Падчас цырымоніі падпісаньня амбасадар Нямеччыны Гельмут Фрык выказаў спадзяваньне, што Беларусь ратыфікуе пагадненьне ў справе догляду нямецкіх пахаваньняў часоў другой усясьветнай вайны.
Аналягічны праект у справе высьвятленьня абставінаў гібелі вайскоўцаў падчас другой усясьветнай вайны з 1999 году Нямеччына рэалізоўвае супольна з Расеяй. Вынік гэтага супрацоўніцтва — кнігу з імёнамі загінулых расейскіх салдат — канцлер Нямеччыны Шродэр падараваў расейскаму прэзыдэнту Пуціну. У сьпісе загінулых ёсьць нямала імёнаў беларусаў. Таму аналягічную працу нямецкі фонд "Саксонскія мэмарыялы ў памяць ахвяраў палітычнай тыраніі" распачынае і зь Беларусьсю. Але гэта не пачатак, а працяг супрацоўніцтва, бо нямецкія архівісты зрабілі шмат, каб высьветліць лёс грамадзянаў Беларусі, вывезеных на прымусовыя працы. Гаворыць адзін з падпісантаў дамовы зь беларускага боку, дырэктар Нацыянальнага цэнтру архіваў і справаводзтва Беларусі Ўладзімер Адамушка:
(Адамушка: ) "Гэты праект выгадны для абодвух бакоў, бо ў нас ёсьць дакумэнты, якія датычаць салдатаў вэрмахту, а ў архівах фонду "Саксонскі мэмарыял" ёсьць дакумэнты пра беларусаў".
Паводле падпісанай дамовы, копіі 50 тысяч архіўных дакумэнтаў на беларусаў, якія загінулі ў нямецкіх канцлягерах, будуць адасланыя ў Нямеччыну, дзе дасьледчыкі будуць высьвятляць абставіны іх гібелі. Падчас цырымоніі падпісаньня прадстаўнік фонду "Саксонскі мэмарыял у памяць аб ахвярах палітычнай тыраніі" спадар Мюлер сказаў, што адчувае шкадаваньне й боль за тое гора, якое нямецкі фашызм прынёс народу Беларусі. І што гэтым прадыктаваны клопат пра пахаваньні савецкіх салдатаў на тэрыторыі Нямеччыны, а таксама ідэя супрацоўніцтва.
У сваю чаргу амбасадар Нямеччыны Гельмут Фрык у сваёй прамове выказаў спадзяваньне, што Беларусь ратыфікуе пагадненьне пра догляд магілаў нямецкіх салдат, якія ёсьць на тэрыторыі Беларусі.
(Фрык: ) "Мы разумеем чаму доўгі час адкладваецца ратыфікацыя дамовы. І ў нашай краіне ёсьць людзі, якім цяжка зрабіць крок, каб перадолець мінулае. Але мы спадзяемся, што падпісаньне сёньняшняга пагадненьня ёсьць новым крокам на гэтым шляху".
Нагадаю, што двухбаковая беларуска-нямецкая дамова пра догляд нямецкіх пахаваньняў была падпісаная яшчэ ў 1996 годзе, аднак з прычыны пратэсту вэтэранскіх арганізацыяў не ратыфікаваная да сёньня. Аналягічныя дамовы ў Расеі й Украіне дзейнічаюць адпаведна з 1992 і 1996 гадоў. Тым часам днямі пратэст супраць ратыфікацыі пагадненьня Беларусяй у так званую палату прадстаўнікоў чарговы раз даслалі камуністы Слоніму.