Лукашэнка паабяцаў, што сам 1 сьнежня прыедзе адкрываць новую, як ён выказаўся, "фабрыку здароўя" для народу.Такім чынам, ужо сёлета ў Беларусі павінны зьявіцца штучная гарналыжная траса, некалькі новых лядовых палацаў, аквапарк і ўжо згаданы крыты футбольны манэж.
Сёньня на чарговай ударнай будоўлі Беларусі шматлюдна; мноства разнастайнай тэхнікі. Бульдозэры ў літаральным сэнсе кінутыя ў атаку на падрыхтоўку падмурку для будучага крытага футбольнага манэжу. Дзясяткі самазвалаў вывозяць пясок, насустрач іншыя вязуць жалезабэтонныя пліты. Падобна, што ўчорашнія пагрозы Аляксандра Лукашэнкі разабрацца зь неахайнымі чыноўнікамі маюць пэўны плён.
Якраз быў абед і бальшыня будаўнікоў, якія працуюць на падмурку стадыёну, былі ў вагончыках. Я пайшоў на гук галасоў. У вагончыку амаль нічога ня бачна ад цыгарэтнага дыму. Каля дзясятка мужчынаў з імпэтам гуляюць у "дурня". З парога пытаюся, які настрой пасьля ўчорашняга разносу Лукашэнкі на адрас адказных за будаўніцтва структураў?
(Будаўнікі: ) "Можаце сказаць: Лукашэнка грошай будаўнікам ня плаціць, таму няхай не чакае да сьнежня".
(Будаўнік: ) "Вось гэта правільна. Пазразалі ўсю зарплату, дык што зараз патрабаваць?"
(Прараб: ) "Вы мне скажыце: як можна зрабіць танна, але на эўрапейскім ўзроўні? За кошт чаго будаваць?"
(Карэспандэнт: ) "На гэта Лукашэнка ўчора сам адказаў: інвэстыцыі, сваіх бізнэсоўцаў трэсьці..."
(Прараб: ) "Пра якіх бізнэсоўцаў? У нас ужо няма з каго трэсьці!"
(Карэспандэнт:) "Той жа "Трайпл”...
(Прараб: ) "Ну, "Трайпл"... Што, мы ня ведаем, што гэта за фірма? Будаўнікі зараз практычна збанкрутавалі, абаротных сродкаў няма, новая тэхніка не набываецца. Таму, каб зрабіць нармальна, атрымліваецца вельмі дорага".
(Карэспандэнт: ) "Дорага на колькі: пяць мільёнаў даляраў — гэта мала?"
(Прараб: ) "Прыкладам, па сетках. Так, як закладзена, танна іх ня зробіш".
(Карней: ) "Аптымізму мала, я так разумею?"
(Прараб: ) "Аптымізм ёсьць, ня трэба (сьмяецца)..."
(Адзін з будаўнікоў: ) "Гэта ў народу аптымізму няма, а там, наверсе, аптымізм заўсёды ёсьць".
(Другі будаўнік: ) "Каб заробак яшчэ хоць давалі. А так тысяч па 120 можа атрымаем".
(Карней: ) "Дык быццам асаблівая будоўля, прэзыдэнцкая".
(Будаўнік: ) "Што значыць асаблівая: вакзал таксама быў асаблівай будоўляй. А потым здымалі штрафамі, усе гэтыя грошы назад забралі. Тое што асаблівая — гэта ўсё лухта. Заробак у будаўніка два гады стаіць на месцы. Толькі крычаць "эўрапейскі ўзровень дайце", а жывіце як якія-небудзь арабы, напаўгалодныя".
Натуральна, зыпытваю, ці зьбіраюцца будаўнікі пасьля таго, як аб'ект будзе здадзены, ганяць мяч тут, у Драздах, што літаральна насупраць месца жыхарства Лукашэнкі:
(Будаўнікі: ) "Асабіста нам ён... Я прынамсі з Шабаноў сюды не прыйду”.
(Іншы будаўнік: ) “Мне з Чыжоўкі таксама ехаць сюды нязручна. Вы ж разумееце, усё навокал разваленае, а яны будуюць палацы, стадыёны. Каму яны патрэбныя? Будаваць можна дамы: плацілі б нармальныя заробкі, людзі набывалі б кватэры, жыло б будаўніцтва. А так уразаюць заробкі, людзі ўжо самага таннага нічога купіць ня могуць".
(Карней: ) "А вас наагул можа тут хоць кормяць? З прэзыдэнцкага фонду, раз будоўля прэзыдэнцкая?"
(Будаўнікі: ) (сьмяюцца) “Сабойку ўзяў, вось і ўсё... Заробку не атрымлівалі, так што якое тут харчаваньне. Вось дадуць..."
(Будаўнік: ) "Ваня, прайшлі гады аптымізму, ужо цягам году я ніводнага разу не атрымаў заробак своечасова. А есьці хочацца”.
(Карней: ) "Ну, дзякуй, жадаю вам укласьціся ў тэрмін".
(Будаўнікі: ) "Ня ведаем наконт укласьціся, але нас тут пакладуць дакладна".
Вяртаючыся на аўтобусны прыпынак, зьвярнуў увагу на сярэдніх гадоў мужчыну, які разглядаў будоўлю. Сказаў, што жыве якраз насупраць. А на маю заўвагу — маўляў, блізка будзе займацца актыўным адпачынкам, — адказаў:
(Жыхар Вясьнянкі: ) "Ды наўрад ці. Калі ў людзей няма грошай для існаваньня, які можа быць стадыён? Не для нас, простых, усё будуецца, для выбраных. Калі глядзець на эканамічны стан краіны, ня ведаю, адкуль возьмуць сродкі. Зноў забяруць у звычайнага чалавека, абрэжуць заробак. Коштам гэтага мо й пабудуюць. Такія будоўлі прынцыпова павінны рабіцца за дзяржаўныя сродкі. Але навошта распачынаць тое, на што няма грошай? Каб паказаць, які моцны і мудры кіраўнік ў краіне? Трэба падымаць эканоміку, і толькі потым будаваць усю гэтую лухту. Гэта ня так важна зараз. Тэхналёгіі трэба купляць, запускаць вытворчасьць, каб яна нармальна працавала. Будуць грошы, будзе ўсё будавацца. А так..."