Летась польскі ўрад выдаткаваў на патрэбы нацыянальных меншасьцяў 6 мільёнаў злотых ці каля паўтара мільёна даляраў.
Сёлета ў праекце бюджэту гэтыя выдаткі былі зьніжаныя аж у тры з паловай разы.
Азнаёміўшыся з праектам, прадстаўнікі беларускай, украінскай, нямецкай, славацкай, літоўскай меншасьцяў і меншасьці лэнкаў падпісалі адмысловы зварот да польскіх уладаў, у якім, у прыватнасьці, адзначылі, што ”зьмяньшэньне фінансаваньня пагражае поўным зьнішчэньнем таго досьведу, які ў справе дапамогі дзяржавы нацыянальным меншасьцям быў выпрацаваны цягам апошніх 12-ці гадоў”. Паводле падпісантаў, зьмяншэньне выдаткаў на патрэбы нацыянальных меншасьцяў, акарамя іншага, магло таксама пашкодзіць іміджу Польшчы, як краіны, талерантнай да меншасьцяў – асабліва напярэдадні ўступленьня ў Эўразьвяз.
У выніку, нягледзячы на дзесяцімільярдны дэфіцыт бюджэту, польскі Сэйм вырашыў падвысіць дзяржаўнае фінансаваньне патрэбаў нацыянальных меншасьцяў прыкладна да 1420 тысячаў даляраў на год (ці ўсяго на 5 % менш, чым летась). Як гэта ўдалося зрабіць? Гаворыць сябра парлямэнцкай камісіі ў справе нацыянальных меншасьцяў, дэпутат ад Беласточчыны Яўген Чыквін:
(Чыквін: ) “Трэба было пераконваць дэпутатаў, перадусім з камісіі фінансаў. Таксама быў шум у прэсе, якая вельмі крытыкавала зьмяншэньне выдаткаў. У рэшце рэшт, гэта не такія вялікія грошы для бюджэту дзяржавы, таму прапанова нашай камісіі да справаў нацыянальных меншасьцяў была прынятая камісіяй фінансаў”.
(Дзікавіцкі: ) “Скажыце, спадар Чыквін, ці праўда, што павелічэньне выдаткаў на нацыянальныя меншасьці падтрымаў сам прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі?”
(Чыквін: ) “Я пра гэта чуў, але неафіцыйна. Аднак, ведаючы прыхільнасьць прэзыдэнта да справаў нацыянальных меншасьцяў, думаю, што так і было”.
Гэткае рашэньне Сэйму дазволіць беларускай нацынальнай меншасьці захаваць свае пэрыядычныя выданьні: такія, як беластоцкі штотыднёвік “Ніва”, а таксама шэраг традыцыйных і добра вядомых культурніцкіх імпрэзаў, як, прыкладам, “Басовішча” ў Гарадку ці “Бардаўская восень” у Бельску-Падляскім.
Гаворыць старшыня Зьвязу Беларусаў Польшчы Яўген Ваппа:
(Ваппа: ) “Найважнейшае ў культурніцкай дзейнасьці – гэта тое, што будуць працягвацца тыя справы і праекты, якія ўжо былі раней. Бо вельмі лёгка нешта абарваць, горш – пачынаць ізноў. І яшчэ: самае галоўнае для ўсіх нацыянальных меншасьцяў – датацыі да часопісаў, бо для меншасьці часопісы вельмі важныя”.
Але, як адзначыў спрадар Ваппа, з абсалютнай упэўненасьцю гаварыць аб тым, што фінансаваньне праектаў беларускай меншасьці застаецца на былым узроўні, можна будзе прыкладна празь месяц, калі праект бюджэту канчаткова зацьвердзіць Сэнат і падпіша прэзідэнт.