Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД РАСЕЙСКІХ ІНВЭСТАРАЎ — ПЕРШЫЯ ПАЦЯРПЕЛЫЯ


Ігар Карней, Менск

Інвэстыцыі расейскага бровару ў менскую "Крыніцу" ўжо склалі блізу 10 мільёнаў даляраў ад 50 мільёнаў заплянаваных. Але, ігнаруючы двухбаковыя пагадненьні, кіраўніцтва менскага прадпрыемства так і не зрабіла эмісію акцыяў, а беларускі ўрад нядаўна выступіў з шэрагам новых умоваў да галоўнага акцыянэра.

У такой сытуацыі піцерскай кампаніі не засталося нічога іншага, як на неакрэсьлены час спыніць пераабсталяваньне "Крыніцы" і абвесьціць пра неабходнасьць новага раўнду перамоваў.

У прэсавай службе "Балтыкі" паведамілі, што ад'езд спэцыялістаў ня ёсьць спыненьнем усяго праекту, а толькі часовым крокам, бо патрэбныя дадатковыя кансультацыі. Зусім ня выключана, што ўжо неўзабаве ў Менск вымушаны будзе прыехаць прэзыдэнт "Балтыкі" Таймураз Балоеў, каб яшчэ раз нагадаць пра гарантыі, што летась у сакавіку даваў яму сам Аляксандар Лукашэнка.

Тым часам некаторыя аналітыкі лічаць, што беларускі бок якраз мала зацікаўлены ў спрыяньні расейскай экспансіі на эканамічнай прасторы Беларусі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка абяцаў найлепшыя ўмовы практычна ўсім расейскім алігархам, аднак ніводзін з разрэклямаваных праектаў дагэтуль ня тое што не ўвасоблены, але й не распачаты на ўзроўні праектнай дакумэнтацыі.

Натуральна, што стратныя харчовая ці лёгкая прамысловасьці цікавяць расейскіх інвэстараў менш. Галоўны прыярытэт — нафтахімічная галіна, што абяцае ў выпадку разумнай рэструктурызацыі нядрэнныя дывідэнды. Пра віды на наваполацкія "Нафтан" і "Палімір", гарадзенскі "Азот", бабруйскую "Белшыну", прадпрыемствы "Хімвалакно" ў Магілёве, Сьветлагорку і Горадні ўжо заяўлялі "Лукойл", "Ітэра", "Славнефть", "Сургутнефтегаз" ды іншыя расейскія кампаніі. Аднак прыход на сумежны рынак стрымліваецца шэрагам умоваў, якія высоўвае беларускае кіраўніцтва: маўляў, два-тры гады папрацуйце, а потым ужо будзе бачна, ці можна весьці размовы пра кантрольны пакет акцыяў.

Былы дырэктар прадпрыемства "Амкадор", эканаміст, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Васіль Шлындзікаў упэўнены, што разьлічваць на сустрэчны крок з боку беларускага кіраўніцтва расейцам пакуль не выпадае.

(Шлындзікаў: ) "Стэрэатыпы ўспрыняцьця сьвету нашым істэблішмэнтам, асабліва кіраўніцтвам краіны, не зьмяніліся. Па-ранейшаму баяцца "прадаць Радзіму". Адсюль і гісторыя з "Балтыкай": кантрольны пакет намагаюцца абавязкова захаваць у дзяржаве. А прыкладаў ролі дзяржавы ў кіраўніцтве ўжо прыватызаваных прадпрыемстваў (там, дзе няма кантрольнага пакету акцыяў), мноства. Уводзіцца залатая акцыя, зьмяняюцца дырэктары, саджаюцца ў турмы. А як кантрольны пакет у дзяржавы — то гэта звычайнае дзяржаўнае прадпрыемства.

Таму ўкладаць грошы што расейскім, што нашым інвэстарам у такія прадпрыемствы — гэта неабачлівасьць. Я нават ня ведаю, які патрэбны ціск з боку Расеі, каб нашыя кіраўнікі аддалі кантрольныя пакеты. А калі нават і аддадуць, то мала што зьменіцца: крэдытарская запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў складае звыш трох месяцаў ад аб'ёму вытворчасьці. І пры цяперашняй эканамічнай палітыцы ні ў кога ня будзе вялікіх шанцаў на посьпех".

Напрыканцы мінулага тыдня беларускі ўрад падрыхтаваў праект дэкрэту, які прадугледжвае пашырэньне правоў беларускіх інвэстараў у частцы прадастаўленьня ім гарантыяў на ўдзел у акцыянаваньні дзяржаўных прадпрыемстваў. Нечакана лібэральны дакумэнт аддае першачарговае права беларускім інвэстарам у набыцьці акцыяў падчас стварэньня адкрытых акцыянэрных таварыстваў у працэсе прыватызацыі прадпрыемстваў. Але што гэта: чарговы рэклямны трук ці крок насустрач — відаць, пытаньне рытарычнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG