Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЫМДЗЮНЫ, ГЕРВЯТЫ


Тацяна Сапач, Рымдзюны - Гервяты - Вільня

У нядаўняй памяці савецкія, ці -- больш дакладна -- брэжнеўскія часы гэтую купку літоўскіх вёсак на тэрыторыі Беларусі мясцовыя дасьціпнікі называлі "Малая зямля". Тут -- меншыя паселішчы: Гіры, Гялюны, Гальчуны, Пелегрында... і большыя -- Рымдзюны і Гервяты. Яшчэ будучы савецкай і сацыялістычнай, Літва, як магла, апекавалася сваімі землякамі. Тут у беларускіх школах былі ўрокі літоўскай мовы -- настаўнікаў прысылалі зь Вільні, пасьля выпускнікі маглі прадоўжыць адукацыю ў адмысловай школе-інтэрнаце ў Марыямпалі. Дзяцей пераконвалі, што ў Літве іх чакаюць, што адчуваюць у іх патрэбу; так "Малая зямля" паступова падцягвалася да Літвы абяцанай. Ці знаходзілі маладыя ў Вільні й за Вільняю тое, на што спадзяваліся, -- гэта іншая, асобная размова...

А сёньня давайце адведаем Рымдзюны, а пасьля -- Гервяты, дзьве найбуйнейшыя зь літоўскіх вёсак, якім ужо несацыялістычная, незалежная Літоўская дзяржава падаравала спадзеў на жыцьцё і на будучыню.

У гэтай паездцы я маю ажно трох спадарожнікаў. Гэта: настаўніца з суседніх Варнянаў Людміла Кухарэвіч, журналістка мясцовай раёнкі Акцябрына Завадзкая, і Стась Махнач -- наш кіроўца, віленчук, выхадзец з гэтых мясьцінаў. Пакуль едзем, гаворка заходзіць пра літоўскі культурны цэнтар, 5 гадоў таму збудаваны ў Рымдзюнах пераважна за літоўскія сродкі. Вось што пра гэта думае Людміла Кухарэвіч.

(Кухарэвіч:) "Рымдзюнскі цэнтар пабудаваны, каб вёска жыла. Самі ведаеце: калі ў вёсцы працуе школа, клюб, бібліятэка -- гэтая вёска жывучая; а не -- дык і не...

-- Але гэта -- надзея для літоўскіх людзей, бо цэнтар жа -- літоўскі. Пасьля літоўцы будуць мець магчымасьць рэалізоўваць сябе ў літоўская справе, і -- так выглядае -- у Літве. Ці не занадта вялікая раскоша для Беларусі -- ахвяраваць немалой часткай свайго народу, беларускага народу, няхай сабе і літоўцаў з паходжаньня?..

-- Ніякай ахвяры тут няма з боку Беларусі. Наадварот -- ці ня радасьць для нас, што мы памагаем ім захаваць тут іхнюю самабытную культуру, каб дзеці, унукі, праўнукі беларускіх літоўцаў мелі гэтую спадчыну".

(Сапач: ) "Акцябрына Завадзкая дадае, што ў Астравецкім раёне ўсе дамы культуры, уключна з раённым, саступаюць Рымдзюнам па магчымасьцях, па тэхнічнай аснашчанасьці. Дык і ня дзіва, што сёлетні рэгіянальны фэстываль мастацтваў "Мая зямля", у якім удзельнічалі калектывы з трох абласьцей, праводзіўся менавіта ў Рымдзюнах".

(Завадзкая: ) "Часам гляджу на сцэну Рымдзюнскага дому культуры, і зайздрошчу -- вось бы на такую сцэну выйсьці калі... Я займаюся ў драматычным тэатры ў Астраўцы, але ў Астраўцы няма нічога падобнага, мы пра такі дом культуры толькі марым..."

(Сапач: ) "Тым часам пачынаюцца самі Рымдзюны, і я пераконваюся, наколькі маюць рацыю мае спадарожніцы. Рымдзюнскі культурны цэнтар сапраўды ўражвае. На першы погляд ён здаецца нават не зусім сумаштабным гэтай доўгай, у адную нітку, драўлянай, аднапавярховай вёсцы. Цэнтар жа шырока расьсеўся троху зводдаль дарогі. Тры дамы зь цёплага адценьня матавай цэглы, шыльды -- золатам па чырвоным: школа, дом культуры, надпісы па-беларуску і па-літоўску. Гэткія самыя шыльды -- на дзіцячым садку, і гэта значыць, што і садок у Рымдзюнах -- дзьвюхмоўны. Першыя, з кім знаёмлюся ў Рымдзюнах, -- дзеці".

(Голас: ) "Калі беларусы зь літоўцамі зьбіраюцца разам, дык размаўляем між сабой па-беларуску, а як адныя літоўцы -- ясна, што па-літоўску.

-- А беларусы вучацца літоўскай мовы?

-- Некаторыя...

-- А ты?

-- У мяне суседзі -- літоўцы, дык я й так наўчылася. Лаба дзена -- гэта добры дзень, кайп гівяні -- як жывеш... А жыву я нармальна".

(Сапач: ) "Мая новая знаёмая адрэкамэндавалася: Анжаліка Пятроўна Заяц. Ейную сяброўку завуць проста Анжаліка. Гэтая дзяўчынка -- зь літоўскай сям'і. У адрозьненьне ад Анжалікі Пятроўны, проста Анжаліка ўжо шмат разоў была ў Вільні, дзе ёй найбольш спадабаліся і запомніліся -- вялікія крамы. Але жыць яна хацела б у Смургонях. А зрэшты, нават і ў Рымдзюнах -- пры ўмове, калі б тут збудавалі крамы, падобныя да віленскіх.

(Гучыць песьня па-літоўску)

Ах, Божа мой, божухна, да чаго добра,
пакуль гадуесься ў мамачкі,
пакуль усялякая праца -- лёгкая...
Прыйдзе хлапчына -- зь ім пагаворыш,
а ён абяцае залаты пярсьцёнак,
а на тым пярсьцёнку -- літары,
гэта -- ягонае імя, а тваё, дзяўчынка, прозьвішча...

Такой вясельнай песьняю прывячаюць мяне Лёня Блашкіс і Яня Трапшыс. У Літве іхныя прозьвішчы, прозьвішчы мужніх жонак, гучалі б як Блашкене і Трапшэне, але ў Беларусі так не заведзена, і прозьвішчы літоўскіх кабет пішуцца на мужчынскі лад, як і ў беларусак.

(Галасы: ) "Бывае, што літоўскі хлапец бярэ за сябе беларуску, ці наадварот, тады песьні розныя пяем, уся вёска сустракае маладых пасьля шлюбу ў касьцёле. Весела жывем, ня сварымся... Мы не такія літоўцы, як у Вільнюсе. Мы -- беларускія літоўцы. Гаворым на рымдзюнскай літоўскай мове -- гэта зусім іначай.

-- Пра назву -- Рымдзюны... Казалі, што некалі даўным-даўно тут стаяла карчма нейкага Рымшы, надта ж знакамітага сваім півам, сваёй гарэлкай яўрэя. Рымша, Рымша -- пасьля Рымшуны, пасьля -- Рымдзюны, так і стала вёска так звацца. Так нашы дзяды-прадзеды тлумачылі..."

(Сапач: ) "Тутэйшыя літоўскія вёскі ўзгадавалі нямала вядомых сёньня, знакамітых людзей. Праўда, вядомых і знакамітых у Літве, а не ў Беларусі. Адных дырэктараў школ паходжаньнем з гэтых мясьцінаў толькі ў Вільні -- 4 чалавекі, а яшчэ ж -- выдатныя лекары, бізнэсоўцы, дзеячы мастацтва. Зрэшты, прозьвішча аднаго тутэйшага літоўца, бадай, аднолькава добра вядома і ў Беларусі, і ў Літве. Альфонсас Аўгуліс, з чыёй ініцыятывы і паўстаў культурны цэнтар у Рымдзюнах, за часы Шушкевіча быў першым паслом Літоўскай дзяржавы ў Беларусі".

(Галасы: ) "Добры чалавек, ото добры! Рупіцца пра нас, пра рымдзюнскіх літоўцаў. Гэта ж ён школу тут паставіў, усё толькі празь яго...

-- А мне дык дапамог у Літве падлячыцца. Ці ж я б сама туды патрапіла? Ды і права ж ня маю, бо ў Беларусі жыву. А ён уладкаваў у бальніцу ў Вільнюс, дай яму божачка ўсяго добрага..."

(Сапач: ) "У Вільні спадар Аўгуліс спрычыніўся да стварэньня зямляцкага таварыства "Гервечай", якое налічвае блізу трох тысячаў чалавек, выхадцаў з гэтага краю. Ганаровым сябрам "Гервечай" зьяўляецца прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, і пра гэта заўсёды паведамляецца асобна і не бяз гонару. Таварыства выдае сваю газэту, створаны хор, аснову рэпэртуару якога складаюць песьні рымдзюнцаў, гальчунцаў, гірцаў... літоўскія песьні, і беларускія".

(У выкананьні рымдзюнскіх сьпявачак гучыць песенька па-беларуску)

(Галасы: ) "Нашыя дзеці ў Літве жывуць, дык нам цікава, што там робіцца. А як самі тут -- дык і беларускае жыцьцё нам цікавае.

-- Абы ж толькі гэтых межаў не было. Раней езьдзілі туды-назад, ні перашкодаў ніякіх, нічога; а цяпер панарабілі абы-чаго. Дзецям нашым, каб памагчы прыехаць, столькі тых даляраў плаціць трэба на мытні, а дзе ж яны набяруцца тых даляраў? Дык рэдка сталі цяпер езьдзіць.

-- А палітыка нам не цікавая. Пэнсію пакуль даюць, дык і добра, дык і маўчым, як перастануць даваць, тады можа будзем думаць. Ну, а калі выбары, дык галасуем -- чаму ж... Вось у цяперашнюю палату прадстаўнікоў выбралі мясцовага чалавека, Часнойця такога, абяцаў разабрацца з гэтымі граніцамі. Але як выбралі, дык і ня бачылі пасьля таго ні разу..."

(Сапач: ) "Аднак сонца пачынае ўжо залаціць вершаліны дрэваў, і мае спадарожнікі прысьпешваюць -- нам яшчэ трэба ў Гервяты. Гаворыць настаўніца Людміла Кухарэвіч".

(Кухарэвіч: ) "Мы заўсёды зь дзецьмі езьдзім гэтым маршрутам: Міхалішкі, Гервяты, Рымдзюны. Гэта соль зямлі нашай, Астравеччыны. Трэба, каб дзеці ведалі, хто тут цяпер жыве, хто раней жыў, каб ганарыліся сваімі землякамі, і сваёй зямлёй".

(Сапач: ) "Па дарозе да Гервятаў наш кіроўца спрабуе троху зьбіць маю, на мой пагляд, небеспадстаўную, -- замілаванасьць ладам жыцьця рымдзюнцаў, гэтым варыянтам мірнага суіснаваньня двух народаў у межах аднае вёскі. Маўляў, так было не заўсёды, дый цяпер усялякае здараецца. Напрыклад, за вочы беларусы й па сёньняшні дзень называюць літоўцаў гіргунамі, а тыя беларусаў -- гудамі. І шлюбы між тымі й іншымі калі й здараюцца, дык вельмі рэдка. Бо аддаўна лічылася, што калі беларуская дзеўка выйшла за гіргуна, дык, няйначай, яна ці сьляпая на адное вока, ці храмая на абедзьве нагі. А тое, што літоўцы настойліва паўтараюць пра сяброўства зь беларусамі, дык гэта жыцьцё іх наўчыла...

Стась гаворыць -- то Стась, мусіць, ведае. Наш кіроўца зьехаў зь Гервятаў каля 40 гадоў таму, цяпер жыве ў Вільні, але жыцьцём "малой зямлі" не перастае цікавіцца; і зямляцтва "Гервечай" наведвае. Нядаўна былыя гервяцкія дыскутавалі, напрыклад, ці ёсьць у Гервятах падставы для прыватнага гаспадараньня. Вырашылі: няма, зьвяліся сапраўдныя гаспадары, людзі за саветамі развучыліся працаваць".

(Махнач:) "Умець задавальняцца малым -- гэта добра, гэта толькі ўпрыгожвае народ. Ну, але ж не да такой ступені малым, як беларусы. Я ўсё ўспамінаю свайго дзядзьку гервяцкага -- той і працаваў да сёмага поту, і песьні сьпяваў, і дзяцей на ногі паставіў... Дзе цяпер такія людзі? Што ім замінае быць актыўнымі, хацець большага, хацець жыць прыгожа? Як сам чалавек ня хоча падняцца, ніякая ўлада ў тым не вінаватая..."

(Сапач: ) "У добрай кумпаніі ўсялякая дарога -- не дарога, а тым больш -- нейкія сем кілямэтраў. Вось і Гервяты. З выгляду гэта хутчэй невялікае мястэчка, чым вёска; за вокнамі нашага аўтобусіка мільгаюць адная крама, другая, школа, пошта, клюб... Вымушаны прыпынак. Усю вуліцу -- ад краю да краю -- раптам заступае велічэзны чорна-белы каровіны статак. Пры весьніцах у такую пару -- здаецца, уся вёска, і ўся вёска згаджаецца распавядаць пра Гервяты. Вось Мар'ян Атмініс, літовец, пэнсіянер.

(Атмініс: ) -- Нам тут лепей жыць, чым у Літве. У нас дзешавей.

-- Але ж там свабоды болей...

-- І ў нас свабода. Хочаш працаваць -- працуй, а ня хочаш -- не працуй. Ці ж не свабода?"

А вось Марыя Чайкоўская.

(Чайкоўская: ) "Я на пэнсіі, адрабіла ў калгасе трохі, а пасьля брату памагала (брат кінамэханік быў), і з кіно ўжо на пэнсію пайшла. Цяпер у кіно мала ходзяць, відзікі ўжо ў хатах скрозь. А тады ж -- о-ого! -- як індыйскі фільм ішоў, зьбіраліся старыя, маладыя -- аж клюб трашчаў, месца не было, дзе сесьці. Глядзелі, плакалі... Маці мая ў Рызе нарадзілася, а бацька беларус. Але я пішуся літоўкай, і дзеці літоўцамі пішуцца. Ведаеце, раней жа зьбіраліся ехаць жыць у Літву, у Вільню, дык пісаліся літоўцамі. А цяпер дзе ж ужо ў тую Літву ехаць, тут жыць будзем. Дачка ў Ашмянах тэхнікум скончыла, тут працуе".

А вось яшчэ адная, маладзейшая кабетка.

(Голас: ) "Людзі ў Гервятах, як і паўсюль, -- прыветныя, гасьцінныя... А касьцёлу такога, што праўда, нідзе не пабачыце. Гэта ў Гервятах самае, можна сказаць, культурнае месца".

(Сапач: ) "У наступным годзе Гервяцкі касьцёл Прасьвятой Тройцы будзе адзначаць свае 100 гадоў. Гэты велічны нэагатычны храм, без сумлеву, зьяўляецца і архітэктурнай, і эстэтычнай дамінантай асяродзьдзя. Да нядаўняга часу касьцельны двор па ўсім пэрымэтры быў аточаны старымі таполямі і ліпамі. У іх гнязьдзіліся вароны, і, кажуць, гэта былі вельмі адмысловыя вароны, -- крыклівыя, галасістыя. І тутэйшых кабет зласьліўцы называлі гервяцкімі варонамі -- за языкатасьць. Але старыя дрэвы сьпілавалі, вароны разьляцеліся, а гервяцкіх кабет -- па-ранейшаму языкатых -- цяпер няма з кім параўноўваць".

(Голас: ) "Раней жа, ведаеце, Бог за граніцай быў. Няможна было ў касьцёл ісьці, дзяцей настаўнікі ганялі. А цяпер настаўнікі самі йдуць -- і да споведзі, і да прычасьця. Я ж кажу -- цяпер Бог вярнуўся, а раней за граніцай быў".

(Сапач: ) "Бога ў Гервяцкім касьцёле славяць на дзьвюх мовах -- па-літоўску і па-польску. Літоўскамоўныя вернікі складаюць трэць ад агульнай колькасьці парафіянаў, няўжо астатнія дзьве трэці -- палякі? Адкуль? Вядома, не палякі, ня толькі палякі. Чаму ж тады службы па-польску? Але гэтакія пытаньні не прынята задаваць. Або, калі наважысься, адказ маеш такі: так, маўляў, павялося...

5 гадоў ксяндзом-пробашчам у Гервятах -- айцец Леанід. Малады, энэргічны, адукаваны. Сьвятар-настаўнік, сьвятар-сябра, сьвятар-творца. Ён беларус з каранёў, але нарадзіўся ў Расеі, жыў у Казахстане, вучыўся ў Расеі, потым -- у Літве, у Коўне. Прызнаецца, што ў Гервятах адчувае вялікую патрэбу ведаць беларускую мову, і сьцьвярджае, што беларуская нашмат цяжэйшая за, прыкладам, літоўскую".

(Галасы: ) "Найлепшы наш ксёндз, найлепшы... І мову літоўскую, глядзіце, выўчыў, добра гаворыць па-нашаму.

-- А што было б, калі б ня стала раптам літоўскіх набажэнстваў?

-- А нічога не было б. Літоўцы спакайнейшыя за беларусаў, за палякаў, не такія гарачыя.

-- Нічога не было б. Мы ж па-польску разумеем, на польскія службы хадзілі б".

(Сапач: ) "Айцец Леанід задумаў разьбіць у касьцельным двары батанічны сад. Памагалі яму парафіяне, і калгаснае кіраўніцтва, і мясцовыя ўлады. У гэтым садзе -- каля 250-ці назваў розных экзатычных расьлінаў: сакура, барбарыс, магнолія, залаты кіпарыс, зьмеепадобны ядловец, туя... Гэтакі, ведаеце, рай на зямлі..."

(Кухарэвіч: ) "Усе тут працавалі, дзеці таксама дапамагалі многа. Але, вядома, найвялікшая заслуга, што гэты сад створаны, айца Леаніда. Ён зь Літвы саджанцы прывозіў, і з-пад Менску, зь пітомніка. Нідзе, колькі жыву, і дзе ні бываю, -- такой прыгажосьці ня бачыла".

(Сапач: ) "Гэта -- апошняе, і самае моцнае ўражаньне ад вандроўкі па літоўскіх вёсках Астравеччыны: сьвятар-садоўнік у зямным райскім садзе, над якім распускаецца прамянямі лагоднае к вечару летняе сонца. Хочацца маўчаць, і я, а разам са мною ўсе трое маіх спадаржнікаў, -- маўчым..."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG