Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІТОЎСКІМ СОЙМЕ РАСПАЧАЛІСЯ СЛУХАНЬНІ ПРА ПАРУШЭНЬНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Тацяна Поклад, Вільня

Сёньня пачаліся парлямэнцкія слуханьні і прэсавая канфэрэнцыя з удзелам Ірыны Красоўскай, Тацяны Клімавай і Юліі Чыгір. Літоўскія мас-мэдыі ўжо адзначылі сапраўды вялікую цікавасьць да “беларускага пытаньня” з боку літоўскіх палітыкаў.

На першыя слуханьні прыйшлі прадстаўнікі ўсіх парлямэнцкіх партыяў Літвы, у тым ліку кіраўнік фракцыі кансэрватараў В.Ляндсбэргіс, сябра фракцыі сацыял-лібэралаў, старшыня Соймавага Камітэту па справах НАТО В.Станкевіч, старшыня літоўскай дэлегацыі ПАСЭ Ёнас Чэкуоліс, старшыня парлямэнцкага Камітэту па правох чалавека Арменас Лідзека ды многія іншыя.

Былі таксама старшыні жаночых фракцыяў усіх парлямэнцкіх партыяў, прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў. У Соймавай Люстэркавай залі, дзе адбываліся слуханьні, не хапала крэслаў – давялося прыносіць болей.

Пачатак слуханьняў камэнтуе Раса Юкневічэне, дэпутатка, намесьніца старшыні Соймавага Камітэту па справах НАТО:

(Юкневічэне: ) “Дзе толькі магу, я імкнуся ўздымаць беларускае пытаньне. Мне даводзілася часта гаварыць пра Беларусь падчас працы на сэсіях і камітэтах Парлямэнцкай Асамблеі НАТО. Апрача таго, мяне гэта хвалюе як чалавека, як кабету. Як грамадзянка Літвы я разумею, што дэмакратычныя працэсы ў Беларусі й посьпех Літвы маюць сувязь – мы проста хацелі б жыць у агульнай дэмакратычнай прасторы, з агульнымі каштоўнасьцямі. Гэта мусіць быць нашай найвялікшай мэтай.

Рэжым Лукашэнкі ня вечны, усё ж некалі ён скончыцца – толькі што далёка ня ўсё залежыць ад нас ці ад Захаду. Паводле майго глыбокага перакананьня – ключ ад дэмакратыі ў Беларусі знаходзіцца ў Крамлі.

Мы будзем рабіць усё магчымае ў справе зьніклых беларускіх палітыкаў, каб далучыліся парлямэнтары іншых краінаў, каб зрушыць гэтую справу – мы сапраўды можам гэта зрабіць. Я асабіста буду гаварыць пра гэта ў Баўгарыі, на парлямэнцкай сэсіі Асамблеі НАТО”.

На сёньняшніх слуханьнях выступаў і Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Па заканчэньні слуханьняў ён сказаў:

(Лябедзька: ) “Бачна, што ёсьць палітычная воля з боку парлямэнту Літвы. Сёньня прысутнічалі ўсе фракцыі – патрэбны час, каб новы склад парлямэнту зразумеў сутнасьць справы. Такія слуханьні вельмі патрэбныя, бо палітыкі маюць магчымасьць паслухаць і простых грамадзянаў Беларусі – вось такіх, як жонкі пацярпелых палітыкаў. Вельмі істотна, што літоўскія дэпутаты бяруць на сябе функцыі лябістаў – такія слуханьні прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці”.

Літва мяркуе высунуць праблему правоў чалавека ў Беларусі на разгляд у эўрапейскіх і НАТАўскіх структурах і лябіраваць стварэньне незалежнай міжнароднай камісіі, якая дасьледуе зьнікненьні й зьняволеньні людзей у Беларусі ды разгледзіць дадатковыя спосабы ўплыву на адміністрацыю Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG