Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІНЫ СЛОН У БЕЛАРУСІ ХВАРЭЕ, А РАНЕЙ ПАМЁР ПЭРСІДЗКІ ЛЕАПАРД


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Набылі зьвяроў на 3 тысячы даляраў, і яшчэ 700 трэба дзяржаве заплаціць. Жывёліны прыдбаныя за грошы гэтак званага прэзыдэнцкага фонду — у прэзыдэнцкую ж адміністрацыю і накіраваны ліст з просьбай пазбавіць заапарк гэткай пошліны. На мытні паабяцалі пачакаць адказу.

Дарэчы, прасілі ў фондзе 26 тысяч даляраў, атрымалі толькі 10 мільёнаў рублёў. Дырэктарку заапарка Цэліну Пагерылу я знайшоў у сланоўніку. Яна была у фуфайцы, дапамагала лячыць старога слана Сурака, адзінага ў Беларусі. Дапамагаюць яго ўратаваць і жыхары гораду — нясуць грошы, лекі, харчы. Дапамагаюць таксама й арганізацыі ды ўстановы — тая ж мытня дала пяць літраў сьпірту, пальчаткавая фабрыка — мех цукру. Грошы заапарк мае мізэрныя.

Гаворыць Цэліна Пагерыла:

(Пагерыла: ) “Нас фінансуе збольшага абласное ўпраўленьне культуры, аблвыканкам. І сёлета нам пакуль выдзеленыя грошы на кармы і заробкі. Аніводнага рубля не далі на бягучы рамонт. А сёлета заапарку 75 гадоў. І вельмі нізкая уваходная плата ў заапарк, на сёньняшні дзень для дарослых яна — 250 рублёў. За гэта ж нават ня купіш бохана хлеба”.

Заапарк неабходна пашырыць. Каўнаскі заапарк мае плошчу больш за 30 гектараў, гарадзенскі — менш як 3,5 гектара. Але бяз гэтага немагчыма стварыць для жывёлаў больш-менш нармальныя ўмовы. У рэальнасьці, паводле абласной праграмы разьвіцьця культуры, плянуецца ўсяго толькі капітальна адрамантаваць зьвярынец праз тры гады.

Летась шмат якія жывёлы далі прыплод, але захаваць удалося далёка ня ўсіх. Няма вітамінаў, мінэральных дадаткаў. Калгасная бульба і агародніна ўтрымліваюць нітраты, таму харчаваньне зьвяроў і птушак непаўнавартаснае, гаворыць Цэліна Пагерыла. Рыбінага тлушчу зьвяры ня мелі некалькі гадоў — вось купілі нядаўна 18 літраў і вельмі гэтаму радыя.

Не стае шмат чаго іншага. Увосень памёр пэрсідзкі леапард — застудзіў язык. Яго можна было б уратаваць, але няма адмысловай стрэльбы, каб усыпіць драпежніка. Няма грошай на стрэльбу й на камандзіроўку ў Расею, дзе навучаюць, як ёй карыстацца.

Вэтэрынарны доктар у заапарку толькі адзін, яму даводзіцца прымаць роды ў драпежнікаў ды іншых зьвяроў, але зарабляе ён усяго 70 тысяч рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG