Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бульбаш-хол» могуць зьнесьці


Бульбаш-хол замарожаны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00
Наўпроставы лінк

Чатыры жылыя дамы забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» мусяць быць вынесеныя за тэрыторыю ахоўнай зоны ўрочышча Курапаты.

Менскі райвыканкам прыняў пастанову аб распрацоўцы праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі ў раёне ўрочышча Курапаты. У выніку будуць удакладнены межы ахоўных зонаў Курапатаў і тэрыторыя забудовы каля ўрочышча. Такім чынам, павінен вырашыцца і лёс забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол». Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што гэты комплекс неабходна дэмантаваць.

Парушэньне межаў гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Курапаты» пры будаўніцтве забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» было выяўлена яшчэ ў лістападзе мінулага году. З таго часу будаўніцтва прыпыненае, кажуць ахоўнікі новабудоўлі:

«У сувязі з абставінамі, якія склаліся, усе працы былі спыненыя і нас абавязалі толькі кантраляваць тэрыторыю. Прынамсі да красавіка нічога тут ня будзе».

У выніку парушэньня ахоўных зонаў Курапатаў у межах урочышча апынуліся, сярод іншага, чатыры жылыя дамы, якія ўваходзяць у комплекс «Бульбаш-холу». На зварот Генэральнай пракуратуры аб ліквідацыі парушэньняў у Менскім аблвыканкаме напрыканцы году адбылася адмысловая нарада.
Неабходна разабрацца зь межамі, на якую адлегласьць, што зносіць — самі толькі дамкі ці гэтую рэстарацыю таксама

Кіраўнік управы архітэктуры Аляксей Вага: «Па выніках нарады ў Менаблвыканкаме мы прыйшлі да такой высновы, што там трэба нешта рабіць, удакладняць межы. Але пры любым раскладзе, на маю думку, гэтыя дамкі неабходна зносіць. Існуе дамова з забудоўнікамі, што гэтыя дамы будуць перанесеныя на большую адлегласьць ад Курапатаў. Зараз будаўніцтва прыпыненае. Неабходна разабрацца зь межамі, на якую адлегласьць, што зносіць — самі толькі дамкі ці гэтую рэстарацыю таксама можна зносіць. Пытаньне можа стаяць і па самой рэстарацыі. Што тычыцца адпаведнага праекту, то гэта кампэтэнцыя Менскага райвыканкаму. Яны павінны распрацаваць праектную дакумэнтацыю — праект дэталёвага пляну — з усталяваньнем межаў ахоўнай зоны і зоны рэгуляванай забудовы. Забудоўшчык даў згоду на фінансаваньне гэтых працаў, і Менскі райвыканкам, наколькі мне вядома, рыхтаваў такое рашэньне».

У Менскім райвыканкаме паведамілі, што 11 студзеня была прынятая пастанова «Аб распрацоўцы горадабудаўнічага праекту дэталёвага плянаваньня тэрыторыі» ў межах Курапатаў, Менскай аб’язной дарогі і іншых аб’ектаў. Новы горадабудаўнічы праект і мае вырашыць далейшы лёс «Бульбаш-холу», кажа кіраўнік аддзелу архітэктуры Валянцін Драздоў:

«Гэта трэба распрацаваць дэталёвы плян, каб дакладна вызначыць, дзе гэтая ахоўная зона. Хто яе ўсталяваў? Гэта проста так вырашылі — гэта ж ня мае ніякай юрыдычнай сілы. Усталявалі — дык вы ж вазьміце ў рэестры ўнясіце гэтую тэрыторыю, каб яна была нанесеная на мапы, бо як жа працаваць? Бо ставяцца знакі мэмарыяльныя, што гэта ахоўная зона, каб нейкі надпіс быў. А дзе яны? Стаяць крыжыкі — ну і няхай стаяць. А „на пальцах“ такая справа, ведаеце, ня пройдзе. Вось няхай праектанты ўсё гэта робяць афіцыйна — рашэньне ж толькі 11 студзеня прынятае. Але ж трэба разумна падыходзіць да ўсіх гэтых пытаньняў. Вунь у Менску вайсковыя могілкі — дык і дамы жылыя стаяць побач. І да могілак зона 50 мэтраў. А што, ахоўная зона — і нейкі аб’ект ня можа разьмяшчацца? Дзень нараджэньня праводзіцца, дык і сьпяваць нельга?»
А што, ахоўная зона — і нейкі аб’ект ня можа разьмяшчацца? Дзень нараджэньня праводзіцца, дык і сьпяваць нельга?

У Міністэрстве культуры, дзе ў 90-х гадах распрацоўваўся плян ахоўнай зоны Курапатаў, заяўляюць, што ўсе неабходныя ўзгадненьні і зацьверджаньні пазначаная тэрыторыя ўрочышча мае.

Кіраўнік Управы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульту Ігар Чарняўскі: «Усё гэта ў рэестры ёсьць — няхай зьвернуцца ў электронны архіў і электронную бібліятэку. У адпаведнасьці з указам прэзыдэнта ўсе матэрыялы туды перададзеныя. Гэта па-першае. Па-другое, у рашэньні Мінкультуры запісана, што пры распрацоўцы дэталёвага пляну праводзяцца ўдакладненьні. Ну, няхай распрацоўваюць дэталёвы плян, і — калі ласка — яны маюць права ўнесьці ўдакладненьні. Мы іх разгледзім і выкажам сваё стаўленьне: альбо так, альбо не. Вядома, нейкія нюансы могуць быць удакладненыя з той простай прычыны, што дэталёвы плян робіцца на картаграфічным матэрыяле большага маштабу, і ён больш падрабязны. Бо на той час рабілася на тым матэрыяле, які быў. Але калі там раптам будуць уносіцца нейкія зьмены ў зону аховы, то мы гэта будзем выносіць на разгляд навукова-мэтадычнай рады».

Гэткім чынам, ці будзе зьнесены «Бульбаш-хол» і пабудовы пры ім альбо ўсё застанецца на ранейшым месцы, будзе залежаць ад стваральнікаў новага праекту «дэталёвага плянаваньня» Таму гэтае пытаньне павінна вырашацца на агульнанацыянальным узроўні, мяркуе старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

«Гэта сапраўды праблема, і тычыцца яна ня толькі Курапатаў. Гэта тычыцца шматлікіх гісторыка-культурных каштоўнасьцяў: практычна, ніводная зь іх не занесена, яе межы ня вызначаныя ў зямельным кадастры. Гэта вялікая юрыдычная праблема. Калі браць лякальна Курапаты, то гэтае пытаньне павінна вырашацца на агульнанацыянальным узроўні. І гэтае пытаньне, у прынцыпе, можна вырашыць цягам трох-чатырох месяцаў. Пытаньне ў тым — хто гэтым будзе займацца? Бо, каб гэта рабілася, неабходна, каб гэта кваліфікавана ініцыявалася зь юрыдычнага пункту гледжаньня. І хто гэтым будзе займацца — пытаньне. Я заўсёды казаў, што ўвосень склалася такая ўнікальная сытуацыя, калі ў мяне зьявілася ўражаньне, што пры перадзеле бізнэсу і абароны Курапатаў пачнуць адстрэльваць адны адных».


View «Бульбаш-хол» ля Курапатаў in a larger map
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG