Толькі сёньня стала вядомая афіцыйная падстава аўстрыйскай паездкі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён падаў для атрыманьня шэнгенскае візы. На мой запыт аўстрыйскаму Міністэрству замежных справаў адказаў прэсавы сакратар амбасады Аўстрыі ў Маскве Вольфганг Баньяі, які сказаў пра спадара Лукашэнку наступнае:
(Баньяі: ) “Я магу заявіць, што ён знаходзіцца ў Аўстрыі зараз у сваёй ролі прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі”.
Амбасада Аўстрыі ў Маскве займаецца ня толькі Расеяй, але й Беларусьсю, таму можа выдаваць візы беларускім грамадзянам. Ці зьвяртаўся туды Аляксандар Лукашэнка? Афіцыйны прадстаўнік амбасады спадар Баньяі сёньня заявіў:
(Баньяі: ) “Я магу зараз цалкам выключыць тое, што віза была выдадзеная нашай амбасадай. Таму візу, напэўна, мусіла выдаць нямецкая амбасада ў Менску”.
Вольфганг Баньяі дадаў, што самалёт Аляксандра Лукашэнкі прызямліўся ў Вене 8 сакавіка й застанецца там да нядзелі, 17-га. На маё пытаньне, ці не супярэчыць гэтая паездка абмежаваньням Эўразьвязу на кантакты з цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі, спадар Баньяі адказаў гэтак:
(Баньяі: ) “Гэта проста больш-менш прыватны візыт. І няма санкцыяў супраць прыватных візытаў”.
Нямецкая ж амбасада ў Менску сёньня зноў заявіла, што візавыя пытаньні Нямеччына не камэнтуе ні пры якіх абставінах ва ўсім сьвеце. Аднак там пацьвердзілі, што кароткатэрміновыя візы для паездкі ў Аўстрыю выдаюцца беларускім грамадзянам нямецкай амбасадай у Менску.
Нагадаю, што ў 1997 годзе — пасьля апошняга рэфэрэндуму, яшчэ да скандалу з Драздамі ў 1998 годзе — Эўрапейскі Зьвяз усталяваў абмежаваньні на кантакты з кіраўніцтвам Беларусі — на ўзроўні міністраў, іх намесьнікаў і, натуральна, вышэйшым. Гэтыя санкцыі дзейнічаюць дагэтуль.
Таму Аляксандар Лукашэнка можа трапіць у Эўразьвяз толькі як прыватная асоба. Прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі там таксама разглядаюць як прыватную асобу.
Навошта тады Аляксандру Лукашэнку спатрэбіўся ў Аўстрыі статус прэзыдэнта НАК? Вось як адказаў на гэтае пытаньне генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Анатоль Іваноў:
(Іваноў: ) “Першы раз чую, што ён зь візай прэзыдэнта НАК. Ня ведаю. Упершыню чую. У любым выпадку ён — прэзыдэнт краіны, ён едзе як прэзыдэнт краіны. А дадаткова — так, ён можа быць як прэзыдэнт НАКу. Адзінае што — я яму пісаў пра тое, хто такі прэзыдэнт НАК Аўстрыі, хто такі генэральны сакратар НАК Аўстрыі. Вось і ўсё".
(Карэспандэнт: ) "І што ён там робіць — вы ня ведаеце".
(Іваноў: ) "Паняцьця нават ня маю".
(Карэспандэнт: ) "А вось такія чуткі ходзяць, што ён там лечыцца. Гэта праўда ці не?"
(Іваноў: ) "Ну, гэта ж вы не да мяне. Гэта вы ў прэсавую службу прэзыдэнта патэлефануйце".
(Карэспандэнт: ) "Там сказалі, што спортам займаецца..."
(Іваноў: ) (сьмяецца) "Я гляджу тэлевізар гэтаксама, як і вы".
(Карэспандэнт: ) "Тэлебачаньне, дарэчы, нічога не паведамляе — беларускае”.
(Іваноў: ) "Дык я вось пра гэта й кажу. І прэсу тую самую чытаю".