеі. Мы не здадзім Беларусь. На гэты момант мы адзіная арганізацыя, якая выступае супраць гэтага саюзу публічна".
Маладафронтаўцы чулі, як ахоўнікі па рацыі выклікалі патрульныя машыны. Яны ня сталі чакаць прыезду міліцыянтаў і хутка разышліся малымі групамі. Празь некалькі хвілінаў да Расейскай амбасады прыехалі некалькі патрульных машынаў і сапёры, каб праверыць пудзіла на наяўнасьць выбуховых рэчываў. Міліцыянты шукалі юнакоў у дварах, прылеглых да тэрыторыі амбасады. На вуліцы Куйбышава яны злавілі Зьмітра Дашкевіча. Яго некалькі разоў ударылі, а потым зашчапілі рукі за сьпіной кайданкамі і кінулі хлопца ў міліцэйскі "варанок". Ён знаходзіцца ў цэнтральным упраўленьні міліцыі.