Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ РАЗУМЕЮЦЬ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЧЫНОЎНІКІ, ШТО НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЛІТАРАТУРА ЁСЬЦЬ АДНЫМ СА СКЛАДНІКАЎ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ БЯСЬПЕКІ?


Валянціна Аксак, Менск

Удзельнікі: галоўная рэдактарка часопісу "Крыніца" Ала Канапелька і культуроляг і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч

21 сьнежня калегія Міністэрства інфармацыі мае разгледзець пытаньне пра зьліцьцё некалькіх дзяржаўных літаратурна-мастацкіх выданьняў у адно. Як адаб'ецца гэтае рашэньне на хадзе літаратурнага працэсу? І што яно азначае для лёсу нацыянальнае літаратуры?

(Аксак: ) "Першае пытаньне да вас, спадарыня Ала. Ці вядома вам нешта канкрэтнае, што заплянавалі чыноўнікі для вашага ды іншых літаратурна-мастацкіх часопісаў у наступным годзе?"

(Канапелька: ) "Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне адназначна, таму што яшчэ, напэўна, і самі супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі ня вызначыліся да канца ў адносінах як да нашага выданьня, так і да шэрагу іншых літаратурных выданьняў.

Міністэрства інфармацыі, відаць, таксама аказалася ахвярай фінансавага крызысу, як і наш часопіс. Яны імкнуцца захаваць выданьне, але таксама ня ведаюць, як гэта зрабіць. Аб тым, што часопісы "Крыніца", "Першацвет", "Маладосць" маюць горшыя за іншыя выданьні фінансавыя магчымасьці, ішла гаворка на мінулым тыдні на нарадзе ў намесьніка міністра інфармацыі Ліліі Станіславаўны Ананіч.

Таксама гаварылі й пра тое, як выйсьці з гэтага становішча, што будзе ў наступным годзе з гэтымі выданьнямі. У выніку да 21-га чысла, да калегіі Міністэрства інфармацыі, пастаўленая задача галоўным рэдактарам, заснавальнікам гэтых выданьняў падрыхтавацца. Рыхтуецца й само Міністэрства : пэўна, лёс наш канчаткова будзе вызначаны 21-га сьнежня. Гэты дзень абраны невыпадкова, бо гэта апошні дзень падпіскі на вышэйпералічаныя выданьні.

Часопіс "Крыніца" аказаўся ізноў пад шыбеніцай з той прычыны, што ў нас невялікі падпісны наклад. Таму я зьвяртаюся да слухачоў Радыё Свабода, ведаючы, што сярод вас ёсьць чытачы часопісу "Крыніца". Падтрымайце нас, калі ласка, у гэты цяжкі момант. Вашыя галасы, вашая падтрымка будуць для нас сур'ёзнай дапамогай".

(Аксак: ) "Маё наступнае пытаньне да спадара Акудовіча. На вашую думку, калі зьнікне "Крыніца", што гэта будзе азначаць для літаратурнага, культурнага працэсу ў Беларусі? Ці заўважыць культурнае грамадзтва, культурная эліта зьнікненьне гэтага часопісу?"

(Акудовіч: ) "Ведаеце, "Крыніца" — унікальнае выданьне. Гэта выданьне, якое карыстаецца аўтарытэтам нават у тых, у каго ўсе астатнія дзяржаўныя выданьні аўтарытэтам не карыстаюцца, у гэткіх радыкалаў ад эстэтыкі. "Крыніца" першая паяднала на сваім прасторы беларускую і сусьветную літаратуру.

"Крыніца" першая паяднала тых, хто, калі хочаце, стаіць па розных бакох барыкадаў з пункту гледжаньня ідэалёгіі, — "Крыніца" паяднала іх эстэтычна. Я думаю, што сёньня менавіта на "Крыніцы" (хай ня крыўдзяцца калегі зь іншых выданьняў) трымаецца літаратурны працэс. Гэта страшэнна істотна, бо творы самі па самі ня могуць зьявіцца без існаваньня літаратурнага працэсу. А яго ня будзе, калі ня будзе пэрыядычных часопісаў, і таму зьнікненьне "Крыніцы" — гэта ў пэўным сэнсе пачатак распаду літаратурнага працэсу".

(Аксак: ) "У інтэрвію газэце "Звязда" міністар інфармацыі спадар Падгайны сказаў, што ў Саюзу пісьменьнікаў шэсьць выданьняў і гэта, на ягоную думку, ненармальна.

Ці ня ёсьць такое меркаваньне й дзеяньні ў гэтым кірунку пачаткам адмысловай уніфікацыі літаратуры? Літаратуры, якая будзе пісаць пра адно і тое ж, літаратуры, якая будзе выконваць функцыі абслугі пры сёньняшняй уладзе. Створым, маўляў, адзін часопіс, які будзе пісаць пра ўсё "правільна", і навошта нам гэты літаратурны працэс. Спадарыня Ала, у вас не ўзьнікала такога ўражаньня?"

(Канапелька: ) "Не, такога ўражаньня ў мяне не ўзьнікала. Хутчэй за ўсё, такое рашэньне прадыктаванае фінансавымі цяжкасьцямі. Іншая справа, што такая ўніфікацыя часопісаў патрабуецца ня з боку Міністэрства інфармацыі, а, як гэта сумна ні прагучыць, з боку пісьменьніцкай арганізацыі".

(Аксак: ) "Спадар Акудовіч, а якая вашая думка на гэты конт?"

(Акудовіч: ) "Калі пад словам "уніфікацыя" маецца на ўвазе паяднаньне ў тэхналягічным пляне (скажам, агульная друкарня ці бугальтэрыя) з мэтай скараціць выдаткі — гэта адно. Але калі маецца на ўвазе ўніфікацыя эстэтычная, тэматычная, ідэалягічная, праблематычная — гэта проста жах.

Літаратура — гэта той фэномэн, які ствараецца з рознасьцяў, а не з падабенстваў. Там, дзе пачынаецца падабенства, памірае літаратура. Толькі ў сваёй множнасьці, у супярэчнасьці, у сваёй разнастайнасьці, ва ўнутранай палеміцы — эстэтычнай, інтэлектуальнай — ствараецца поле літаратуры, і вырастае нешта каштоўнае. А як толькі пачынаецца ўніфікацыя..."

(Аксак: ) "Да згаданай калегіі 21 сьнежня Міністэрства інфармацыі застаецца тыдзень. За гэты час галоўныя рэдактары павінны выпрацаваць нейкія прапановы, якія будуць прадстаўленыя на гэтай калегіі. Што будзеце Вы прапаноўваць, спадарыня Ала?"

(Канапелька: ) "Мы разглядаем розныя шляхі магчымага выйсьця. На сёньняшні дзень беларускаму літаратурнаму часопісу безь дзяржаўнай падтрымкі наўрад ці ўдасца выжыць.

Але разам з тым у мяне ўзьнікае такая думка: дапусьцім, што два выданьні зьліліся ў адно, а праз год ужо ізноў будзе стаяць пытаньне пра скарачэньне дзяржаўнага фінансаваньня... Таму думаем, шукаем сяброў паўсюль, дзе можна: і ў Міністэрстве інфармацыі, і ў Саюзе пісьменьнікаў, хаця і чуем шмат крытыкі зь іх боку".

(Аксак: ) "Усе гэтыя падзеі адбываюцца на фоне гучнага сьвяткаваньня Дзён расейскай культуры ў Беларусі, хаця ў мяне такое ўражаньне, што яны тут ніколі не сканчаліся, а таксама на фоне заявак пра падтрымку беларускай літаратуры. Дык якая ж насамрэч роля дзяржавы сёньня ў падтрымцы беларускай нацыянальнай літаратуры, спадар Акудовіч?"

(Акудовіч: ) "Ведаеце, мы вельмі часта з ахвотай кідаемся ганьбаваць і ўлады, і пэўныя структуры, і шукаць у кожным іхным руху зламыснасьць супраць беларускай нацыянальнай культуры. Ня думаю, што ўсё заўсёды так проста і так адназначна.

Спадарыня Ала слушна сказала, што міністэрства само стала ахвярай фінансавага крызысу, і яно змушанае шукаць нейкага выйсьця. Па-другое, ня ўсё так добра і ў саміх нашых выданьнях. Па-мойму, шмат дзе таксама не хапае творчасьці, энэргетыкі, не хапае пошуку новага, не хапае прафэсіяналізму па вялікім рахунку. Але...

Калі б мяне паклікалі на калегію — мяне туды не паклічуць, я б сказаў наступнае: памятайце, што Беларусь як краіна паўстала дзякуючы літаратуры, што нацыю стварыў Францішак Багушэвіч, што Беларусь стала дзяржавай дзякуючы творчасьці Купалы, Коласа, Багдановіча ды іншых.

Літаратура — адзін з асноўных фактараў стварэньня нацыі ды стварэньня дзаржавы, а ў нас — вялікая літаратура. А калі мы пачнем ліквідоўваць літаратурныя часопісы, зьнікне літаратурны працэс, а зь ім і літаратура, а за літаратурай фактычна зьнікне нацыя".

(Аксак: ) "Спадарыня Ала, што вы хочаце дадаць да гэтага?"

(Канапелька: ) "Трацячы, губляючы, багацейшымі ня робяцца. Калі дзяржава ня ў стане аказваць падтрымку беларускай літаратуры, захаваць літаратурныя часопісы, то не загіне літаратура канчаткова, але пойдзе працэс расьцягваньня агульнанацыянальнай літаратуры па рэгіёнах, адцягваньня сілаў ад магістральнага напрамку разьвіцьця культуры і літаратуры".

(Акудовіч: ) "Я хачу, каб тыя, хто будзе вырашаць лёс часопісаў, ды хто бярэ пад увагу толькі іх малы наклад, паставіліся крыху інакш да праблемы. Ніхто не патрабуе ад опэрнага тэатра, каб ён прыносіў прыбыткі, бо опэрны тэатар ад Італіі да Беларусі — гэта нацыянальная каштоўнасьць.

У любой краіне, у любой культуры ёсьць сфэры, захаваньне якіх зьяўляецца асновай захаваньня нацыянальнай бясьпекі. Гэтыя сфэры мусяць атрымліваць усё, што неабходна дзеля нармальнага іх фунцыянаваньня. Я папрашу адказных таварышаў, каб яны прыраўнялі літаратуру да тых каштоўнасьцяў, якія ствараюць нацыянальную бясьпеку краіны".

(Аксак: ) "Мы тут разважалі пра духоўныя і матэрыяльныя катэгорыі ў сфэры літаратуры. Хачу завершыць нашую перадачу ўсё ж матэрыяльнымі рэчамі: гадавая падпіска на часопіс "Крыніца" каштуе каля васьмі ўмоўных адзінак (папросту даляраў), а адзін дзень камандзіроўкі нашых чыноўнікаў за мяжу каштуе 20 даляраў. Вось і ўся арытмэтыка..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG