(Карэспандэнт: ) “Мэта вашага візыту і вашага намесьніка Яраслава Раманчука – гэта сустрэчы ў сакратарыяце прэзыдэнта Жака Шырака і Міністэрстве замежных справаў. Якія тэмы вы плянуеце абмеркаваць з францускімі палітыкамі?”
(Лябедзька: ) “Нашая паездка двухузроўневая. Па-першае, гэта ўдзел у слуханьнях па гучных беларускіх справах у Камітэце па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. У ім бяруць удзел жонкі зьніклых палітыкаў, а таксама маці журналіста Зьмітра Завадзкага. На гэтым узроўні мы проста аказваем, так бы мовіць, арганізацыйна-тэхнічную дапамогу.
Другая складовая частка – гэта палітычныя сустрэчы. Сёньня ў нас адбудзецца сустрэча ў Міністэрстве замежных справаў з адказным у справах правоў чалавека. У гэтай сустрэчы апроч мяне і сп. Раманчука возьмуць удзел спн. Клімава, Завадзкая, Ганчар і Красоўская. Праз гадзіну пасьля гэтай сустрэчы адбудзецца сустрэча з дарадцам прэзыдэнта Францыі Жака Шырака па міжнародных пытаньнях. На гэтых сустрэчах мы будзем абмяркоўваць больш шырокае кола пытаньняў, пачынаючы ад палітычнай сытуацыі ў Беларусі, пэрспэктываў яе разьвіцьця.
Мы прывезьлі сюды дакумэнты аб сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі і таксама наш погляд і погляд сяброўскіх партыяў на тое, як будуць далей разьвівацца падзеі. Натуральна, мы хацелі б убачыць пазыцыю Францыі, якая займае важнае месца ў эўрапейскай палітыцы. Апроч гэтага, падчас другой сустрэчы мы перадамо ліст жонак і маці зьніклых палітыкаў да прэзыдэнта Шырака, і я ведаю, што адразу пасьля сустрэчы з намі ягоны дарадца будзе кантактаваць з Жакам Шыракам, і я спадзяюся, што ўжо сёньня гэты ліст прачытае Жак Шырак”.
(Карэспандэнт: ) “Анатоль, у 1996 годзе, калі Лукашэнка наведаў Парыж, у францускіх палітыкаў, у кіраўнікоў Францыі існавалі ілюзіі, быццам яны змогуць яго павярнуць да дэмакратыі. Потым, як мы ведаем, гэтыя ілюзіі не спраўдзіліся. Вы ўжо, відаць, сустракаліся з францускімі палітыкамі і ў гэтыя дні, і раней – як бы вы ахарактарызавалі стаўленьне францускіх палітыкаў да сытуацыі ў Беларусі?”
(Лябедзька: ) “Трэба шчыра прызнаць, што Францыя больш актыўна працуе не на ўсходнім кірунку эўрапейскай палітыкі. Але, разам з тым, у Эўрапейскім Зьвязе пазыцыя Францыі вельмі істотная, і за гэты час адбыўся пэўны перагляд стаўленьня да Беларусі. Так, у 1996 годзе былі спадзяваньні, што досыць даць некалькі ўрокаў дэмакратыі, і Лукашэнка зьменіць сваю пазыцыю. Мы ведаем, што з гэтага атрымалася – гэты прыклад я часта прыводжу францускім палітыкам, – прыляцеўшы з Францыі, у аэрапорце на пытаньні журналістаў аб уражаньнях ад візыту ён адказаў, быццам Жак Шырак сказаў, што многае з досьведу Беларусі трэба пераймаць Францыі. Гэта выклікае ня толькі ўсьмешку, але і пэўныя апраўданьні з боку Францыі.
Сёньня, я думаю, такіх ілюзіяў не існуе. Разам з тым мы адзначаем, што ў цэлым у Эўропе наглядаецца “паправеньне” палітыкі, прыходзяць людзі больш жорсткіх поглядаў, і я думаю, што якраз тэма правоў чалавека, сытуацыі ў Беларусі можа гучаць больш жорстка.
Я думаю, што мы пасьля візыту ў Францыю зможам сказаць, што знайшлі тут лабістаў беларускіх дэмакратаў і родных і блізкіх ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Такія спадзяваньні ёсьць.
Нам хацелася б, каб Францыя больш актыўна працавала па беларускім пытаньні. Гэта самая галоўная задача, як на ўзроўні двухбаковых стасункаў, так і на ўзроўні міжнародных арганізацыяў – Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і АБСЭ. Вельмі важныя сэсіі ў чэрвені і ліпені пройдуць у Бэрліне й Страсбуры, і шмат што будзе залежыць ад пазыцыі Францыі”.
(Карэспандэнт: ) “І апошняе пытаньне. Напэўна, вы ўжо бачылі сёньняшнія парыскія газэты: у Парыжы працягваюць абмяркоўваць вынікі сустрэчы ў Рэйк’явіку, якая, як вядома, стала новым этапам збліжэньня Расеі з Захадам, з НАТА. Адзначым, што напярэдадні Рэйк’явіку падчас юбілейнага саміту ў Маскве краінаў-сябраў дамовы аб калектыўнай бясьпецы Лукашэнка заявіў, што дамова мусіць стаць магутным цэнтрам моцы, зь якім НАТА давядзецца лічыцца, скажам так, цэнтрам супрацьстаяньня НАТА. На вашую думку, як збліжэньне Расеі з НАТА адаб’ецца на яе стасунках са сваім саюзьнікам, зь Беларусьсю?”
(Лябедзька: ) “Гэта адзін з падмуркаў нашай міжнароднай палітыкі. Мы ўлічваем гэты фактар. На працягу многіх гадоў Лукашэнка будаваў сваю замежную палітыку на канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам. Тады з боку Крамля быў попыт на Аляксандра Лукашэнку і ягоную агрэсіўную палітыку.
Пасьля падзеяў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне сытуацыя істотна зьмянілася. Зараз зьнікла канфрантацыя ў тым абліччы, у якім яна існавала на працягу дзесяцігодзьдзяў. Але Лукашэнка не заўважыў гэтага, і ён зноў прапануе сябе як тавар для Расеі, які будзе выконваць пэўныя функцыі ў стасунках з Захадам.
Я думаю, што на гэтым этапе ён ператварыўся якраз у фактар, які дыскрэдытуе Пуціна, які імкнецца будаваць зусім іншую палітыку, імкнецца стварыць сабе пазытыўны вобраз на Захадзе, і Лукашэнка гэтаму перашкаджае. Адна ягоная заява, гэткі агрэсіўны выпад супраць Захаду, паводле нашай інфармацыі, выклікаў вельмі нэрвовую рэакцыю з боку Пуціна. Ён зрабіў спробу зьмякчыць гэта, але відаць, што стасункі паміж Лукашэнка і Пуціным пагаршаюцца.
Мы павінны гэта выкарыстаць у Эўропе. Зараз Пуцін актыўна сустракаецца з эўрапейскімі палітыкамі і з прэзыдэнтам Бушам, і мы павінны гэта выкарыстаць як фактар пэўнага ўзьдзеяньня з боку эўрапейскіх палітыкаў і Вашынгтону на Пуціна. Пуцін павінен прызнаць, што апошні аўтарытарны рэжым у Беларусі – гэта чорная пляма, якая кідае цень таксама і на яго. І калі ён хоча пазбавіцца гэтага, ён павінен рабіць канкрэтныя крокі ў стасунку да афіцыйнага Менску і да Лукашэнкі. Я думаю, што на адкрытую падтрымку з боку Крамля сёньня Лукашэнка зь яго пазыцыяй ня можа разьлічваць”.