Беларускiя эпiдэмiёлягi сьцьвярджаюць, што прышчэпка супраць грыпу распаўсюджаная ва ўсiм сьвеце. Калi прышчэпка зробленая ў патрэбнай дозе i ў адпаведны тэрмін, то яна абараняе ад грыпу 85-90% грамадзянаў, якiм яе зрабiлi. Калi ж прышчэплены i захварэе на грып, то хвароба працякае ў лёгкай форме, зьнiжаецца рызыка пасьлягрыпозных ускладненьняў.
Пачынаць вакцынапрафiляктыку трэба менавiта цяпер, таму што для фармаваньня надзейнага iмунiтэту патрабуецца месяц. Аднак бясплатна зрабiць прышчэпку ў Беларусi, дзе прынамсi дэкляруецца бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне, змогуць толькi 4% насельнiцтва.
Мiнiстэрства аховы здароўя набыло толькi 400 тысяч дозаў вакцыны, прычым расейскай вытворчасьцi. Бясплатна прышчэпкi будуць рабiць дзецям малодшых клясаў, людзям пасьля 65 гадоў i тым, хто пакутуе ад хранiчных захворваньняў.
Нават прадстаўнiкi такой масавай прафэсii як выкладчыкi вымушаныя зьвяртацца ў недзяржаўныя мэдыцынскiя цэнтры i рабiць прышчэпку за ўласныя грошы.
Сёлета ў Беларусi толькi адзiн недзяржаўны мэдыцынскi цэнтар "Лодэ" будзе праводзiць вакцынапрафiляктыку супраць грыпу. Летась нямала цэнтраў праводзiлi такую вакцынапрафiляктыку, аднак сёлета ад такой паслугi яны адмовiлiся з прычыны ейнай стратнасьці. Напрыклад, страты сталiчнага мэдцэнтру "Авiцэнна" падчас такой кампанii летась склалi некалькi тысяч даляраў. Прынамсi гэта сьцьвярджае адна з супрацоўнiц "Авiцэнны":
(Супрацоўніца "Авіцэнны": ) "Мы пацярпелі вялiкiя страты пасьля гэтых прышчэпак, і сёлета наш цэнтар адмовiўся ад вакцынапрафiляктыкi. Летась мы прапаноўвалi францускую вакцыну. Добрая вакцына, мы нават сабе рабiлi прышчэпкi i добра ўсё пераносiлi. Але вакцына каштавала дорага, i беларусаў, якiя б ня толькi жадалi, але i маглi б зрабiць прышчэпку за грошы, было няшмат. Людзей iшло няшмат".
Дарэчы, сёлета "Лодэ", адрозна ад дзяржаўных палiклiнiк, апрача расейскай вакцыны прапаноўвае пацыентам i ейны больш якасны аналяг -— францускую вакцыну "ваксiгрып" ды бэльгiйскую "флюаракс". Каштуе замежная прышчэпка 11 тысяч 400 рублёў.
Нядаўна Мiністэрства аховы здароўя выступiла з прапановай адкрыць і ў дзяржаўных палiклiнiках кабiнэты, дзе б ахвотныя маглi зрабiць прышчэпку за грошы. Але адмыслоўцы лічаць, што зрабілі гэта занадта позна. Вось як ацэньвае сытуацыю доктар-эпiдэмiёляг Рэспублiканскага цэнтру гiгiены i эпiдэмiялёгii Людміла Мосiна:
(Мосіна: ) "Мiнiстар аховы здароўя даслаў лiст кiраўнiкам упраўленьняў пра арганiзацыю платных паслугаў у справе iмунiзацыi. Але лiст накіраваны зусiм нядаўна, а гэтая справа патрабуе шмат часу. Трэба ўсё арганiзаваць, закупiць вакцыну, атрымаць лiцэнзiю. А вакцынапрафiляктыку трэба праводзiць ужо зараз: на працягу лiстапада i ў першай палове сьнежня. Бясплатная вакцына, якая iдзе цэнтралiзавана, разьлiчаная толькi на пэўны кантынгент. А для тых, хто жадае -— павiнна быць паслуга за грошы".