Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ВЫКАЗАЎ ДЗІЎНУЮ АБАЗНАНАСЬЦЬ ЛЁСАМ КРЫМІНАЛЬНІКА “ШЧАЎЛІКА”


Ігар Карней, Менск

Аляксандар Лукашэнка распавёў, што ў самым пачатку свайго кіраўніцтва запатрабаваў ад кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў сьпісы ўсіх злачынных і крымінальных элемэнтаў, і цяпер, маўляў, адпаведны каталёг ляжыць у ягоным сэйфе. І калі хтосьці няправільна сябе паводзіць — будзе гэтак жа, як і з самым вядомым менскім крымінальнікам пачатку 1990-х зь мянушкай "Шчаўлік". Не ўдакладняючы, што з тым здарылася, Лукашэнка між іншым зрабіў выснову: адсюль у краіне парадак і ўсе задаволеныя.

Былы супрацоўнік КГБ Валер Костка кажа, што дачыненьні ўлады й крымінальных структураў вельмі спэцыфічныя. І зразумець, дзе рэальныя пагрозы, а дзе супрацоўніцтва, амаль немагчыма.

(Костка: ) "Што з гэтым "Шчаўлікам", хто зараз увогуле кіруе ценевымі працэсамі? Каб было болей інфармацыі, можна было б паразважаць. Адносіны спэцслужбаў з кіраўніком дзяржавы і наадварот — гэта для мяне ўжо больш празрыстая тэма. І мая думка тут адназначная: усім павінен кіраваць закон. Закон павінен рэгуляваць усе адносіны. У тым ліку паміж тымі, хто яго парушае, тымі, хто праводзіць спэцмерапрыемствы, і непасрэдна кіраўніцтвам краіны".

Летась у прэсавай службе КГБ мне паказалі апэратыўныя здымкі затрыманьня шэрагу крымінальных аўтарытэтаў сталіцы. Сярод іншых быў і "Шчаўлік". Але кінуць яго за краты ня здолелі, а таму, як паведаміў мне адзін з супрацоўнікаў КГБ, вывезьлі ў Расею: маўляў, мы не чапаем цябе, а ты забываеш пра Беларусь. Але ўжо празь некаторы час зьявілася інфармацыя, што "Шчаўлік" забіты ў часе чарговых разборак.

А вось што мяркуе былы супрацоўнік КГБ Сяргей Аніська, які займаўся ўласным расьсьледаваньнем абставінаў зьнікненьня крымінальнага аўтарытэта:

(Аніська: ) "Да мяне паступалі зьвесткі, якія сьведчылі пра дзьве вэрсіі: тое, што ён зьбег за мяжу, і тое, што яго зьліквідавалі на тэрыторыі Беларусі. Зразумела, тады я аб'ектыўна ня мог ведаць, хто меў дачыненьне да забойства "Шчаўліка". Гэта зараз, калі ўжо ёсьць акрэсьленыя зьвесткі пра эскадроны сьмерці, можна зрабіць высновы. І я мяркую, што яго зьнішчылі асобы, якія маюць адпаведнае дачыненьне да сілавога ведамства".

Прычынаў асабістага незадавальненьня "Шчаўлікам" з боку Лукашэнкі называецца некалькі. Адна зь іх — выбух у Менску аўтамабіля каля ўнівэрсама "Рыга", у якім ехаў блізкі да ўлады бізнэсовец. Тэракт тады прыпісалі "Шчаўліку".

Другое: незадоўга да свайго зьнікненьня ў 1996 годзе "Шчаўлік" зьявіўся на мерапрыемстве з удзелам высокіх чыноўнікаў, дзе сфатаграфаваўся з тагачасным міністрам МУС Агальцом. Калі празь некаторы час Агальцу прадэманстравалі той здымак, міністар быў разьюшаны, бо ў любы момант пра гэта мог даведацца Лукашэнка.

Дарэчы, сёлета ў чэрвені былы сьледчы пракуратуры Алег Случак распавёў пра распрацаваную ў той жа год у структуры МУС схему ідэальнага забойства і далейшае выпрабаваньне яе на крымінальных аўтарытэтах. Паводле Случака, першым, як ён выказаўся, трапіў "пад раздачу" менавіта "Шчаўлік". Пазьней зьнік яшчэ адзін аўтарытэт — "Маманцёнак". Але Сяргей Аніська мяркуе, што неўзабаве непахісныя аўтарытэты скончыліся, і ўлады перайшлі да палітыкаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG