Нядаўна Юрый Бодня, адзін зь перасяленцаў з Казахстану, што жыве цяпер у райцэнтры Ветка, скардзіўся ў прэзыдэнцкай газэце “Советская Беларуссия”, што кіраўнікі калгасаў і прадпрыемстваў ня надта ахвотна бяруць мігрантаў на працу. І гэта пры тым, што рабочых рук у забруджаных раёнах бракуе. А яшчэ абураўся мігрант патрабаваньнем ведаць беларускую мову:
(Бодня: ) “Іншы раз даходзіць да абсурду: каб атрымаць грамадзянства, перасяленцу трэба здаць экзамэн на веданьне беларускай мовы”.
Аднак абсурд у тым, што ніякага экзамэну перасяленцы не здаюць, хаця беларускае заканадаўства і патрабуе ведаць мову ў межах, дастатковых для зносінаў. Адзінае, што робяць мігранты — запаўняюць анкету на беларускай мове ў пашпартна-візавай службе. Відаць, абурае і гэта.
Намесьнік старшыні Хойніцкага райвыканкаму Віктар Васькевіч, якому даводзіцца непасрэдна мець справу зь перасяленцамі, лічыць так:
(Васькевіч: ) “Які ён жыхар Беларусі, калі ён ня ведае беларускай мовы? Навошта ён патрэбны тут? Я прыеду ў Польшчу — павінен вучыць польскую мову, прыехаў ў Латвію — павінен вучыць іхную мову. А чаго ён прыехаў з Казахстану і ня хоча вучыць беларускую мову?”
Ён перакананы, што за невялікім выключэньнем, прыяжджаюць у Беларусь далёка не найлепшыя прадстаўнікі краінаў СНД. Гэта, дарэчы, пацьвярджае і міліцэйская статыстыка. Летась з-за канфліктаў з законам дэпартавалі з рэгіёну 128 мігрантаў.
За апошнія два гады перасяленцы з Расеі, Казахстану, Узбэкістану, што прыехалі ў Нараўлянскі раён, скарыстаўшы спрошчаны парадак афармленьня дакумэнтаў, учынілі больш як 200 злачынстваў.
Паводле сьведчаньняў брагінскай міліцыі, мігранты прывезьлі з сабой у раён наркаманію. Яны ж спрычыніліся да завозу ў рэгіён небясьпечных хваробаў — у прыватнасьці, малярыі й нават халеры.
Са 138 мігрантаў, што атрымалі дазвол на жыхарства ў памянёным Веткаўскім раёне, паўтара дзясятка не працуюць. Адзін перасяленец аказаўся псыхічна хворым. Мігранты ўчынілі два забойствы, разбой, два рабаўніцтвы. 67 чалавек за розныя парушэньні прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.
Яшчэ адну праблему згадвае кіраўнік абласной міграцыйнай службы Аляксандар Семіёнаў:
(Семіёнаў: ) “Адсоткаў 20 ад агульнай колькасьці мігрантаў, што прыяжджаюць у рэгіён, не рэгіструюцца, знаходзяцца тут нелегальна. Яны нелегальна працуюць, займаюцца бізнэсам, карыстаюцца ўсёй інфраструктурай, а падаткаў ня плацяць. Найбольш гэтыя людзі падпадаюць і пад уплыў крымінальных структураў”.