Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКІ КАНФЭРЭНЦЫІ Ў ЖЭНЭВЕ ЛІЧАЦЬ, ШТО ВЫЗВАЛІЦЬ БАНДАЖЭЎСКАГА НАДЗВЫЧАЙ ВАЖНА


Алена Панкратава, Менск

Плянуецца, што гэтыя пытаньні — вызваленьне гомельскага навукоўца Юрыя Бандажэўскага, а таксама скасаваньне артыкулу №1 у дамове паміж Усясьветнай арганізацыяй аховы здароўя і МАГАТЭ ад 1959 году, згодна зь якім навукоўцы ня могуць друкаваць сваіх досьледаў пра радыяцыйныя наступствы бяз санкцыі Агенцтва ў справе ядзернай энэргетыкі, будуць абмеркаваныя пасьлязаўтра, 15 траўня.

У гэты дзень на паседжаньне міністраў аховы здароўя будуць запрошаныя аўтарытэтныя мэдыкі ды прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, уключна з такімі як “Лекары супраць ядзернай вайны”, Лябараторыя незалежнага радыялягічнага кантролю (КRIIRAD), “Amnesty International” ды іншыя.

У часе абмеркаваньня міністрам аховы здароўя будзе прадэманстраваны фільм швайцарскіх тэлевізійнікаў “Ядзерная хлусьня”. Днямі гэтая работа была паказаная ў Парыжы ў цэнтры Пампіду, а таксама па італьянскім тэлебачаньні. Як лічыць швайцарскі навуковец, прафэсар мэдыцыны з Базэлю Андрэас Нідэкер, гэты фільм дастаткова глыбока і аб’ектыўна падае прапанаваныя для абмеркаваньня праблемы.

(Нідэкер: ) “Дзевяць гадоў Бандажэўскі як клінічны патолягаанатам працаваў у Чарнобыльскай зоне і канстатаваў усю відавочнасьць узьдзеяньня ў малых дозах цэзію-137 на здароўе дзяцей і дарослых. Трапляючы ў арганізм разам зь ежай, гэты элемэнт з кожным разам усё больш пачынае разбураць яго. Паводле Бандажэўскага, тая спэцыфічная карціна гэтак званай раптоўнай, незразумелай сьмерці, якая сустракаецца апошнім часам сярод беларусаў, наўпрост зьвязаная са сталым узьдзеяньнем малых дозаў радыяцыі.

Мы, калегі Бандажэўскага, лічым, што досьледы гомельскага калегі могуць стаць крыніцай для банку зьвестак, паводле якіх вывучаюцца вынікі катастрофы. Аднак большасьць дасьледаваньняў Бандажэўскага, на жаль, адхіленая прадстаўнікамі Агенцтва ў справе ядзернай энэргетыкі”.

Як і шэраг іншых вядомых эўрапейскіх лекараў, якія пасьлязаўтра сустрэнуцца зь міністрамі аховы здароўя розных краінаў сьвету, прафэсар Нідэкер перакананы, што сапраўдная прычына, паводле якой Бандажэўскага пазбавілі волі — у сваіх досьледах ён закрануў інтарэсы атамнага лёбі.

Прадстаўнікі мэдычных колаў і шэрагу няўрадавых арганізацыяў, якія сёньня прыбылі ў Жэнэву, плянуюць 15 траўня таксама правесьці адмысловую акцыю ў падтрымку свайго беларускага калегі. У гэты дзень каля будынку ААН адбудзецца распродаж адмысловых маек з надпісам “Свабоду Бандажэўскаму”. Мінакі будуць запрошаныя на фільм “Ядзерная хлусьня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG