Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫТАЛЬНЫЯ ЗВЫЧКІ БРЫТАНЦАЎ – ДЖОЙС ВЯРТАЕЦЦА Ў ДУБЛІН – УМБЭРТА ЭКА НА СЬВЯТОЙ ЗЯМЛІ – ПІСЬМЕНЬНІК-ЗАБОЙЦА ВЫКІНУТЫ СА ШКОЛЬНАЙ ПРАГРАМЫ ДЫ ІНШЫЯ ГІСТОРЫІ


Сяргей Шупа, Прага

Ці перасталі людзі чытаць кнігі? Чаго вартае слова славутага пісьменьніка? Ці дапамагае творцам тэлевізійная слава? Якую літаратуру нельга вывучаць у школе? Адказы на гэтыя пытаньні шукала на працягу апошняга тыдня каманда “Сьвету за вакном”. Такім чынам, сёньняшняя перадача прысьвечаная розным кніжным, літаратурным, выдавецкім падзеям.

Пачнем наагул з ролі друкаванага слова ў сёньняшнім жыцьці. Што і як чытаюць брытанцы? Пра гэта распавядае зь Лёндану Мікола Пачкаеў:

(Пачкаеў: ) “Новае дасьледаваньне чытацкай аўдыторыі паказала ня толькі тое, што брытанцы праводзяць значна большы час перад тэлевізарам, чым з кнігамі, але таксама і тое, што мастацкая літаратура саступае па чытальнасьці газэтам. Гэтак, людзі прысьвячаюць шэсьць гадзінаў на тыдзень чытаньню, у параўнаньні з трыма гадзінамі на дзень, якія аддаюцца тэлевізіі. Паводле доктара Джэньні Гартлі – выкладчыцы ангельскай літаратуры ва Ўнівэрсытэце Роегамптана – дасьледаваньне, праведзенае арганізацыяй “Orange prize for Fiction” сталася найбольш дэталёвым што да стану чытаньня ў Брытаніі. Першым месца сярод друкаванай прадукцыі занялі менавіта газэты: сярэдні брытанец прысьвячае ім штодня 17 хвілінаў свайго часу. Тымчасам час, прысьвечаны чытаньню мастацкай літаратуры, скараціўся ў Брытаніі да толькі 11 хвілінаў у сярэднім на дзень. Час, які аддаецца папулярным часопісам, у сярэднім на дзьве хвіліны меншы за той, які людзі праводзяць у інтэрнэце (5 і 7 хв адпаведна), а чытаньню даведнікаў аддаецца 2 хвіліны штодня. Акрамя таго, паводле вынікаў, жанчыны больш схільныя да чытаньня мастацкіх твораў, чым мужчыны. Вывучэньне чытацкай сытуацыі ў 200 сем’ях паказала, што сем’яў, дзе кожны чытае мастацкую літаратуру, у Брытаніі засталося меней, чым тых, дзе кожны мае па аўтамабілю – 23% супраць 26% адпаведна. А 40% людзей, як вынікае з дасьледаваньня, ніколі не чыталі кнігаў увогуле.

40%, што наагул не чытаюць кніг – гэтая лічба сапраўды ўражвае і здаецца проста малаверагоднай. Аднак даводзіцца верыць статыстыцы. А вось яшчэ адна карэспандэнцыя, у якой таксама згадваюцца проста неверагодныя лічбы, у якія таксама цяжка паверыць. Аднак паверым нашаму варшаўскаму карэспандэнту Аляксею Дзікавіцкаму:

(Дзікавіцкі: ) “Часта, а можа нават амаль заўсёды, розныя рэкорды, што імкнуцца ўсталяваць людзі, прыкладам у даўжыні кіданьня страўсавых яек ці шпацыраваньні на руках, са звычайным, штодзённым жыцьцём агульнага маюць няшмат. Штосьці падобнае можна сказаць і пра новы рэкорд сьвету ў хуткім чытаньні. Напярэдадані ў часе фэстывалю кнігі “Бібліяманія 2002” выпускніца аднаго з варшаўскіх ліцэяў за хвіліну прачытала аж 46 тысячаў 482 словы. Папярэдні рэкорд сьвету складаў трохі больш за 30, а Польшчы – 20 тысячаў словаў на хвіліну. Па чытаньні будучая аўтарка рэкорду, Каміла Корнэт, адказала на пытаньні, якія задаваліся, каб спраўдзіць разуменьне тэксту. Шчыра кажучы, цяжка ўявіць сабе, як можна прачытаць тэкст памерам прыкладна сто старонак за 60 сэкундаў, ды пры гэтым яшчэ і зразумець, пра што ў ім ідзе гаворка. Напэўна са мной будуць згодныя і бальшыня палякаў, якім на чытаньне прыкладна такой колькасьці мастацкага тэксту патрэбныя аж 12 месяцаў. Бо менавіта столькі, палову кніжкі, прачытвае сярэднестатыстычны паляк, цягам году. Такім чынам, сапраўды, масавага жаданьня выкарыстоўваць рэкорды – авалодваць тэхнікай супэрхуткага чытаньня, як і, зрэшты, тэхнікай кіданьня страусавага яйка – сярод звычайных людзей пакуль не назіраецца”.

Ды ўжо ладна. Хай сабе й павольна, але каб толькі чыталі.

Ёсьць аднак краіны, дзе традыцыйна шануюць кнігі. Напрыклад, маленькая Ірляндыя, зь якой паходзіць ажно чатыры ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Нядаўна адбылася падзея, якая пацьвердзіла пашану ірляндцаў да сваёй багатай літаратурнай традыцыі. Перадае наша “ірляндка” Вольга Хвайніцкая:

(Хвайніцкая: ) “Найвялікшая рукапісная калекцыя твораў вядомага на ўвесь сьвет ірляндца Джэймса Джойса была нарэшце дастаўленая на радзіму вялікага генія.

500 лістоў чарнавых запісаў пісьменьніка каштавалі Міністэрству культуры Ірляндыі больш за дванаццаць з паловай мільёнаў эўра. Сярод каштоўных папераў налічваецца 19 дакумэнтаў з накідамі і замалёўкамі раньняга пэрыяду творчасьці пісьменьніка, а таксама чарнавікі апошняга эпізоду раману стагодзьдзя “Ўліс”.

Назаўсёды пакінуўшы Дублін у 1912 годзе, Джойс, аднак, ніколі не адмовіўся ад сваёй “ірляндзкасьці” і дублінскіх каранёў. Так, першы зборнік “Дублінцы”, што выйшаў у Лёндане ў 1914 годзе, прысьвечаны жыхарам ірляндзкай сталіцы зь іх калярытнымі характарамі і своеасаблівым побытам жыцьця. У 1920 годзе Джойс селіцца ў Парыжы, дзе ў наступныя дваццаць гадоў народзяцца літаратурныя шэдэўры, што прынясуць пісьменьніку бессьмяротную славу і зробяць Дублін назаўжды любімым горадам нават для тых, хто ніколі яго не наведаў. Для прыкладу, кампазыцыя “Ўліса” ўяўляе бясконцы чэрвеньскі дзень, дзе сучасны Адысэй Леапольд Блюм блукае па дублінскіх вуліцах ды завулках з сапраўднымі назвамі, сустракаецца з рэальнымі людзьмі. Апошні раман “Хаўтуры па Фінэгану”, у якім Дублін зноў паўстае як цэнтар сусьвету і тэатар усёй гісторыі чалавецтва, быў надрукаваны ў 1939 годзе ў Парыжы. Тут блізкім сябрам і памочнікам Джойса зрабіўся Пол Леон, які цудам выратаваў чарнавікі і кнігі пісьменьніка, што разам з іншай маёмасьцю Джойса ў1940 годзе павінны былі трапіць на аукцыён. Да нядаўняга часу ўладальнікам рукапісных скарбаў быў Алекс Леон, сын Пола, якому бацька пакінуў у спадчыну каштоўныя паперы. На вялікі жаль, закаханаму ў Дублін Джойсу выпала памерці ў Швайцарыі, а ягоныя рукапісы былі доўгі час раскіданыя па сьвеце. Шлях, даўжынёй у дзясяткі гадоў, нарэшце скончыўся, і ўнікальныя паперы і сшыткі, што па праву належаць Дубліну, знайшлі сваё месца на паліцах Нацыянальнай бібліятэкі Ірляндыі. Цяпер, дзякуючы апошняму набыцьцю, бібліятэка будзе захоўваць самую буйную ў сьвеце рукапісную калекцыю вялікага майстра”.


Выглядае, што роля пісьменьніка як вешчуна, як сумленьня народу, да якога прыслухоўваецца грамадзтва за апошнія дзесяцігодзьдзі моцна пахіснулася з-за канкурэнцыі з боку тэлевізійных зорак. Аднак яшчэ вельмі часта слова пісьменьніка з трыбуны ўспрымаецца як ідэйная зброя. Асабліва ў гарачых кропках плянэты. З адной такой гарачай кропкі – карэспандэнцыя Ігара Рубінштэйна:

(Рубінштэйн: ) “У мінулую сераду ў Ізраілі адкрыўся штогадовы Тыдзень Кнігі – падзея, у рамках якой адбываюцца кніжныя кірмашы, распродажы, форумы выдаўцоў, а таксама сустрэчы чытачоў зь пісьменьнікамі. Ужо другі год запар адкрыцьцё Тыдня Кнігі апынулася пад пагрозай зрыву з-за буйнамаштабнага тэракту. Год таму гэта быў выбух у дыскатэцы “Дэльфінарыюм”, а гэтым разам – тэракт у аўтобусе, які забраў 17 жыцьцяў. Сытуацыя ў сфэры бясьпекі істотна абмяжоўвае і сьпіс мерапрыемстваў Тыдню, якіх звычайна ізраільскія чытачы цярпліва чакаюць цэлы год. Тым больш прыемнай і нечаканай сталася падзея, якая адбылася за два дні да адкрыцьця Тыдню Кнігі. У Ерусалімскім Габрэйскім Унівэрсытэце ўручалі ўзнагароду ганаровага доктара цэламу шэрагу навукоўцаў і дзеячоў культуры з сусьветным імем. Бадай, найбольш шаноўным госьцем быў Умбэрта Эка, славуты італьянскі філёзаф, лінгвіст і пісьменьнік, аўтар “Імя Ружы” і “Маятніка Фуко”.

Варта зазначыць, што за апошнія гады, што прайшлі пад знакам абвастрэньня арабска-ізраільскага канфлікту, шматлікія эўрапейскія філёзафы, пісьменьнікі, музыканты ўжо пасьпелі даволі выразна выказаць сваю пазыцыю ў сувязі з гэтым – у 99% выпадкаў гэта абсалютнае асуджэньне дзеяньняў Ізраілю і захапленьне нацыянальна-вызвольным рухам палестынскага народу. Вось і Эка чакалі ў Ізраілі са зьмяшанымі пачуцьцямі. Баяліся таго, што ў мясцовых цынікаў атрымала назву “эфэкту Сарамагу” - некалькі месяцаў таму нобэлеўскі ляўрэат з Партугаліі нанёс візыт у Сьвятую Зямлю і абклаў краіну, у якой гасьцяваў, такімі выразамі, што ад таго часу ягонае імя ў Ізраілі стала – справядліва або не – сынонімам эўрапейскага інтэлектуальнага антысэмітызму.

Умбэрта Эка зьдзівіў. Ён узьняўся на трыбуну і сказаў наступнае: “Калі я атрымаў гэтае запрашэньне, мяне пачалі мучаць сумневы, ці я маю права прыехаць на акадэмічную цырымонію у гэты цудоўны ўнівэрсытэт, вежу са слановай косткі, якая стаіць на зямлі Ерусаліму, ахопленай гэтымі днямі пакутамі і страхам. І я вырашыў, што гэты візыт адбудзецца. Ён важны перадусім як дэманстрацыя салідарнасьці з маімі ізраільскімі калегамі, з гэтай краінай, якая ваюе за права на існаваньне ў міры і згодзе, са Сьвятой Зямлёю, у якой, спадзяюся, людзі маюць права на жыцьцё, свабоднае ад гвалту, фанатызму і нянавісьці”. Вось так, ні больш і ня менш. Пасьля гэтага, вядома, прафэсар Эка сеў на свайго канька і хвілін пятнаццаць распавядаў пра імя Бога, аднак тыя ізраільцяне, якія чыталі ягоныя творы, прапускалі словы высокага госьця міма вушэй, а ўсе астатнія задаволіліся нагэтулькі нетыповай для эўрапейскага інтэлектуала палітычнай заявай”.


Літаратура-Школа-Улада. У межах гэтага трохкутніку разгарнуліся жарсьці ў аўстралійскім штаце Кўінзлэнд. Што яшчэ раз пацьвердзіла актуальнасьць кнігі ў жыцьці грамадзтва. Перадаю слова Вячаславу Елькановічу:

(Елькановіч: ) “Аўстралія мае добра ўпарадкаваную сыстэму ўлады. Фэдэральны ўрад і ўрады штатаў і тэрыторыяў займаюцца кожны сваімі пытаньнямі, ня ўмешваючыся ў справы адзін аднаго. Тут прэм'ер-міністар не агалошвае тэмы выпускных сачыненьняў у школах і не бярэ пад асабісты кантроль паступленьне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. На гэта ёсьць, як цяпер модна казаць, адпаведныя структуры. Так, фэдэральны ўрад ёсьць адказным за абарону, іміграцыйную палітыку, сацыяльную абарону насельніцтва краіны, тым часам як урады штатаў і тэрыторіяў займаюцца, паміж іншым, аховай здароўя й школьнай адукацыяй. І яшчэ ніколі не было, каб фэдэральны ўрад патрабаваў ад ураду якога-небудзь штату зьмяніць, напрыклад, школьную праграму.

Таму многіх зьдзівіла, калі фэдэральны ўрад запатрабаваў ад Міністэрства школьнай адукацыі штату Квінзлэнд выкрасьліць са школьных праграмаў вывучэньне кнігі Марка Рыда "Рэзальніка" [Mark 'Chopper' Read] "Калека-прагульшчык" [Hookey the Cripple]. Чым жа так не спадабалася кніга аўстралійскім палітыкам? Дзеяньне "Калекі-прагульшчыка" адбываецца ў 16-м стагодзьдзі. Ня буду падаваць поўны зьмест твору, толькі скажу, што гэта гісторыя гарбатага сына прастытуткі, які 21 ўдарам нажа ў галаву забівае гаспадара мясной крамы, што зь яго зьдзекваўся.

Міністэрства школьнай адукацыі штату Квінзлэнд згоднае, што кніга не прыдатная для вывучэньня ў пачатковай школе. Аднак квінзлэндзкія пэдагогі лічаць, што для вучняў старэйшых клясаў яна павінна быць карысная, бо, маўляў, адлюстроўвае сапраўднае жыцьцё і ўзьнімае важныя пытаньні маралі. Можа, так і спрачаліся б палітыкі з пэдагогамі аб літаратурных якасьцях і недахопах твору, каб не асоба аўтара "Калекі-прагульшчыка". Справа ў тым, што Марк Рыд сам ёсьць забойцам-рэцыдывістам. Мянушка "Рэзальнік" яму была дадзеная за надзвычайную жорсткасьць і жахлівы характар забойстваў, якія ён учыніў пэўны час таму. Адседзеўшы за кратамі прысуджаны яму тэрмін, забойца ўзяўся за пяро. Абураны фэдэральны міністар адукацыі Брэндан Нэлсан, які сочыць, каб школы ўсіх штатаў давалі вучням роўныя веды, заявіў літаральна наступнае: (я цытую) "Няважна, што ён напісаў: працяг казкі Беласьнежка й сем гномаў ці гісторыю хлопца, які забіў чалавека 21 ударам нажа ў галаву. Важна, каб мы як нацыя сьвядома не рабілі героем асобу, якая прынесла столька гора іншым людзям". Як і паўсюль у сьвеце, у Аўстраліі міністраў часьцей ганяць, чым хваляць. Але гэтым разам грамадзкасьць краіны падтрымала фэдэральнага міністра, а Міністэрства школьнай адукацыі штату Квінзлэнд выкрасьліла "Калеку-прагульшчыка" Марка Рыда са школьных праграмаў. Вось такі Happy Ending”.


І яшчэ пра адзін сацыяльны аспэкт літаратурнага жыцьця. Тэлевізія сёньня – безумоўна галоўны канкурэнт літаратуры і кнігі наагул. Пра цікавы выпадак, калі тэлезорка непасрэдна ўплывае на літаратурна-чытацкі сьвет, распавядае з Вашынгтону Ірына Курапаткіна:

(Курапаткіна: ) “Опра Вiнфры – папулярная тэлевiзiйная асоба, вядучая ток-шоў, акторка, а таксама ўладальнiца мэдыя-iмпэрыi, у якую таксама ўваходзяць вытворчая кампанiя i часопiс “О”, мае вялiкi ўплыў i ў сьвеце выдавецкiм. Шэсьць гадоў таму ў рамках ўласнага ток-шоў Опра пачала рубрыку, прысьвечаную кнiгам. Вядучая знаёмiла шматмiльённую аўдыторыю ва ўсiм сьвеце з новай лiтаратурай, з кнiгамi якiя яе кранулi i ўразiлi. Штомесяц той або iншай кнiзе прысьвячалася ўласна перадача, гэта было проста ток-шоў, пакуль Опра, а потым i выдавецтвы, не зразумелi, што перадачы прысьвечаныя кнiгам, сталi фэнамэнальнай зьявай, што кожная кнiжка пасьля прамоцыi ў ток-шоў амаль iмгненна станавiлася бэстсэлерам, прадавалiся сотнi тысячаў асобнiкаў. Так зьявiуся “Кнiжны клюб Опры”. Рэкамэндацыя Опры стала вiзытоўкай i шчасьлiвым квiтком для шматлiкiх аўтараў. Некаторыя аўтары абраных ёй кніг – такія, як Барбара Кiнгсолвер і Джонатан Фрэнзэн – нават атрымалi прэстыжныя лiтаратурныя ўзнагароды.

Трэба зазначыць, што ў лiтаратурных i iнтэлектуальных колах стаўленьне да кнiжнага клюбу Опры далёка не адназначнае. Некаторыя аўтары лiчаць, што лягатып клюбу на iхных кнiжках шкодзiць iхнай лiтаратурнай рэпутацыi. Дарэчы, Джонатан Фрэнзэн выказаў занепакоенасьць, калi ягоная кнiга была абраная Опрай для рэкамэндацыi, ён палiчыў, што такая прамоцыя не дапаможа, а хутчэй зашкодзіць ягонаму рэнамэ ў сьвеце высокай лiтаратуры. Пазьней Опра адклiкала рэкамэндацыю i выказала з гэтай нагоды шкадаваньне, зазначыўшы, што раман Фрэнзэна “Папраўкi” – сапраўды варты ўвагi. Але, нягледзячы на крытыку, унiкальная зьява, якой стаў кнiжны клюб Опры ў справе прапаганды лiтаратуры ў век тэлевізіі i кампутараў, працягвае ўражваць. Прыкладна месяц таму Опра заявiла, што цяпер перадачы прысьвечаныя кнiгам будуць зьяўляцца не штомесяц, як раней, а толькi ў тым выпадку, калi нешта сапраўды цiкавае i годнае прыцягне ўвагу вядучай. Яна зазначыла, што апошнiм часам ёй асабiста было вельмi няпроста спалучаць шмалiкiя абавязкi, але яна палiчыла неадказным даручаць кнiжную справу каму-небудзь iншаму. Опра лiчыць кнiжны клюб адным з найбольш важных дасягненьняў у жыцьцi i па-ранейшаму застаецца адданай справе папулярызацыi лiтаратуры як сярод дарослых, так i сярод дзяцей. Апошняй, 46-ай кнiгай, на вокладцы якой зьявiлася лога кнiжнага клюбу Опры, быў абраны раман ляўрэаткi Нобэлеўскай прэмii 1993 году Тонi Морысан – “Сула”.


Такім чынам, кніжная цывілізацыя жыве надалей. Сьвет чытае – хутка і павольна, шмат і мала, клясычныя раманы і налепкі ад піва, зьлева направа і справа налева а некаторыя нават зьверху ўніз (вось толькі зьнізу ўверх, здаецца, ніхто не чытае). Разьвітваючыся з вамі, жадаю вам цікавых кніг, часопісаў, газэт, шыльдаў, абвестак, квіткоў і субтытраў.

Не забудзьцеся часам адарвацца ад чытаньня, каб паслухаць перадачы беларускай Свабоды. Да сустрэчы ў наступную нядзелю з новымі незвычайнымі, дзівоснымі і забаўнымі гісторыямі тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG