Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫНАМСІ ТРЫ БЕЛАРУСЫ БЫЛІ ПАКАРАНЫЯ СЬМЕРЦЮ ЯШЧЭ ДА РАЗГЛЯДУ ІХ СКАРГАЎ У КАМІТЭЦЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ААН


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра гэтыя выпадкі Радыё Свабода паведаміў праваабаронца зь Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла, які вёў прыватнае расьсьледаваньне. Гары Паганяйла перакананы, што беларускія ўлады наўмысна парушылі міжнародную дамову:

(Паганяйла: ) “Гаворка пра Сяргея З., Антона Б. і Ігара Л. Іх сваякі і яны самі зьвярнуліся ў Жэнэву, прайшоўшы ўсе судовыя інстанцыі Беларусі. Яны дамагаліся адмены сьмяротных прысудаў і спадзяваліся на разгляд скаргаў у Жэнэве. Беларускія сілавыя структуры і Вярхоўны суд былі паінфармаваныя, што асуджаныя скардзяцца ў Камітэт правоў чалавека. Але — гэта цяпер дакладна высьветлена — як толькі іхныя скаргі былі прынятыя да разгляду, усіх трох маладых людзей пакаралі сьмерцю”.

Гары Паганяйла ня выключыў, што падобных выпадкаў больш, але пра іх пакуль невядома. Таксама Гары Паганяйла мяркуе, што скаргі некаторых асуджаных на сьмерць проста заставаліся ў Беларусі й не даходзілі да міжнародных судоў.

Намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Валеры Мацкевіч заявіў Радыё Свабода, што яму невядомыя факты, пра якія кажа Гары Паганяйла, таму камэнтаваць іх ён ня можа. Валеры Мацкевіч лічыць немагчымым падобныя парушэньні міжнародных дамоваў з боку Беларусі.

(Мацкевіч: ) “Ня думаю, што ўвогуле з прыняцьцем справы да разгляду міжнародным судом магчыма неяк паскорыць выкананьне прысуду ў Беларусі. Ёсьць дакладная працэдура: суды розных інстанцыяў і камісія ў справе памілаваньня, за якой апошняе слова. Дакладней, яно за прэзыдэнтам. Таму мне не зразумела, як прайсьці хутчэй гэтыя інстанцыі, каб выканаць сьмяротны прысуд”.

Апошнім часам афіцыйныя асобы ў Беларусі ўсё часьцей заяўляюць пра неабходнасьць адмены сьмяротнай кары. За гэта выказаўся і намесьнік міністра юстыцыі Валеры Мацкевіч. Ён аднак лічыць, што да гэтага беларускае грамадзтва пакуль не гатовае. Паводле Мацкевіча, Беларусь ідзе шляхам зьмяншэньня практыкі сьмяротных пакараньняў. У якасьці доказу намесьнік міністра паведаміў, што летась у Беларусі было пакарана сьмерцю толькі 7 чалавек у параўнаньні з 45-цю ў 1998 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG