У Беларусі дзейнічае сем суполак пасьлядоўнікаў руху Сьвядомасьці Крышны, і яшчэ восем — на стадыі рэгістрацыі. Усяго ў Беларусі каля пяці дзясяткаў прыхільнікаў гэтага вучэньня.
У 1999 годзе беларускі ўрад выдаў пастанову, згодна зь якой крышнаіты вось ужо амаль тры гады ня могуць запрасіць у Беларусь сваіх духоўных настаўнікаў і прапаведнікаў з замежжа. Справа ў тым, што на гэта маюць права толькі афіцыйна зарэгістраваныя аб’яднаньні рэлігійных суполак, а ў крышнаітаў былі зарэгістраваныя толькі самі суполкі.
Аб’яднаньне дагэтуль не зарэгістраванае, таму сёлета на пачатку ліпеня крышнаіты зьвярнуліся з гэтай нагоды ў суд. У выніку той запатрабаваў, каб да 4 жніўня Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў альбо зарэгістраваў аб’яднаньне, альбо даў матываваную адмову ў рэгістрацыі. Гаворыць старшыня аб’яднаньня суполак крышнаітаў Сяргей Малахоўскі:
(Малахоўскі: ) “За гэты час мы прайшлі ўсе інстанцыі ў Беларусі. Пісалі прэзыдэнту. Зараз мы ў абароннай пазыцыі. Ня ведаем, што зробіць Камітэт. Чакаем 4 жніўня, калі нам дадуць альбо пасьведчаньне аб рэгістрацыі, альбо матываваную адмову. Калі будзе адмова, мы не пагодзімся ні зь якой матывацыяй. Будзем абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі, зьвернемся да міжнароднай супольнасьці.
У памежных краінах рэлігійныя аб’яднаньні зарэгістраваныя ўжо больш за 10 гадоў таму. Такія аб’яднаньні ёсьць у Расеі, Украіне, Польшчы, Вугоршчыне. Ні адна з краінаў сьвету ня мае такіх складанасьцяў з запрашэньнем духоўных настаўнікаў, якія маем мы”.
Апошнім часам беларускія крышнаіты маюць шмат праблемаў. Па некалькі разоў на дзень у іхны храм у Менску прыходзяць міліцыянты, дапытваюць суседзяў, ці не перашкаджаюць ім вернікі. Ёсьць выпадкі й адкрытага перасьледу крышнаітаў. Прыкладам, у Пружане, калі адзін з прыхільнікаў гэтага вучэньня прынес у гарвыканкам дакумэнты на рэгістрацыю суполкі, яму прыгразілі звальненьнем з працы. У Магілёве ў такой жа сытуацыі прадстаўнікі вэртыкалі паабяцалі накіраваць крышнаіта на псыхіятрычную экспэртызу.
Надоечы грамадзяне Індыі, якія жывуць у Менску, зьвярнуліся да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава з просьбай не закрываць адзіны ў Беларусі храм крышнаітаў. “Гэты храм ёсьць часткай індыйскай культуры й індуісцкай рэлігіі. У ім вывучаецца старажытнае сьвяшчэннае пісаньне Індыі — Бхагават-Гіта. На аснове гэтай філязофіі будуецца зьнешняя й унутраная палітыка нашай дзяржавы”, — гаворыцца ў заяве грамадзянаў Індыі да кіраўніка менскай вэртыкалі Міхаіла Паўлава.
Да гэтага варта дадаць, што ўжо доўгі час двойчы на тыдзень беларускія пасьлядоўнікі Крышны кормяць гарачымі бясплатнымі вэгетарыянскімі абедамі малазабясьпечаных людзей і інвалідаў. Дарэчы, менавіта кіраўнікі менскіх раёнаў складаюць сьпісы людзей, якія ходзяць на гэтыя абеды.