Удзельнікі: Валянцін Курдзюк, Уладзімер Лакіза.
Зімовая алімпіяда ў Cолт-Лейк-Сыты набыла сёньня новы сэнс. Пасьля 11 верасьня, калі сьвет адчуў рэальную пагрозу вайны, спартовыя баталіі на стадыёнах, трасах ды пляцоўках могуць выглядаць як сродак менавіта такім чынам, замест зброі і тэрору, сьцьвярджаць перавагу сілы і вырашаць канфлікты. Гонар і вядомасьць сваім краінам здабываюць там не ваяры, а спартоўцы. На жаль, беларуская зборная пакуль ня шмат зрабіла для таго, каб уганараваць сваю краіну, аднак, гэта яшчэ ня сьведчыць пра слабасьць беларускай спартовай школы ўвогуле. Многія яе выхаванцы сёньня пасьпяхова працуюць у розных краінах сьвету, дзе са спартоўцамі і трэнэрамі зь Беларусі ахвотна заключаюць кантракты.
У нашай перадачы мы будзем размаўляць зь беларускімі трэнэрамі, якія маюць вопыт працы за мяжою. Першы зь іх Валянцін Курдзюк, трэнэр па лёгкай атлетыцы, ён ўжо больш як тры гады працуе ў Савудаўскай Арабіі, у адным з гарадоў на ўзьбярэжжы Чырвонага мора.
Гаворыць Валянцін Курдзюк.
(Курдзюк: ) “Мяне запрасілі як трэнэра нацыянальнай зборнай па скоках у вышыню. Гэта мае непасрэдныя абавязкі – рыхтаваць спартоўцаў нацыянальнай зборнай, у прыватнасьці, скакуноў у вышыню, да розных міжнародных спаборніцтваў, пераважна – арабскія чэмпіянаты, чэмпіянаты сярод краінаў Пэрсыдзкай затокі і азіяцкія”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Валянцін, як увогуле ў Савудаўскай Арабіі ставяцца да спорту, наколькі ён разьвіты?
(Курдзюк: ) “Апошнім часам усе схапіліся за спорт, так бы мовіць, каб самавыразіцца, бо краіна ўвогуле вельмі закрытая, тут няма ні тэатраў, нічога такога іншага. Спорт зьяўляецца адным зь відовішч для людзей, яны ідуць, каб праводзіць вольны час, паглядзець футбол, футбол тут найбольш папулярны, а потым ужо – лёгкая атлетыка, конны спорт тут добра разьвіты”.
(Карэспандэнт: ) “А менавіта лёгкая атлетыка, якой вы займаецеся, яна мае там свае традыцыі?”
(Курдзюк: ) “Лёгкая атлетыка – яна, канечне, была, але на вельмі нізкім узроўні. Толькі што можа бегуны на доўгія дыстанцыі, бо тут генэтычна яны здольныя да гэтага, людзі пустыні. Астатнія віды, у прыватнасьці – скокі ў вышыню, такія тэхнічныя віды, як розныя кіданьні і штурханьні, гэта для іх ужо больш складана і патрэбныя спэцыялісты, каб вучыць”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі цяжка было справіцца з моўнаю праблемаю?”
(Курдзюк: ) “Цяжка было на пачатку, я мусіў вывучыць ангельскую і трохі, на такім узроўні, каб растлумачыць нешта, валодаю і арабскай моваю”.
(Карэспандэнт: ) “Якіх вынікаў вам удалося дасягнуць, ці здолелі Вашыя выхаванцы авалодаць незвычным для іх майстэрствам?”
(Курдзюк: ) “Ёсьць мэдалі на арабскіх чэмпіянатах, на чэмпіянатах краін Пэрсыдзкай затокі. На апошнім чэмпіянаце Азіі мой выхаванец быў чацьвёртым, я лічу, што гэта посьпех”.
(Карэспандэнт: ) “Мэтодыка трэніровак, яна была традыцыйнай ці мусілі нешта мяняць?”
(Курдзюк: ) “Мэтодыка, канечне, павінна быць аднолькавай усюды, але ёсьць моманты, калі прыходзіцца адхіляцца і ўлічваць мясцовыя звычаі. Напрыклад, у час трэніроўкі гучыць прызыў да малітвы, спыняюцца і пачынаюць маліцца”.
(Карэспандэнт: ) “А вось спорт і жанчыны, гэта у Савудаўскай Арабіі і сёньня несумяшчальна?”
(Курдзюк: ) “У Савудаўскай Арабіі жанчына пакуль спортам ня мае права займацца. Больш таго, яна ня мае права нават прыходзіць на стадыён і глядзець спартыўныя спаборніцтвы. Увогуле, у грамадзкім жыцьці, у вытворчасьці жанчына не прымае ніякага ўдзелу, нават кіраваць аўтамабілем яна ня мае права”.
(Карэспандэнт: ) “Вядома, што Савудаўская Арабія займае асаблівае месца ў арабскім сьвеце, менавіта там знаходзіцца галоўная сьвятыня ўсіх мусульманаў – Мека. Дарэчы, якраз у гэты час там сабраліся пілігрымы з розных краінаў, якія зьдзяйсьняюць хадж – паломніцтва ў сьвятыя месцы, якое імкнецца ажыцьцявіць кожны прававерны мусульманін. Ці мелі Вы магчымасьць пабываць там, хоць паблізу?”
(Курдзюк: ) “На жаль, немусульманаў туды не пушчаюць, нават пры пад’езьдзе да Мекі ёсьць вялікі кантрольна-прапускны пункт, каля якога надпіс, што немусульмане павінны ехаць у іншы бок. Мы ня маем права туды ехаць, бо рызыкуем быць аштрафаваныя ці ўвогуле можна трапіць ў турму”.
(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у краіне хрысьціяне?”
(Курдзюк: ) “Статыстыка сьведчыць, што каля 2 адсоткаў хрысьціянаў ёсьць у Савудаўскай Арабіі, але я ніколі тут нічога ня бачыў і ня чуў, каб тут была царква”.
(Карэспандэнт: ) “Як у такім разе Вам даводзіцца спраўляцца са сваімі духоўнымі патрэбамі?”
(Курдзюк: ) “Іконку маю тут, маю Біблію з сабою, зьвяртаюся часам”.
(Карэспандэнт: ) “У вольны час звычайна чым займаецеся, як адпачываеце?”
(Курдзюк: ) “Тут няма куды пайсьці. У вольны час езьдзім на мора. Калі жонка з дачкою са мною, складана, тут жанчына ня можа распрануцца на пляжы ці купацца. Яны павінны насіць усе, нават турысты і тыя, хто мае тут дазвол на жыцьцё, традыцыйнае ісьлямскае адзеньне”.
(Карэспандэнт: ) “І Вашая жонка таксама мусіць насіць доўгую чорную сукенку?
(Курдзюк: ) “А як жа? Носіць, канечне. Яна мусіць насіць, бо, калі яна выйдзе бяз гэтай доўгай сукенкі, дык гэта небясьпечна, могуць арыштавааць мяне разам зь ёю”.
(Карэспандэнт: ) “Беларуская жанчына ў арабскім адзеньні – такое ня часта пабачыш. Паранджа таксама абавязковая?”
(Курдзюк: ) “Паранджу не абавязкова для эўрапейцаў, але хустку іншы раз могуць папрасіць апрануць, зь непакрытай галавою нельга хадзіць”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Валянцін, а да чаго так і не змаглі прывыкнуць за тры гады?”
(Курдзюк: ) “Хутчэй за ўсё, канечне, прырода. Тут няма лесу, ведаеце, кругом, як глянеш, пустыня, нейкія краявіды, якія ня цешаць. А ў Беларусь як прыедзеш! І сэрца баліць, сэрца баліць – шчыра кажу вам”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Валянцін, як часта даводзіцца з арабскай камандаю выяжджаць ў іншыя краіны?”
(Курдзюк: ) “Канечне, давялося пабываць многа дзе – у Інданэзіі на чэмпіянаце Азіі быў, езьдзілі ў Англію на трэніровачныя зборы, ня кажучы ўжо пра ўсе краіны Пэрсыдзкай затокі і Блізкі Ўсход. 5-7 разоў на год мы выяжджаем на спаборніцтвы і трэніроўкі”.
(Карэспандэнт: ) “Як бачыцца Вам здалёку сытуацыя зь лёгкай атлетыкаю ў Беларусі?
(Курдзюк: ) “Канечне, цяжка нешта гаварыць, асабліва тады, калі ты не жывеш там. У нас цудоўныя спэцыялісты. Апошнія вынікі паказваюць, што лёгкая атлетыка ў Беларусі на даволі высокім узроўні. Тая ж Яніна Карольчык – лідэр, несумненны лідэр у штурханьні ядра, чэмпіёнка сьвету, Алімпійскіх гульняў. Ужо нельга сказаць, што гэта чалавек з былога Савецкага Саюзу, яна была выхавана ў часы, калі Беларусь стала незалежнай. Гэтак жа і Натальля Сазановіч, мнагаборка. Я ведаю, што ёсьць шмат маладых атлетаў, якія абяцаюць стаць спартоўцамі высокага ўзроўню?”
(Карэспандэнт: ) “Сп. Валянцін, а сам Вы зьбіраецеся папрацаваць яшчэ дзеля прэстыжу лёгкай атлетыкі на Бацькаўшчыне?”
(Курдзюк: ) “Ведаеце, я ж не назусім сюды прыехаў. Хацелася б, канечне, папрацаваць на карысьць Беларусі, і я несумненна вярнуся, бо колькі б дзе ня езьдзіў, а дадому цягне”.
(Карэспандэнт: ) “Трэнэр па акадэмічным веславаньні Ўладзімер Лакіза нядаўна вярнуўся ў Беларусь з Кітаю, дзе працаваў з мая 1999 году. Яму тады прапанавала кантракт адна з кітайскіх правінцыяў”.
(Лакіза: ) “Я паслаў усе свае дадзеныя, і я падышоў для працы з камандаю правінцыі Хэбэй. У Кітаі раз на чатыры гады праводзіцца, як і раней у Савецкім Саюзе, спартакіяды Кітая. Усе правінцыі вельмі актыўна рыхтуюцца да гэтага”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Уладзімер, ці добрыя былі ўмовы для працы?”
(Лакіза: ) “Умовы працы былі такія ж амаль, а нават і горш, чым у Беларусі. Горшыя у тым сэнсе, што не хапала некаторых трэнажораў. Калі я прыехаў, шмат чаго перамянілася, яны купілі тыя трэнажоры, якія я прасіў. Яны вельмі хацелі, каб у мяне усё было добра, каб усё атрымалася. Усё, што я патрабаваў, яны ўсё рабілі добра”.
(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што атмасфэра для Вас была спрыяльная?”
(Лакіза: ) “Працаваць было камфортна. Я быў там як прафэсар, калі можна так сказаць. Заўсёды мне адказвалі, як Вы скажаце, так і будзе. Яны мяне ацэньвалі высока, і я думаю, што не падвёў іх. Яны вельмі дапяўна падбіраюць кадры. У мяне быў 6 месяцаў выпрабавальны тэрмін. Кожны тыдзень прыяжджалі дырэктар школы ці ягоны намесьнік і пыталіся ў маіх спартоўцаў, як трэнэр, як зь ім працуецца, што ён дае, што падабаецца, а што – не. Так было поўгады”.
(Карэспандэнт: ) “Мэтодыка падрыхтоўкі спартоўцаў мае там нейкія асаблівасьці?”
(Лакіза: ) “Кітайскія спартоўцы ў першую чаргу вучацца ў нас, там многа працавала трэнэраў з былога Савецкага Саюзу. Мэтодыка падрыхтоўкі у асноўным такая, як і ў нас, так было раней і зараз”.
(Карэспандэнт: ) “Ці задаволены вынікамі сваёй працы, наколькі пасьпяховай яна была?”
(Лакіза: ) “У мяне ўсё добра атрымалася. За гэты час у мяне адзін хлопец два разы выйграў чэмпіянат Кітаю, выйграў спартакіяду Азіі і спартакіяду Кітая. Разам зь ім выступаў і другі хлопец, яны ў двойцы былі на спартакіядзе Кітаю”.
(Карэспандэнт: ) “Калі Вы сабраліся ад’яжджаць, ці не былі Вам прапановы застацца надалей?”
(Лакіза: ) “Вельмі хацелі, каб я працаваў яшчэ чатыры гады. У мяне скончыўся кантракт, і мы абмяркавалі ўжо на наступныя чатыры гады новы кантракт”.
(Карэспандэнт: ) “Менавіта гэты новы кантракт ня даў Вам магчымасьці працаваць далей ў Кітаі, ці ўсё ж яшчэ засталіся б?”
(Лакіза: ) “Цяжка было быць далёка ад Радзімы сваёй, інфармацыйны голад”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Уладзімер, Ваш сын таксама пайшоў у спорт, ён вядомы ў Беларусі, як гандбаліст. Вы сказалі, што ён зараз у Нямеччыне?”
(Лакіза: ) “Яго запрасілі ў клюб, ён працуе, як гулец. Многа нашых спартоўцаў-гандбалістаў грае ў Нямеччыне. У нас вельмі добрая школа гандболу і ўсе замежныя клюбы з радасьцю бяруць гандбалістаў з Беларусі”.
(Карэспандэнт: ) “Як Вы лічыце, увогуле гэтая зьява, што многія спартоўцы зараз пакідаюць Беларусь і працуюць у замежжы, гэта добра ці дрэнна, неабходнасьць зарабіць кавалак хлеба ці нешта большае?”
(Лакіза: ) “Не, я думаю, што ня толькі гэта, кавалак хлеба можна зарабіць і ў Беларусі. А тое, што едуць нашы спэцыялісты ў іншыя краіны, тут ня скажаш адназначна, дрэнна гэта ці добра. У некаторым сэнсе гэта дрэнна, бо ад’яжджаюць добрыя спэцыялісты, якія маглі б наш спорт на больш высокі ўзровень падняць. Тыя трэнэры, што працуюць за мяжою, яны ўсё роўна нейкі вопыт там набываюць і, вяртаючыся назад і працуючы тут, яны робяць гэта на больш высокім узроўні. Іх запрашаюць, іх саміх знаходзяць. Тое, што яны зарабляюць нейкія грошы, думаю гэта таксама добра, гэта ж нашы людзі. Запрашаюць жа добрых трэнэраў ці спартоўцаў. Трэба, каб яны маглі забясьпечыць сабе хоць бы бліжэйшую будучыню. Я лічу, што гэта нармальна”.
(Карэспандэнт: ) “Хочацца пагадзіцца са сп. Лакізам, што беларускія спартоўцы ў замежжы – гэта ня толькі страты для краіны.
Відавочныя і набыткі – практычны досьвед працы ў замежным спартовым сьвеце, а таксама папулярызацыя добрага імя Беларусі па-за яе межамі. Паслухаем ізноў Уладзімера Лакізу, які працаваў у Кітаі”.
(Лакіза: ) “Спачатку пра мяне гаварылі, што я з Расеі, з Масквы, але я пярэчыў, што я зь Менску. Многія ў Кітаі ня ведаюць, дзе ёсьць такая краіна Беларусь. Я, вядома, гаварыў, што ў самым цэнтры Эўропы знаходзіцца такая краіна”.