Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПАСТАВІЛІ САЦЫЯЛЁГІЮ ПАД ДЗЯРЖАЎНЫ КАНТРОЛЬ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прэм’ер Генадзь Навіцкі падпісаў адмысловую пастанову “Аб дзейнасьці, зьвязанай з правядзеньнем дасьледваньняў і публікацыяў вынікаў апытаньняў грамадзкае думкі на тэмы рэфэрэндумаў, выбараў і грамадзка–палітычнай сытуацыі ў краіне”. Цяпер усе сацыялягічныя службы Беларусі павінны атрымаць дзяржаўную акрэдытацыю ад камісіі пры Акадэміі навук.

Склад камісіі пакуль яшчэ не сфармаваны, але яе старшыня ўжо прызначаны. Ім стаў вядомы сваімі пракамуністычнымі поглядамі дэпутат палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў.

Спадар Катляроў гаворыць, што даведаўся пра прызначэньне толькі сёньня, таму ён ня ведае, якім чынам і каму будуць выдавацца акрэдытацыі. Разам з тым ён перакананы ў неабходнасьці такога ліцэнзаваньня. Спадар Катляроў адкідае пытаньні пра парушэньні свабоды слова і нават лічыць, што ліцэнзаваньне ёсьць формаю барацьбы за чалавечыя правы.

(Катляроў: ) “А якая тут цэнзура? Тым больш, што там заяўляльны характар. Я кажу, што буду праводзіць дасьледваньне — калі ласка. Тое, што сёньня розныя сацыялягічныя службы даюць розныя адказы на адное й тое ж пытаньне — гэта парушэньне правоў чалавека, які хацеў бы атрымаць праўдзівую інфармацыю. Я лічу, што такая камісія не пашкодзіць, бо сацыялёгія стала ангажаванай”.

Дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна–эканамічных і палітычных дасьледваньняў Алег Манаеў так тлумачыць новы кантроль за сацыялёгіяй:

(Манаеў: ) “Гэта зьвязана з тым, што ўлада, найперш прэзыдэнт губляе падтрымку ў беларускім грамадзтве. Гэта стала вядома ўвесну — абвал рэйтынгу. А рэжым, па-сутнасьці, у адрозьненьні ад іншых дыктатураў, усё ж такі пакуль трымаецца на падтрымцы электарату. Таму для яго вельмі важна, каб электарат ці працягваў яго падтрымліваць (а гэтага цяжка дамагчыся), ці каб электарат ня ведаў рэальнага становішча”.

Падобнага кантролю за сацыялёгіяй няма ў ніводнай з краінаў–суседзяў Беларусі, ня кажучы пра дэмакратычныя краіны Захаду. Сёньня я зьвязаўся з некаторымі сацыялягічнымі службамі Ўкраіны, Расеі, Польшчы ды краінаў Балтыі. Прадстаўнікі гэтых установаў кажуць, што дзяржава не кантралюе іхную дзейнасьць.

А кіраўніца балтыйскага прадстаўніцтва ўплывовай амэрыканскай службы Гэлапа “Балтык Сэрвіс” Раса Альшаўскенэ сказала, што падобны да беларускага кантроль існуе толькі ў Кітаі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG