Сёньня ў Менск прыехаў настаяцель аўтакефальнай царквы з пасёлку Пагранічны айцец Ян Спасюк. Там ужо каля тыдня працягваецца супрацьстаяньне вернікаў і мясцовых уладаў, якія хочуць разбурыць царкву, пабудаваную айцом Спасюком на ўласным прысядзібным участку. Пра тое, чаму сьвятар у разгар гэтага канфлікту прыехаў у Менск, распавядае сам айцец Спасюк:
(Спасюк: ) “Перш за ўсё — гэта прайсьці кансультацыі ў дактароў пасьля таго, што са мной здарылася ў нядзелю. Пасьля таго, як на тэрыторыю царквы прыбылі прадстаўнікі бераставіцкіх уладаў і міліцыі, у мяне было два прыступы. Пасьля другога прыступу мяне адвезьлі ў шпіталь, але я адмовіўся ад шпіталізацыі. У нас можа здарыцца рознае, і пытаньне, як памёр Карпенка, у мяне заўсёды застаецца ў галаве”.
(Карэспандэнт: ) “І што сказалі пра стан вашага здароўя менскія лекары?”
(Спасюк: ) “Спакой, спакой і спакой”.
Сёньня ж сьвятар з Пагранічнага наведаў у Менску амбасаду ЗША і паінфармаваў яе супрацоўнікаў пра тое, што цяпер адбываецца на месцы будаўніцтва царквы. Амэрыканскія дыпляматы абяцалі айцу Яну Спасюку падтрымку ў справе адстойваньня правоў вернікаў.
Яшчэ адна сустрэча Яна Спасюка з прадстаўнікамі Царквы эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў скончылася пагадненьнем пра супрацоўніцтва. Айцец Спасюк працягвае:
(Спасюк: ) “Сёньня ў мяне была сустрэча з прадстаўнікамі царквы хрысьціянаў-эвангелістаў, якія знаходзяцца ў цяжкім стане. Яны ў апазыцыі да ўладаў. Мы зразумелі, што ня можам абысьціся адныя без адных. Толькі аб’яднаўшыся, мы зможам вытрымаць гэты перасьлед”.
Цяпер праваслаўныя аўтакефалісты і баптысты будуць разам удзельнічаць у акцыях у абарону свайго права на свабоду сумленьня.
Ян Спасюк таксама паведаміў, што сёньня ў гарадзенскім аблвыканкаме была скліканая адмысловая нарада ў справе канфлікту вакол царквы ў Пагранічным. Ад яе вынікаў будзе залежаць, ці завядзе міліцыя на Яна Спасюка крымінальную справу “самаўпраўства”, ці не.
Учора ж Пагранічны наведала дэлегацыя абласных і раённых чыноўнікаў, а таксама журналістаў зь дзяржаўных СМІ, якія хадзілі па хатах вернікаў і ўгаворвалі людзей не хадзіць у царкву да Спасюка і не абараняць яе. Аднак амаль усе вернікі заявілі, што не дазволяць зьнішчыць сьвятыню.
У часе маёй гутаркі са сьвятаром нечакана зазваніў тэлефон, і вернікі з Пагранічнага паведамілі, што каля царквы зьняты міліцэйскі пост, які быў там некалькі дзён. Таксама зьняты пост на ўезьдзе ў пасёлак, мэта якога была не пускаць людзей, якія прыяжджалі на дапамогу вернікам зь іншых рэгіёнаў Беларусі.
Ян Спасюк кажа, што сьвяткаваць перамогу пакуль рана. Сам ён цяпер разам зь юрыстамі некалькіх праваабарончых арганізацыяў рыхтуецца да судовага разьбіральніцтва.