Беларускі хлопец зь Берасьцейшчыны Андрэй Рубцоў, які зараз працуе ў Мадрыдзе, ажыцьцявіў мару свайго дзяцінства.
(Рубцоў: ) “Калісьці яшчэ малымі начыталіся Янкі Маўра “Ў краіне райскай птушкі”. Мне вельмі хацелася ў тую “краіну райскай птушкі” і я там быў”.
Андрэй мае на ўвазе зусім не Гішпанію, дзе цяпер жыве, а далёкую горную краіну на паўночным захадзе Лацінскай Амэрыкі – Эквадор.
(Рубцоў: ) “Першае ўражаньне – гэта было нешта невыказнае, заняло дух, глядзеў я на тыя горы і думаў, што такога хараства ня можа быць”.
Трапіў Андрэй Рубцоў у Эквадор, можна лічыць, выпадкова, бо шлях ягоны на чужыну быў напачатку скіраваны зусім у іншую краіну – на Кубу, рамантычны вобраз якой быў блізкі многім, хто жыў у колішнім Савецкім Саюзе.
Андрэй вучыўся ў Менскім інстытуце замежных моваў, вывучаў гішпанскую мову, і на 3 месяцы яго паслалі стажыравацца на Кубу. Там ён захапіўся кубінскай літаратураю, і гэтае захапленьне не давала яму спакою пасьля вяртаньня ў Беларусь. Урэшце, ён вырашае зьмяніць свой лёс.
(Рубцоў: ) “Зацікавіў літаратурны фэномэн кубінцаў, зусім нам невядомы, цалкам невядомы. Зьявілася гэтая зацікаўленасьць і ў 1991 годзе я вырашыў не давучвацца ў інстытуце замежных моваў, бо калі б у мяне была закончаная вышэйшая адукацыя, я ня змог бы паступіць у Вышэйшы інстытут мастацтваў у Гаване, тады я вырашыў паехаць.
Паехаў туды, там прымалі двух замежнікаў на бясплатнае навучаньне, конкурс быў 25 чалавек на месца. Я быў адзіным, для каго гішпанская мова не была роднай. Калі я паехаў, білет у мяне быў толькі ў адзін бок, такая ў мяне была ўпэўненасьць, што я туды паступлю. І паступіў”.
Андрэй меў некаторыя магчымасьці займацца там творчаю працаю:
(Рубцоў: ) “У прафэсійным сэнсе я змог зрабіць на Кубе даволі шмат, чаго ў Беларусі я ня змог бы зрабіць ніколі. У 22 гады я мог зрабіць значна больш, напрыклад, працаваць у тэатры з “зоркамі”. Я ўдзельнічаў у спэктаклях як літаратурны кансультант і як актор. Маю ўзнагароды двух міжнародных тэатральных фэстываляў як актор. Удзельнічаў у міжнародным фэстывалі ў Гаване і ў міжнародным фэстывалі ў Манце ў Эквадоры.
Калі я працаваў у тэатры, я зарабляў, як і кубінцы, свае 280 кубінскіх пэсо, што на той момант складала недзе каля 6 даляраў. Таксама займаўся перакладамі”.
Аднак, жыцьцё ў пракамуністычнай краіне паступова стала амаль немагчымым. Андрэй быў на Кубе як раз у той час, які там назвалі “нулявым пэрыядам”, калі, паводле ягоных словаў, там амаль не было ні ежы, ні транспарту”.
(Рубцоў: ) “Гэта быў той “нулявы пэрыяд”, калі большасьць кубінскіх выкладчыкаў альбо адмаўляліся выкладаць, альбо зьяжджалі на эміграцыю ці заставаліся працаваць за мяжой па кантракце. Калі адна з самых цікавых маіх прафэсарак засталася працаваць па кантракце ў Вялікабрытаніі, я прыняў рашэньне, што мне там няма чаго больш рабіць, вучыцца ўжо не было ў каго. Я прайшоў 3 курсы, трэба было яшчэ адзін”.
Выехаць з “Вострава свабоды” аказалася ня так і лёгка.
(Рубцоў: ) “Калі я прыняў рашэньне выехаць, улады не аддавалі мне мае дакумэнты, спасылаючыся на тое, што застаўся толькі год, нават быў нейкі шантаж, сказалі, што альбо давучышся, альбо не аддамо дакумэнтаў. Ніякай акадэмічнай даведкі не далі, ад’ехаў без акадэмічнай даведкі. Недзе каля месяца затрымалі мне дазвол на выезд з Кубы”.
Далей Андрэю трэба было вырашаць пра свой далейшы лёс. Пакуль ён вучыўся ў Гаване, на ягонай Бацькаўшчыне адбыліся палітычныя зьмены, да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, і празь некаторы час стала зразумела, што і там справа ідзе да вяртаньня ў камуністычнае мінулае.
Хлопец вырашыў застацца на эміграцыі. Ён адшукаў сяброў у Эквадоры і паляцеў туды, дзе і ўбачыў сваю “краіну райскай птушкі”.
Аднак, побач з захапленьнем хараством краіны, знаёмства з Эквадорам пачалося для Андрэя Рублёва зь вялікай непрыемнасьці.
(Рубцоў: ) “Там у мяне скралі пашпарт былога савецкага ўзору. Беларускай амбасады там не было, у мяне ўзьніклі праблемы з дакумэнтамі”.
Новы пашпарт былога савецкага ўзору Андрэю выдалі ў расейскім кансуляце. Потым ён паехаў у Менск і спрабаваў атрымаць беларускае грамадзянства, але яму адмовілі. Ён вярнуўся ў Эквадор і вымушаны быў там прыняць расейскае грамадзянства.
Такім чынам, беларус Андрэй Рубцоў цяпер ужо з расейскім пашпартам пачаў новае жыцьцё ў Эквадоры.
(Рубцоў: ) “У Эквадоры я займаўся шмат чым, працаваў у крамах. У турыстычным агенцтве, працаваў на даволі буйную амэрыканскую кампанію, якая займалася продажам кветак. Нарэшце адкрыў уласную справу. Займаюся экспартам і імпартам кветак”.
Мы пацікавіліся ў Андрэя, чаму менавіта кветкамі ён займаецца, ці гэта такі прыбытковы бізнэс?
(Рубцоў: ) “У Эквадоры кветкі вырошчваюць. Ружы эквадорскія на сёньняшні дзень – найлепшыя ў сьвеце па якасьці, за імі ідуць калюмбійскія.
У Эўропе пастаўляем кветкі ў Гішпанію, Францыю, Нямеччыну, Эстонію, крыху ў Італію і ў арабскія краіны”.
Андрэй зьяўляецца генэральным дырэктарам і суўладальнікам фірмы, якую стварыў разам са сваімі эквадорскімі сябрамі, зь якімі пазнаёміўся яшчэ ў Менску, калі яны навучаліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Яны троху валодаюць беларускай моваю і, паводле словаў Андрэя, у офісе яны ўсе імкнуцца размаўляць па-беларуску.
А ці ёсьць яшчэ беларусы ў Эквадоры?
(Рубцоў: ) “Ёсьць эквадорцы беларускага паходжаньня, хлопчык, якому 14 гадоў, Ян Вераціла, ягоная сястра, таксама нарадзілася ў Менску. Па пашпартах яны беларусы, але маці іхная – эквадорка”.
Эквадор – краіна, якая па колькасьці насельніцтва на некалькі мільёнаў пераўзыходзіць Беларусь, а па плошчы – у паўтара разу. Палітычны лад краіны Андрэй характэрызуе так:
(Рубцоў: ) “Скажам так, гэта краіна дэмакратычная, з аднаго боку, але гэтая дэмакратыя вельмі кволая. Народ вельмі недасьведчаны, недзе 75-80% насельніцтва не атрымала ніякай адукацыі”.
Запыталіся мы і пра мову, афіцыйна лічыцца, што дзяржаўнаю там ёсьць гішпанская мова.
(Рубцоў: ) “Вельмі адрозьніваецца ад гішпанскай мовы, ад кастыльскай. Эквадорцы размаўляюць на сваім варыянце.
Гэта мова бальшыні індзейскіх плямёнаў у горнай частцы Лацінскай Амэрыкі, на ёй гавораць прыкладна 70% індзейцаў Эквадора, Балівіі, Пэру, часткі Чылі і часткі Аргентыны, завецца яна кечуа. Гэтая мова вельмі цікавая.
Цікава, што на кечуа слова “бацька “– гэта “тайта”.
Беларускія матывы адшукаў Андрэй нават у тамашніх джунглях.
(Рубцоў: ) “Быў на Амазонцы. Цікава, што нашыя беларускія выцінанкі вельмі падобныя на ўсе гэтыя ўзоры, што малююць індзейцы ў джунглях Амазонкі, эквадорскай і бразыльскай”.
Падарожнічаў Андрэй і па іншых экзатычных краінах Паўднёвай Амэрыкі, быў у суседняй Калюмбіі, у Панаме, Вэнэсуэле, Францускай Гвіяне.
Але усё ж пацягнула назад, у Эўропу. Некалькі гадоў таму Андрэй пераехаў у Мадрыд на працу.
(Рубцоў: ) “У Гішпанію я прыехаў, каб адчыніць тут філію эквадорскай фірмы ў Эўропе. Я зараз больш жыву ў самалётах паміж Эквадорам і Гішпаніяй, жыву ў Мадрыдзе і жыву ў Кіта”.
У Гішпаніі Андрэй адразу пачаў шукаць беларусаў.
(Рубцоў: ) “Ёсьць крыху беларусаў, падтрымліваем нейкія сувязі. Імкнуліся недзе дапамагчы, калі тут быў той “літаратурны экспрэс” у Мадрыдзе.
Зараз ужо ёсьць некалькі беларусаў у Каталёніі. Маем задуму стварыць Згуртаваньне беларусаў Гішпаніі”.
Беларусы ў Гішпаніі імкнуцца рабіць нешта карыснае для беларускай справы.
(Рубцоў: ) “Ёсьць задума: калісьці гішпанскае радыё мела трансьляцыю на Беларусь па-беларуску. Цікава было б адшукаць фонды гэтага радыё, і мы гэта ўжо робім.
І гістарычныя матэрыялы тут знаходзяцца, архівы езуітаў, якія былі выгнаныя з Гішпаніі і пасьля прыехалі ў Полацак. Мы маглі б знайсьці гэтую інфармацыю для нашых гісторыкаў”.
Апошнім часам Андрэй заняўся перакладам.
(Рубцоў: ) “Крыху перакладаю кубінцаў на беларускую. Зараз выйшаў тут падручнік па стылістыцы для гішпанскіх мас-мэдыяў. Зараз там праглядаем усё, што тычыцца Беларусі, і я раблю дадатак беларускіх прозьвішчаў і тапонімаў, транскрыпцыю або транслітэрацыю беларускіх прозьвішчаў і тапонімаў на гішпанскую мову для гішпанскай прэсы”.
Пад час гэтай працы Андрэй адчуў, што яму не хапае дасканалага веданьня менавіта сваёй, беларускай мовы. Сапраўдны фэномэн беларуса. Чужую, гішпанскую мову Андрэй вучыў у Беларусі тры гады, а сваю ўвогуле не было дзе вучыць.
І вось у сваім цяперашнім веку, 34 гады, Андрэй наважыўся паступіць вучыцца завочна на беларускае аддзяленьне Віленскага пэдунівэрсытэту, пра якое мы распавядалі ў адной з нашых перадачаў.
(Рубцоў: ) “На беларускай мове я ніколі не навучаўся, ні ў школе, ні ў інстытуце замежных моваў, і калі ўзяўся за пераклады, за ўкладаньне слоўніка, бракавала ведаў, дык трэба было падвучыцца.
Зацікавіў мяне менавіта Віленскі пэдунівэрсытэт таму, што слоўнік я ўкладаю на “тарашкевіцы”, і я думаю, што сёньня ў Менску гэта было б зрабіць даволі цяжка. Навучаньне для мяне платнае”.
А як сувязі з Бацькаўшчынаю? Ці трывожыць Андрэя тое, чым жыве цяпер ягоная Радзіма?
(Рубцоў: ) “Ня толькі трывожыць, баліць. Ідзем назад. У мінулым годзе ў верасьні пад час выбараў я быў на пляцы ў Менску, каб пачуць, што адбылося на выбарах. На жаль, адбылося, што адбылося”.
Пры канцы размовы мы, вядома ж, запыталіся ў Андрэя, ці мяркуе ён назаўсёды застацца ў сваёй “краіне райскай птушкі” – Эквадоры.
(Рубцоў: ) “Зьехаў я зь Беларусі па нейкіх асабістых меркаваньнях, але не вяртаюся я ўжо па прычынах не асабістых.
Але я думаю, што такіх, як я, ужо шмат, і многія з нас вернуцца, я думаю, што я таксама вярнуся. У нас будзе ўжо нейкі вопыт, і гэта мы зможам данесьці, перанесьці на нашую глебу і працаваць дзеля Беларусі”.