Да рэфармаваньня апазыцыйных палітыкаў падштурхнулі колькі важкіх прычынаў. Агульная плятформа, якой да сёньняшняга дня карысталіся партыі, была падрыхтавана яшчэ ўлетку 1999 году. Галоўныя яе накірункі — падрыхтоўка да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Абедзьве выбарчыя кампаніі ўжо скончыліся.
Гаворыць Галіна Сямдзянава, якая старшынявала на сёньняшнім паседжаньні:
(Сямдзянава: ) "Тыя задачы ня выкананыя, але трэба дамагацца ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы. Нам трэба зьбірацца, знаходзіць агульную мову і нейкім чынам кансультавацца аб тых ці іншых падзеях, каб мы мелі пэўныя кантакты і не глядзелі адзін на аднаго як ворагі".
Цяпер галоўнай мэтай Кансультацыйнай рады сталася "ўзгадненьне дзеяньняў партыяў, накіраваных на дэмакратызацыю беларускага грамадзтва", а ў шэрагу найважнейшых задачаў на першым месцы стаіць "фармаваньне ў Рэспубліцы Беларусь прававой дзяржавы, у якой прыярытэтным кірункам будзе захаваньне правоў чалавека".
Яшчэ адна прычына рэфармаваньня — пазыцыя міжнародных парлямэнцкіх структураў, якія ясна даюць зразумець, што паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ўжо завершаныя. Цяпер менавіта Кансультацыйная рада будзе афіцыйна прадстаўляць беларускую апазыцыю на міжнароднай арэне. Мяркуецца, што гэтак будзе ўжо ў другой дэкадзе лістапада, калі ў Вільні пройдзе паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Дыскусія на сёньняшьнім паседжаньні, як і раней, тычылася галоўным чынам дзьвюх тэмаў — ці будзе пасьля рэфармаваньня Рада браць на сябе, апрача кансультацыйных функцыяў і каардынацыйныя, і ці зьменіцца ейны назоў. Некаторыя лідэры, спасылаючыся на тое, што насельніцтва нэгатыўна ўспрымае слова "апазыцыйныя", прапаноўвалі зьмяніць яго на "дэмакратычныя". Аднак была і іншая думка. Яе прадстаўляе Галіна Сямдзянава з партыі БНФ:
(Сямдзянава: ) "Я ў адрозненьне ад сваіх некаторых сяброў па аб'яднаньню не баюся слова "апазыцыя". Бо апазыцыя ёсьць таксама пазыцыяй чалавека. І ва ўсім сьвеце да гэтага людзі спакойна ставяцца. Яны ведаюць, што гэта людзі, якія маюць адрозную ад уладаў пазыцыю. Калі ў нас улада, прабачце, злачынная, дык я ганаруся, што знаходжуся ў апазыцыі да гэтай улады. І баяцца нам гэтага зусім ня трэба".
Што да каардынацыі, дык тут прадстаўнікі некаторых партыяў выказалі сумнеў наконт магчымасьці сумесных дзеяньняў, асабліва падчас новых выбараў. Зразумела, што на мясцовыя выбары, напрыклад, Аб'яднаная грамадзянская партыя і Партыя камуністаў беларуская пойдуць пад рознымі лёзунгамі. Таму згоды дасягнулі толькі пасьля таго, як абмежаваліся дамоўленасьцю каардынаваць дзеяньні на міжнароднай арэне.