Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНАДЗЬ УГЛЯНІЦА: БОЛЬШАСЬЦЬ АФІЦЭРАЎ КГБ ВЕРЫЦЬ У САПРАЎДНАСЬЦЬ РАПАРТАЎ АЛКАЕВА І ЛАПАЦІКА


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Спадар Генадзь, за ўсю гісторыю КГБ Беларусі вы – першы перабежчык на Захад. За ўсю гісторыю саюзнага КГБ, таго монстра, які існаваў падчас СССР, вядомыя імёны і Гардзіеўскага, і Суворава-Рэзуна (праўда гэта было ГРУ), ну але вось у Беларусі вы першы. Вашыя калегі хутка пасьля вашага зьнікненьня назвалі вас трымальнікам дзяржаўных таямніцаў, і перш за ўсё гэтым яны патлумачылі сваю заклапочанасьць вашым зьнікненьнем, жаданьне вас знайсьці. Калі я рыхтаваўся да гутаркі з вамі тут у Нарвэгіі, мае калегі-журналісты пыталіся – а вось цікава, ці раскрые і можа ўжо раскрыў Угляніца нейкія сакрэты КГБ? Пыталіся таксама, наколькі верагодна, што супраць вас будуць ужытыя па прымусовым вяртаньні ў Беларусь”.

(Угляніца: ) “Што датычыць майго цяперашняга становішча, дык магу сказаць, што я атрымаў статус палітычнага ўцекача, у сувязі з чым на мяне распаўсюджваюцца ўсе тыя правы і абавязкі паводле міжнародных нормаў і законаў, прынятых ва ўсіх краінахз сьвету. Яны, у тым ліку. Падпісаныя і кіраўніцтвам Беларусі. Так што кіраўніцтву Беларусі будзе нязручна вяртаць мяне ў краіну без маёй на тое згоды. Наконт таго, што мяне назвалі трымальнікам дзяржаўных таямніцаў, то гэта так, але ведаеце, я зьбег за мяжу не для таго, каб расказваць пра дзяржаўныя таямніцы Беларусі, а для таго, каб заняцца справай і давесьці яе да лягічнага канца. Каб людзі, якія вінаватыя ў забойствах сваіх палітычных апанэнтаў і іншых людзей, панесьлі заслужанае пакараньне. Аб гэтым я размаўляў зь вельмі цікавымі людзьмі, прадстаўнікамі розных міжнародных структураў, і яны разумелі, чаму мы зьдзейсьнілі такі ўчынак, і ніхто зь іх нават не дадумаўся задаць такое пытаньне, маўляў, ці зьбіраецеся вы раскрыць нейкія сакрэты КГБ і так далей. Ведаеце, гэта пытаньне такое, што да яго трэба падыходзіць дыпляматычна. Тыя ж выведкі розных краінаў, яны ваююць паміж сабой, гэта так. Але ніводная зь іх ня будзе адкрыта рабіць нешта адна супраць адной, яны прытрымліваюцца пэўных маральна-этычных правілаў, якія не запісаныя нідзе, у ніякіх кодэксах. Гэта нармальныя цывілізаваныя адносіны паміж дзяржавамі, паміж выведкамі, паміж цывілізаванымі разьведвальнымі супольнасьцямі”.

(Навумчык: ) “Генадзь, вы былы афіцэр КГБ. КГБ – гэта арганізацыя, якая выклікае шмат пытаньняў з прычыны сваёй дзейнасьці, але на гэтыя пытаньні няма адказаў для шырокай грамадзкасьці. Вось карыстаючыся з таго, што мы зараз з вамі размаўляем, можа вы змаглі б ахарактарызаваць, што гэта за структура, якія там настроі, ці гэта аднародная структура, што за людзі там працуюць…”

(Угляніца: ) “Калі гаварыць пра тое, што зараз адбываецца ў КГБ, дык тут нельга казаць адназначна. Калі зараз нехта згадвае пра спэцслужбы і крычыць, што КГБ зьдзейсьніла наступ на нешта, там зрабіла злачынства супраць таго-сяго, гэта не адпавядае рэчаіснасьці. КГБ – гэта неаднародная структура, і людзі, якія там працуюць у бальшыні людзі сумленнныя. Калі афіцыйная палітыка кіраўніцтва Беларусі паставіла афіцыйныя рамкі працы ў КГБ, калі чалавек, скажам, ня можа адкрыта выказаць свае пачуцьці, свае меркаваньні ў коле свайго асяродзьдзя, то ў асабістых гутарках адно з адным людзі выказваюць свае сапраўдныя погляды на тую рэчаіснасьць, якая ёсьць у краіне. Дарэчы, я магу прывесьуці адзін з прыкладаў, які датычыць той справы, над якой мы непасрэдна працавалі – гэта зьнікненьні вядомых палітыкаў. Усім вядома, што напрыканцы жніўня ці там напрыканцы ліпеня зьяўляліся матэрыялы з крымінальных справаў: лісты з рапартамі Алкаева, лапаціка. Гэтыя лісты былі таксама і ў КГБ, я асабіста іх прыносіў, аддаваў свайму кіраўніцтву, іх чыталі мае супрацоўнікі. Пасьля зьяўленьня гэтых матэрыялаў і пасьля апублікаваньня іх у прэсе пачалося іх актыўнае абмеркаваньне, ці праўда гэта ці не. І калі пачалася працэдура ўжо афіцыйнага выяўленьня стаўленьня супрацоўнікаў КГБ да тых матэрыялаў, гэта выглядала так – кожны павінен быў напісаць асабісты рапарт (ці лепш сказаць тлумачэньні) па дадзеным пытаньні. Усе нашы людзі, як правіла, пісалі, маўляў, мы ня верым, што гэта праўда, гэта зьяўляецца фальшыўкаў. Дык вось пісалі пра фальшыўкі, а калі абмяркоўвалі паміж сабой, дык казалі, што ўсё гэта вельмі падобнае на праўду. Так што рабіце адпаведныя высновы з гэтага – хто як думае і працуе ў сілавых структурах”.

(Навумчык: ) “Ці ёсьць цяпер адток у камэрцыйныя структуры (як гэта раней назіралася) ці, скажам, у нейкія іншыя структуры? Ці задавальняе людзей у КГБ з прэфэсійнага гледзішча?”

(Угляніца: ) “Ведаеце, адтоку я асабіста ня бачыў, каб там кадры некуды сыходзілі з КГБ. Але тут нельга сказаць адназначна. Што я магу сказаць? У КГБ прыходзяць людзі розныя. Мэты розныя – каму працаваць, каму адбыць час… Дарэчы, магу сказаць, што зараз у КГБ недахоп кадраў, і тыя вакансіі, якія трэба запоўніць (а гэта, я думаю, некалькі сотняў чалавек), пустуюць. Людзі ня вельмі хочуць ісьці ў гэтыя структуры, і большасьць зь іх, вядома, не ідзе туды таму, што склалося ўражаньне ў народзе (і гэта падтрымліваецца працяглы час), што КГБ – гэта спэцслужба, якая парушае правы людзей, якая зьдзяйсьняе таямнічыя злачынствы, але насамрэч гэта ня так. КГБ – гэта самая прафэсійная са спэцслужбаў, што працуюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і людзі, якія там працуюць, у большасьці сваёй, гэта прафэсіяналы”.

(Навумчык: ) “А ўзаемаадносіны з астатнімі спэцлужбамі? Пішуць пра “халодную” вайну паміж Службай аховы прэзыдэнта і КГБ і так далей. Ёсьць вам што сказаць на гэты конт?”

(Угляніца: ) “Калі казаць пра Службу аховы прэзыдэнта, дык людзі, якія туды набіралі, былі пераважна вайскоўцы, былыя міліцыянты, а ад супрацоўнікаў КГБ, якія працавалі ў асабістай пахове прэзыдэнта, і ў Службе аховы, Лукашэнка пазбавіўся за апошнія 5 год амаль цалкам. Ён не трымаў ля сябе людзей, якія мелі асабістае пачуцьцё гонару і годнасьці, прысутнасьць такіх людзей была для прэзыдэнта непрымальная. Процістаяньне паміж сілавымі структурамі можна адсачыць на зьяўленьні вялікай колькасьці службаў, якія зараз вядуць спэцыяльную распрацоўку ў розных накірунках, – гэта і Служба аховы прэзыдэнта, і асабістая яго ахова, і пры Саўбезе апэратыўнаыя падразьдзяленьні, і пры пракуратуры спэцыяльныя падразьдзяленьні. Гэта значыць, Лукашэнка атачыў сябе кішэннымі спэцслужбамі, якія працуюць асабіста на яго. У той час, калі ўсе супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, якія былі створаныыя раней, давалі прысягу на вернасьць народу Беларусі, прэзыдэнт зараз хоча. Каб прысягу давалі на вернасьць менавіта яму. Таму і існуюць гэтыя паказальныя прысягі на плошчах, дзе ўсе клянуцца ў вернасьці прэзыдэнту. Але гэта ня выхад для яго, калісьці гэта адыграе адмоўную ролю, адыграе супраць прэзыдэнта”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG